Дарогу адолее той, хто ідзе. Пяты Усебеларускі народны сход прайшоў 22-23 чэрвеня ў Палацы Рэспублікі ў Мінску

Дэлегаты сходу абмеркавалі вынікі рэалізацыі   Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады і асноўныя палажэнні праекта  Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 2,5 тысячы чалавек. На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Дэлегатамі форуму сталі таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў.
На Усебеларускі народны сход былі запрошаны каля   150 гасцей, у тым ліку амаль 100 – з-за мяжы.
У час правядзення пятага Усебеларускага народнага сходу была адкрыта гарачая лінія, на якую мог звярнуцца кожны жадаючы, каб задаць пытанні, выказаць пажаданні.  На яе паступіла 420 зваротаў.
На Усебеларускім народным сходзе 22 чэрвеня з дакладам выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў сваёй прамове адзначыў вынікі і перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на сучасным этапе, акрэсліў праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння. У выступленні былі закрануты таксама пытанні знешняй палітыкі Беларусі, выбудоўвання ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін з рознымі краінамі і інтэграцыйнымі аб’яднаннямі з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.
Усебеларускі сход – рэальна дзеючы механізм народаўладдзя, заявіў Аляксандр Лукашэнка ва ўступным слове на адкрыцці форуму. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Усебеларускі народны сход па праву з’яўляецца адной з важнейшых формаў прамой дэмакратыі і грамадскім інстытутам сучаснай Беларусі, які апраўдаў сябе. «Адкрытая і сумленная размова з людзьмі стала нормай жыцця для ўлады і ўсіх службовых асоб дзяржавы», – падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што дэвіз «Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь» сімвалізуе пераемнасць і згуртаванасць грамадства на карысць Радзімы.

Абараназдольнасць  і бяспека

«Гісторыя нас навучыла, што любая міралюбная палітыка павінна быць падмацавана рэальнай здольнасцю дзяржавы абараніць свой народ. Закранаючы пытанні бяспекі, я ўвесь час паўтараю тэзіс «порах трэба трымаць сухім». Наяўнасць боегатовых Узброеных Сіл, сістэмы тэрытарыяльнай абароны і эфектыўных інстытутаў забеспячэння правапарадку – гэта гарантыя міру і спакою на нашай зямлі. Але і тут я хачу падкрэсліць думку аб тым, што абаронная моц краіны абапіраецца на яе эканамічную моц і сілу духу народа», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, працягнецца аптымізацыя сілавых структур, пры гэтым адной з важнейшых задач у ваеннай сферы з’яўляецца забеспячэнне войскаў найноўшым узбраеннем і тэхнікай.

Прэзідэнт адзначыў, што за апошнія гады прыняты меры па забеспячэнні пагранічнай бяспекі краіны. «Створаная сістэма – гэта эфектыўны шчыт на шляху тэрарызму, наркатрафіку і нелегальнай міграцыі», – упэўнены беларускі лідар.

Не менш важнай дзяржаўнай задачай ён назваў абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, барацьбу са злачыннасцю.  «Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што мы здольны абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай краіны, мір і парадак у дзяржаве», – падкрэсліў  Аляксандр Лукашэнка.

Вынікі і стратэгія

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады накіра-вана ў будучыню і прадугледжвае канкрэтныя дзеянні, заявіў Аляксандр Лукашэнка: «Гэта праграма развіцця, а не застою; праграма будучага, а не мінулага; праграма дзеянняў, а не чаканняў».

«Мы цудоўна разумеем: праблемы не вырашацца самі сабой, крызісныя з’явы не знікнуць па ўзмаху чарадзейнай палачкі. Менавіта таму ў аснову праграмы пакладзены прынцыпы прагрэсу і адкрытасці. Мы робім стаўку на веды і тэхналогіі. У гэтым ключ да вырашэння бягучых праблем і руху наперад», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адна асаблівасць праграмы, паводле слоў Прэзідэнта, у тым, што яна рэальная – без лішніх абяцанняў і нездзяйсняльных планаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пяцігадовая праграма гэта таксама праграма эвалюцыі, а не рэвалюцыі. «У ёй мы цвёрда захоўваем пераемнасць нашага курсу і базавыя асновы беларускай мадэлі. Мы катэгарычныя праціўнікі радыкалізму, шоку і ломкі ўсяго і ўся. Дзяржава для народа, справядлівасць, абарона простага чалавека – гэта тое, на чым стаяла і стаяць будзе беларуская дзяржаўнасць», – заявіў беларускі лідар.

«Размова не аб нейкай кардынальнай ломцы і перабудове ўсяго. Падкрэсліваю: патрэбна ўдасканаленне таго шляху, які выбралі і па якім даволі паспяхова прайшлі першыя два этапы аднаўлення і стабілізацыі. На новым этапе нам неабходна перайсці ад «даганяючай» стратэгіі да «апераджальнай», – адзначыў  Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, каб асвоіць новыя нішы, трэба працаваць напорыста, агрэсіўна і, галоўнае, рэзультатыўна, максімальна скарачаць затраты, зніжаць сабекошт прадукцыі, эканоміць фінансавыя рэсурсы.

Аляксандр Лукашэнка таксама назваў фактары, што перашкаджаюць руху наперад: невысокая прадукцыйнасць працы, нізкая інавацыйная актыўнасць, недастаткова эфектыўная інвестыцыйная стратэгія прадпрыемстваў і цэлых галін.

«Магчымасці стымуляваць рост эканомікі ў нас ёсць, і іх не так ужо мала, як можа падацца. Але сёння ключ да поспеху – уменне канцэнтраваць намаганні і сродкі», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён заявіў, што ўсе рэсурсы неабходна сканцэнтраваць на ключавых прыярытэтах: інвестыцыях, занятасці, экспарце, інфарматызацыі і моладзі.

Інвестыцыі і інавацыі

«Паказчыкам сусветнага інтарэсу да беларускай эканомікі з’яўляецца ўзросшая актыўнасць замежных інвестараў. За апошнія пяць гадоў аб’ём замежных інвестыцый у эканоміку вырас у 2,5 раза, пры гэтым прыцягнута амаль  $11 мільярдаў на чыстай аснове», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Па памеры ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці Беларусь ужо ўвайшла ў лік краін з сярэднім узроўнем даходу. Гэты паказчык вырас з $5,2 тысячы ў 1990 годзе да $16,5 тысячы ў 2010 годзе і да амаль $18 тысяч у 2015-м.

У мінулай пяцігодцы праведзена мадэрнізацыя базавых галін эканомікі. Гэта дало магчымасць абнавіць тэхналогіі і істотна скараціць затраты на выпуск вырабаў. За 5 гадоў уведзены ў эксплуатацыю і тэхнічна перааснашчаны больш за тысячу малочнатаварных, 55 свінагадоўчых, 456 зернесушыльных комплексаў, больш як 500 птушкагадоўчых фермаў. «Уся новая тэхніка ў вёсцы айчыннай вытворчасці. Аўтаматызацыя асноўных тэхна- лагічных працэсаў сельгасвытворчасці дала магчымасць павялічыць прадукцыйнасць працы за пяцігодку ў вёсцы амаль у 1,5 раза», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, да 2020 года сельская гаспадарка павінна стаць высокаэфектыўнай галіной з узроўнем рэнтабельнасці продажаў не меншым за 10 працэнтаў і экспартнай выручкай ад $7,5 мільярда.
«Мы не толькі захавалі і мадэрнізавалі традыцыйныя галіны, але і стварылі задзел для развіцця прынцыпова новых напрамкаў – атамнай энергетыкі, касмічнай, біятэхналагічнай і іншых галін. На парадку дня – пераход да «зялёных» тэхналогій і эканомікі ведаў», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў Беларусі за 5 гадоў плануецца рэалізаваць больш як 80 буйных інвестпраектаў на $27 мільярдаў. «За кошт інвестыцый нацыянальная эканоміка павінна стаць інавацыйнай па сваёй сутнасці. У гэтым вялікі рэзерв аднаўлення яе канкурэнтаздольнасці. Таму трэба кіравацца правілам, што важнейшая сфера капіталаўкладанняў – інавацыі, гэта значыць стварэнне новай, навукаёмістай прадукцыі, канкурэнтаздольнай на сусветным рынку», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Па выніках апошняга рэйтынгу Беларусь увайшла ў дзясятку краін з эканомікай ведаў, што найбольш дынамічна развіваецца. Па намінацыі «навука і тэхналогіі» рэспубліка займае 37-е месца сярод амаль 170 краін свету.
Асновай руху наперад на сучасным этапе павінны стаць новыя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі і эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне.

Экспарт
Развіццё экспарту Прэзідэнт назваў адным з прыярытэтаў, паколькі гэты фактар у значнай ступені ўплывае на дабрабыт усёй краіны.
«Цяпер на першы план выходзіць такі аспект, як дыверсіфікацыя экспарту, асваенне новых рынкаў збыту тавараў і паслуг, – падкрэсліў беларускі лідар. – Першачарговая задача – выхад на новыя знешнія рынкі і ўзмацненне пазіцый на традыцыйных».

Сацыяльная палітыка
«У 2016-2020 гадах плануецца рэалізоўваць больш за 20 дзяржаўных праграм, пры гэтым арыенціровачна дзве трэці бюджэтных сродкаў, выдзеленых на іх фінансаванне, будуць інвесціраваны ў сацыяльную сферу. У першую чаргу – у медыцыну, адукацыю, культуру, падтрымку сем’яў, сацыяльную абарону насельніцтва», – адзначыў беларускі лідар.
Ён асабліва падкрэсліў, што ўздым эканамічных галін і рэгіёнаў важны перш за ўсё для павышэння ўзроўню і якасці жыцця людзей.
«У гэтай пяцігодцы мы пачнём рэфармаванне і сістэмнае ўдасканаленне нашай пенсійнай сістэмы. Каб не дапусціць зніжэння ўзроўню пенсій і рэгулярнасці іх выплат, спатрэбілася перагледзець тэрміны выхаду людзей на заслужаны адпачынак. Пастаўлена задача забяспечыць узровень пенсій у памеры 40 працэнтаў ад заработнай платы – сусветны стандарт», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, нельга забываць аб стварэнні зручнага асяроддзя жыццядзейнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што развіццё ўсіх звёнаў аховы здароўя знаходзіцца пад асаблівым кантролем кіраўніцтва краіны і мясцовых органаў улады. Ад стану гэтай сферы шмат у чым залежыць забеспячэнне працяглага і актыўнага жыцця людзей, залогам якога з’яўляецца здароўе.
Расходы на сферу аховы здароўя складаюць больш як 5 працэнтаў ВУП, прычым дзяржава забяспечвае іх асноўную долю. Дзяржаўная медыцына – самая прадукцыйная сістэма, якая найлепшым чынам служыць шырокім слаям насельніцтва. Сусветнай супольнасцю высока ацэнены дасягненні ў развіцці гэтай галіны.У рэйтынгу эфектыўнасці аховы здароўя «Блумберг» Беларусь заняла 47-е месца, апярэдзіўшы ЗША і Расію.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што будзе прадоўжана палітыка па падтрымцы сем’яў з дзецьмі. «У канчатковым выніку наша задача – захаваць станоўчыя тэндэнцыі нараджальнасці насельніцтва і забяспечыць дэмаграфічную бяспеку», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што крэдыты на будаўніцтва і набыццё жылля павінны быць даступнымі. «За пяцігодку мы плануем пабудаваць звыш 18 мільёнаў квадратных метраў жылля, у тым ліку 1,55 мільёна – для маючых патрэбу грамадзян, якія стаяць на ўліку», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў рэйтынгу па ўзроўні развіцця адукацыі Беларусь знаходзіцца ў групе 30 развітых краін і апярэджвае ўсе краіны СНД. Па паказчыках даступнасці адукацыі – паступленні дзяцей у школу, колькасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі – Беларусь знаходзіцца на ўзроўні высокаразвітых краін, лідзіруе па колькасці тых, хто навучаецца ва ўстановах прафесійнай адукацыі на 10 тысяч чалавек.Прэзідэнт падкрэсліў, што сістэма адукацыі не павінна быць адарванай ад эканомікі і запатрабаваў павялічваць практыка-арыентаванасць навучання.
Асобна Прэзідэнт спыніўся на пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця, фізкультуры і спорту.

Развіццё рэгіёнаў
«Мне бачыцца Беларусь праз пяць гадоў моцнай і квітнеючай, незалежнай і дружалюбнай, прыгожай і ўтульнай для жыцця людзей. Так і будзе», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Не навязваючы вам сваёй думкі, хачу заўважыць, што праект праграмы, вынесены на ўсенароднае абмеркаванне, з’яўляецца рэалістычным, улічвае нашы магчымасці і ў той жа час дазваляе значна дабавіць па ўсіх важнейшых параметрах», – сказаў Прэзідэнт.
Сённяшняя глабалізацыя, фундаментальныя зрухі ў сусветнай эканоміцы ставяць перад Беларуссю, як і перад іншымі краінамі, новыя задачы, у вырашэнні якіх ёсць розныя варыянты. «Адкрыта скажу, нам трэба выбраць лепшы з іх, каб энергічна рухацца наперад – да матэрыяльнага дастатку, духоўнага багацця, дабрабыту кожнага грамадзяніна і працвітання роднай Беларусі. Але для гэтага ў першую чаргу патрэбны адзінства і згода ў грамадстве, мір і парадак у краіне», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што краіна зможа паспяхова стварыць і развіваць новыя галіны эканомікі, для гэтага ёсць усе перадумовы. Ёсць магчымасць надаць магутны імпульс уздыму традыцыйных галін за кошт інфарматызацыі і новых тэхналогій, а таксама аптымальных метадаў кіравання. Беларусь можа стаць адным з ключавых цэнтраў прыцягнення капіталаў, развіцця лагістычнай сістэмы і ўвайсці ў лік перадавых краін свету.
«Усё залежыць ад нас, ад нашага выбару і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт. Жыццё паказвае, што мэтанакіраванасць народа можа тварыць цуды», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Занятасць
«Удасканаленне структуры эканомікі непазбежна вядзе да вызвалення залішняй колькасці работнікаў. Каб не дапусціць рэзкага скачка беспрацоўя, трэба прыняць папераджальныя меры: палепшыць работу службаў занятасці, наладзіць перападрыхтоўку спецыялістаў, спрасціць умовы ператоку рабочай сілы паміж рэгіёнамі і галінамі. І галоўнае – новыя рабочыя месцы – высокапрадукцыйныя. Іх за пяцігоддзе трэба будзе стварыць больш як 250 тысяч», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Важнейшы інструмент не толькі самазанятасці, але і творчай рэалізацыі насельніцтва – развіццё малога і сярэдняга бізнесу, упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Шляхі да мэты
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады стане асновай для прыняцця рашэнняў у далейшым, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў заключным слове на пятым Усебеларускім народным сходзе 23 чэрвеня. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праграмай толькі намечаны шляхі, па якіх краіна зможа рухацца да пастаўленых мэт. «Паколькі жыццё вельмі разнастайнае, узнікне яшчэ мноства іншых пытанняў. Нам давядзецца прымаць шмат рашэнняў за межамі гэтай праграмы, вядома, грунтуючыся на яе палажэннях», – рэзюмаваў Прэзідэнт і запатрабаваў глядзець шырэй на пастаўленыя задачы.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сход праходзіць у адказны перыяд – напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія таксама акажуць значны ўплыў на далейшы лёс краіны. «Хачу цвёрда заявіць: ніхто акрамя беларускага народа не можа вырашаць, як яму жыць, як развівацца, якім законам быць на нашай зямлі і якім будзе парламент і іншыя органы ўлады. Толькі беларускі народ будзе гэта вызначаць», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Другі дзень форуму пачаўся з выступленняў дэлегатаў і запрошаных. Яны закранулі шырокае кола тэм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Каменціруючы некаторыя выступленні, Прэзідэнт падкрэсліў галоўную ролю Нацыянальнай акадэміі навук ва ўкараненні інавацый у вытворчасць, закрануў перспектывы развіцця вёскі, выказаў свой пункт гледжання на аптымізацыю дзяржаўнага апарату, зрабіўшы акцэнт у даным працэсе на ўзмацненні выканальніцкай дысцыпліны. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў максімальна ўзмацніць у Беларусі імпартазамяшчэнне.
На форуме была зацверджана доўгатэрміновая стратэгія развіцця краіны, прыняты праграмныя дакументы на наступныя пяць гадоў, выпрацаваны асноўныя напрамкі інавацыйнага абнаўлення, мадэрнізацыі эканомікі з улікам новых сусветных тэндэнцый.
Дэлегаты аднагалосна прынялі рэзалюцыю пятага Усебеларускага народнага сходу і зварот яго ўдзельнікаў да суайчыннікаў.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу пракантраляваць выкананне прынятых на Усебеларускім народным сходзе рашэнняў, акцэнтаваў увагу на тым, што грамадзяне, якія звярталіся на гарачую лінію форуму, павінны атрымаць адказы на ўсе свае пытанні.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *