Купацца дазваляецца

Серада. Закончыўся працоўны дзень. Пляж на рацэ Ведзьма ў райцэнтры літаральна ўсеяны адпачываючымі. Тут і дзеці, і дарослыя, і сем’і, і кампаніі. Адны загараюць, хтосьці радуецца вадзе, іншыя бавяць час пад грыбкамі, іграюць у валейбол.
Не ўсе нават чулі, што нядаўна санэпідслужба тут і на Шчары ў Дараве абмяжоўвала купанне. Абмежаванне, выкліканае неадпаведнасцю нормам мікрабіялагічных паказчыкаў вады, распаўсюджвалася толькі на дзяцей і пратрымалася тыдзень. З 15 чэрвеня райЦГіЭ забарону зняў. На вадаёме аздараўленчага лагера “Чайка” ўзятыя пробы вады адпавядалі санітарным нормам.
Як расказала ўрач-гігіеніст Яна Санюта, з пачатку сезона ўзята 20 проб вады, з іх толькі дзве не адпавядалі нарматыўным паказчыкам бяспекі. Таму і было ўстаноўлена часовае абмежаванне на купанне.
У зоне ўвагі – афіцыйна вызначаныя рашэннем райвыканкама 3 месцы масавага адпачынку насельніцтва: пляжы на рацэ Ведзьма ў райцэнтры, на Шчары ў аграгарадку Дарава і ў аздараўленчым лагеры “Чайка”. Сажалкі Ляхавіцкая (тэрыторыя Навасёлкаўскага сельсавета), Сакуны (Конькаўскі сельсавет) і Востраў (Востраўскі сельсавет) хоць і папулярныя ў аматараў адпачываць на вадзе, але прызначаны выключна для лоўлі рыбы – іх дно не прыстасавана для бяспечнага купання. Дарэчы, купанне ў неўстаноўленых для гэтага месцах цягне накладанне штрафу ад адной да трох базавых велічынь.
…На сваім пасту на пляжы ракі Ведзьма сочыць за парадкам на вадзе матрос-выратавальнік, які на дзяжурстве з 10 да 22 гадзін. На бачным месцы – выратавальнае кола, на стэндзе – інфармацыя аб правілах паводзін ля вады, штодзень абнаўляюцца даныя з тэмпературай вады і паветра. Старшыня раённай арганізацыі Асвода Марыя Цітко заўважае, што сёлета сезон праходзіць больш-менш спакойна. Нядаўна, праўда, матросу давялося настойліва нагадаць адной маці, што дзеці ва ўзросце да 14 гадоў ля вады павінны знаходзіцца толькі ў прысутнасці бацькоў, у вадзе хлопчыкі і дзяўчынкі да 7 гадоў – на адлегласці выцягнутай рукі.
Назіраю, як маладая мамачка вучыць плаваць сына, якому крыху больш за паўтара гады. На ім выратавальная камізэлька, і хлопчык з задавальненнем боўтаецца ў вадзе.
Яшчэ адна мама адзначае, што дзецям на рэчцы падабаецца, дадому ісці не хочуць. Тым больш , што спрыяе надвор’е, вакол чыста, скошана трава, пясок падсыпаны, на вадзе буйкі. Па выхадных райпо арганізуе выязны гандаль: у аўталаўцы можна набыць марожанае, безалкагольныя напіткі, сок, пячэнне.
Праўда, не вельмі прыемна, калі суседзі па адпачынку ўпакоўку ад ласункаў і бутэлькі з-пад вады ці напітку не даносяць да ўрны са смеццем, а пакідаюць пад бокам у іншых…
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *