ПРАШУ СЛОВА!

Аляксандр СВІНАБУРКА, начальнік транспартнага ўчастка ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”:
– Эканоміку лічу ядром, усе астатнія пытанні і сферы жыццяўладкавання можна параўнаць з электронамі, якія вакол яго круцяцца. У рознай залежнасці, аднак, у безумоўнай і цеснай сувязі з эканамічнымі магчымасцямі краіны, рэгіёнаў знаходзіцца “сацыялка”: культура, адукацыя, навука, медыцына… Адзначу раздел Праграмы, у якім акцэнтуецца ўвага на рэгіянальнай эканамічнай палітыцы. Дэкларуецца, у прыватнасці, што асноўныя намаганні бягучай пяцігодкі будуць сканцэнтраваны на скарачэнні разбежкі ў якасці і ўзроўні жыцця насельніцтва розных рэгіёнаў. У маім уяўленні сказанае азначае паміж жыхарамі буйных гарадоў і правінцыі. Шлях да прадэклараванай мэты адзін: развіццё ў рэгіёнах эфектыўных старых, адкрыццё там новых, максімальна тэхналагічных вытворчасцяў. У першую чаргу – “завязаных” на мясцовую сыравінную базу. За вытворчасцямі падцягнуцца рознага роду сэрвісы,паскарэнне атрымае сфера паслуг, новымі яркімі фарбамі ўзбагаціцца жыццё людзей. У тым ліку і пра гэта гаварыў у сваім выступленні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Дарэчы, добрым прыкладам дзяржаўнай падтрымкі рэгіянальных вытворчасцяў можа служыць наш завод. Але іх – такіх мадэрнавых – можа і павінна быць больш. І на Ляхавіччыне, і ў іншых раёнах.

Андрэй Цямчык, мастацкі кіраўнік Русінавіцкага СДК:
– Пра тое, што моладзь – галоўны патэнцыял і будучыня краіны, на сходзе гаварыў Прэзідэнт. Гэту думку развівалі і дэлегаты. Безумоўна, многае залежыць ад нас саміх, але надзвычай важная і дзяржаўная падтрымка маладых, заахвочванне іх талентаў, ініцыятыў, прапаноў. З другога боку, моладзі трэба быць больш рашучай, актыўнай, культурнай, сваёй працай уплываць на тое, каб яшчэ ўтульней, прыгажэй, камфортней станавілася месца, дзе жывеш, вучышся, працуеш.
Згодны і з тым, што неабходна і далей рабіць усё магчымае, каб інтарэсы і будучыня маладых былі звязаны з Беларуссю. Гэтаму садзейнічаюць удасканаленая сістэма вышэйшай адукацыі і падтрымка студэнцкіх ініцыятыў – у чым пераканаўся сам, калі вучыўся ў ЛДАКу.
Для нашай сям’і надзённае пытан- не – жыллёвае. Важна было пачуць, што сярод іншых мер падтрымкі маладой сям’і захаваецца і льготнае крэдытаванне на будаўніцтва жылля.

Юрый ДЗЯМІД, настаўнік Востраўскай СШ:
– З цікавасцю і хваляваннем слухаў выступленне Прэзідэнта краіны і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Шчырая размова па сутнасці. Здорава, што ўдзельнікі форуму прадстаўлялі шматлікія сферы нашага жыцця. Асабліва прыемна, што сярод іх былі і мае калегі-педагогі, у тым ліку – з нашага раёна.
Кіраўнік дзяржавы гаварыў пра ўдасканаленне сістэмы адукацыі і практыка-арыентаванае навучанне. Пра тое, што ў школе неабходна закласці жаданне да самаадукацыі, навучыць вучыцца, выдзяляць галоўнае і важнае, каб не патануць у бурным патоку інфармацыі. Настаўнік абавязаны пастаянна імкнуцца да самаўдасканалення і павышэння прафесійнага ўзроўню, адпавядаць часу. А падручнікі павінны ствараць лепшыя настаўнікі нашай школы, а не акадэмікі, сказаў Прэзідэнт. Вось гэта правільна! Толькі настаўнік-практык можа вызначыць, што даступна вучню, у якой форме лепш падаць вучэбны матэрыял.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *