На пазітыве

Майстар лесу лясгаса Дзмітрый Канановіч, вадзіцелі РАНС Аляксей Коктыш і Віталій Жук, псіхолаг ТЦСАН Ганна Клімовіч.

У Ляхавіцкім раёне жывуць, вучацца, працуюць 4337 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года. Вельмі пра многіх можна сказаць – актыўныя, ініцыятыўныя, жыццярадасныя, мэтанакіраваныя. Іх таленты і здольнасці праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Яны імкнуцца быць у цэнтры падзей, у працы і вучобе, грамадскай дзейнасці і творчасці, спартыўных спаборніцтвах і на турыстычных сцяжынках.

З мноствам уражанняў, новых ідэй і імкненнем вырашаць пастаўленыя задачы вярнуўся з пятага Усебеларускага народнага сходу адзін з яго дэлегатаў ад Ляхавіцкага раёна, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ляхавіцкага льнозавода Дзмітрый Багушэвіч, які прадстаўляў на форуме ў тым ліку і моладзь раёна.

Раённыя арганізацыі БРСМ і “Белай Русі” аб’ядналі нямала нераўнадушных маладых землякоў. Бээрэсэмаўка, актывістка псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, намеснік старшыні раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Ганна Клімовіч шмат часу аддае валанцёрству.

– Пастаянна праводзім дабрачынныя акцыі па зборы сродкаў і рэчаў, якія потым дастаўляем ў шматдзетныя ці неўладкаваныя сем’і, дзецям-інвалідам. Пераканана, што дабрыні многа не бывае, – дзеліцца Ганна.

У поўны голас – чысты, звонкі, мілагучны – у Год культуры і не толькі заяўляюць пра сябе мясцовыя самадзейныя артысты. Залаты барытон Ляхавіччыны мастацкі кіраўнік Русінавіцкага СДК Андрэй Цямчык сёлета спыніўся ўсяго ў кроку ад запаветнай мары прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў на “Славянскім базары” ў Віцебску. У Андрэя нямала таленавітых калег сярод юнакоў і дзяўчат. Тыдзень назад сябе паказалі і іншых паслухалі ўдзельнікі абласнога фестывалю сучасных мастацтваў “Эстрадны мікс” Андрэй Пранчак, Надзея Цямчык, кіраўнік лялечнай студыі “Марыянеткі” Арцём Бадак і яе ўдзельнікі Ірына Міклашэвіч і Ілья Маслоўскі.

Хутка пачнецца жніво – гарачы час для сельгасвытворцаў. Нараўне з вопытнымі хлебаробамі майстар-клас на ўборцы зноў пакажуць і маладыя камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы зерня, работнікі зернетакоў. Летась лепшым з лепшых маладзёжных экіпажаў раёна была прызнана каманда ў складзе Андрэя Дзянішчыка і Паўла Булатага з СВК “Жарабковічы”, выдатна працавалі іх таварышы Рыгор Жук і Дзмітрый Лук’янчык. Самымі хуткімі і ашчаднымі на маршруце “поле-элеватар” былі маладыя вадзіцелі з гэтай гаспадаркі Міхаіл Праневіч і Віктар Клемяня. Сярод лепшых у раёне і вадзіцелі СВК “Ляхавіцкі”Андрэй Жэрка і Аляксандр Чабатарэнка. Галоўны аграном СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Шымкевіч прызнаны лепшым аграномам Брэстчыны. І ў жывёлагадоўлі маладыя аграрыі – дастойная канкурэнцыя сваім старэйшым калегам. Адно з пацвярджэнняў – удалае выступленне ў раённым конкурсе прафмайстэрства сярод тэхнікаў па штучным асемяненні жывёлы нядаўніх выпускнікоў ЛДАКа Максіма Нічыпарэнкі і Юрыя Клачко з “Жарабковічаў”.

Майстар лесу Ляхавіцкага лясніцтва Дзмітрый Канановіч у лясгасе працуе ўжо 6 гадоў.

– Люблю сваю работу. Лес дае сілы, настрой. У маладога чалавека хапае часу і на актыўнае грамадскае жыццё, сёлета перамог у раённым конкурсе “Сапраўдны мужчына”.

Напярэдадні Алімпійскіх гульняў нельга не ўзгадаць пра спартыўныя поспехі землякоў. Дастойна абараняюць гонар Брэстчыны і краіны легкаатлеты Ангеліна Сліва, Крысціна Гачко, Дзмітрый Равінскі, дзюдаісты і самбісты Уладзіслаў Цярпіцкі, Кацярына Мацулевіч і Кацярына Рабцэвіч, сёстры-гандбалісткі Ірына і Алена Трызны. На першынстве Еўропы па класічным паўэрліфтынгу ўраджэнка Галаўнінцаў Сняжана Зубко стала сярэбраным прызёрам ў катэгорыі “сеньёраў”.

Нашы таленавітыя зорачкі сёлетнія выпускніцы гімназіі Юлія Матчэня і Ніно Квернадзэ адзначаны прэміямі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Наватарскімі ідэямі і настаўніцкімі талентамі па-добраму здзіўляюць педагог-арганізатар цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Аляксандр Стэцко, настаўнік рускай мовы і літаратуры Востраўскай СШ Юрый Дзямід, пераможца “Педагагічнага дэбюту-2016” настаўнік геаграфіі Тальмінавіцкай СШ Аляксандр Кандрацюк.

А яшчэ маладыя з гонарам носяць форму ваенную, міліцэйскую, выратавальнікаў – ахоўваюць мір і спакой землякоў. Раёнка ўжо расказвала пра гераічны ўчынак вадзіцеляў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 РАНС Аляксея Коктыша і Віталія Жука. У Каранеўшчыне гарэў чатырохкватэрны дом. У адным з пакояў знаходзіўся пажылы інвалід. Аляксей і Віталій былі на выхадным, рамантавалі машыну ў гаражы побач. Убачыўшы дым, кінуліся на дапамогу і выратавалі мужчыну.

Шмат добрых спраў, дзёрзкіх планаў, творчых задум у нашых юных землякоў. І на раённай Галерэі славы сярод лепшых працаўнікоў Ляхавіччыны ёсць  прозвішчы маладых.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *