У “Рытме” занятасці

Працоўнае лета гімназістаў.

У аздараўленчым лагеры “Чайка” 15 чэрвеня пачалася другая змена. Для большасці адпачываючых яна –   не першы сезон у любімым летніку, хаця ёсць і навічкі. Дэбютам гэта працоўная змена стане і для некаторых важатых і выхавальнікаў: 8 творчых юнакоў і дзяўчат аб’ядналіся ў педагагічны атрад пад назвай “Дзеці Макаранкі”. Сваім капітанам абралі крэатыўнага Аляксандра Стэцко –  педагога-арганізатара цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і па сумяшчальніцтве старшага выхавальніка другой змены лагера. Дарэчы, у наступнай змене ў лагеры таксама будзе свой педатрад, у склад якога ўвойдуць толькі студэнты.
У мінулыя гады ў межах другаснай занятасці падчас канікулаў і не толькі зарабіць уласныя грошы на кішэнныя расходы маглі і нашы юныя землякі. Працавалі па дагаворах, заключаных з камунгасам, лясгасам, сельгаспрадпрыемствамі. Цяпер усё больш сціпла. У камунгасе –  скарачэнне штатаў, няма грошай на другасную занятасць і ў лясгасе. І ўсё ж дзяржава не пакідае сам-насам з гэтай праблемай рабят, якія жадаюць пасля вучобы пачаць пятую працоўную чвэрць ці трэці семестр. Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла паведаміла, што з абласнога бюджэту выдаткавана 70 мільёнаў рублёў менавіта на арганізацыю другаснай занятасці нашых юных землякоў. Працоўнай зменай будуць ахоплены не толькі школьнікі, але і навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа – усяго 82 чалавекі. Каляджане зоймуцца добраўпарадкаванем тэрыторыі сваёй установы, рамонтам інтэрнатаў. Старшакласнікі гарадскіх школ, гімназіі, Крывошынскай, Тухавіцкай, Навасёлкаўскай СШ, Малагарадзішчанскага ДС-СШ – па 10 чалавек з кожнай навучальнай установы – навядуць парадак на тэрыторыі школ, зробяць дробны рамонт мэблі. Атрады ў межах другаснай занятасці пачнуць работу напрыканцы чэрвеня – пачатку ліпеня.
А пакуль у СШ № 1 і № 2, гімназіі разам з рабятамі з прышкольных летнікаў гаспадараць і наведвальнікі працоўных лагераў. Насустрач гарадскім вучням пайшлі СВК “Шлях новы” і ДП “Нача” – штодзённа, акрамя нядзелі, хлопчыкі і дзяўчынкі шчыруюць на палетках гаспадарак: полюць, збіраюць каменне. ТАА «Трансэлектракамплект» падтрымала гімназістаў, дало магчымасць зарабіць, не адыходзячы ад свайго вучэбнага месца: у кабінеце працы штодзённа з 9 да 13 гадзін старшакласнікі перамотваюць нітку і дрот, фасуюць іх. У атрадзе “Рытм” дзень пачынаецца ў 8 гадзін, а разыходзяцца дамоў рабяты у 16 гадзін: пасля змены з задавальненнем удзельнічаюць у конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, інтэлектуальных гульнях. Сустракаліся з наведвальнікамі такога ж  лагера ў СШ № 1.
Вядомы па мінулых гадах будаўнічы атрад “Флагман” размесціцца па-ранейшаму ў ЛДАКу. Юнакі і дзяўчаты будуць жыць у інтэрнаце і харчавацца за кошт каледжа. Райкам БРСМ правёў перамовы з кіраўніцтвам “Трансэлектракамплекта” і лясгаса наконт магчымасці стварэння на базе арганізацый працоўных атрадаў. “Трансэлектракамплект” ужо даў згоду, заключаны адпаведны дагавор: у ліпені 15 каляджан будуць працаваць на прадпрыемстве. Пытанне з лясгасам пакуль застаецца адкрытым.
Не адмаўляюцца ад дапамогі школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў на жніве, уборцы льну, бульбы многія сельгаспрадпрыемствы раёна.
Сітуацыя з індывідуальным працаўладкаваннем юнакоў і дзяўчат больш сумная: заявак ад наймальнікаў няма. Першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк расказала, што сфарміраваны банк даных юнакоў і дзяўчат, якія выказалі жаданне папрацаваць. Інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце Брэсцкага абкама БРСМ, накіравана на прадпрыемствы і ў арганізацыі Ляхавіччыны. На жаль, амаль усе прадпрыемствы ў нашым раёне адмовіліся ад часовых работнікаў. Тым больш непаўналетніх, наконт якіх дзейнічаюць пэўныя абмежаванні па працоўным часе і відах работ.
Так што магчымасць папрацаваць падчас канікулаў, на жаль, будзе не ва ўсіх жадаючых. Хаця, магчыма, самастойныя пошукі работы для самых настойлівых будуць больш паспяховымі, чым чаканне дапамогі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *