Дзеля законнасці і правапарадку

Дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе падтрымлівае пракурор раёна Сяргей Дзяжко.

Супрацоўнікі пракуратуры – тыя, хто выбраў справай свайго жыцця забеспячэнне законнасці і правапарадку, абарону правоў і інтарэсаў грамадзян і арганізацый, сваё прафесійнае свята адзначаць 26 чэрвеня. Пракуратура ажыццяўляе нагляд за дакладным выкананнем прававых актаў, выкананнем закона пры дасудовай вытворчасці і на стадыі расследавання, пры вядзенні аператыўна-вышуковай дзейнасці.

Сярод шматлікіх функцый пракуратуры – каардынацыя дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый у барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Прычым, вялікая ўвага надаецца прафілактыцы. Сумесна з іншымі службамі і арганізацыямі распрацоўваем меры па папярэджанні злачынстваў, у тым ліку асабліва цяжкіх. Праводзіцца актыўная работа па выяўленні неўладкаваных сем’яў, на ўлік бяруцца асобы, схільныя да супрацьпраўных паводзін. Сёлета пракуратура ўзбудзіла 3 крымінальныя справы ў дачыненні сямейных тыранаў, якія катавалі родных; падрыхтаваны 2 заявы ў суд аб прызнанні абмежавана дзеяздольнымі асоб, якія злоўжывалі спіртным і гэтым ставілі сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча; складзены 7 адміністрацыйных пратаколаў па фактах нанясення пабояў сваякам пры адсутнасці заявы пацярпелых. Лічу, што і гэтыя меры садзейнічалі таму, што з пачатку года ў раёне не зарэгістраваны забойствы (летась за гэты час іх было 2), знізілася колькасць злачынстваў, учыненых на сямейна-бытавой глебе.

Важная задача пракуратуры – папярэджанне карупцыйных праяў. Як і летась, выяўляліся факты выезду за мяжу работнікаў у перыяд рабочага часу, утойвання службовымі асобамі, адказнымі за вядзенне табеляў уліку рабочага часу, гэтых парушэнняў. Акрамя таго, службовыя асобы дапускалі парушэнні парадку размяшчэння плана дзяржаўных закупак, што таксама з’яўляецца правапарушэннем, якое стварае ўмовы для карупцыі.

Сур’ёзны накірунак работы пракуратуры – разгляд зваротаў. У 2016 годзе іх колькасць значна вырасла, у асноўным за кошт зваротаў юрыдычных асоб. Так, Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж звярнуўся з просьбай аказаць дапамогу па спагнанні з былога навучэнца, які не адпрацаваў па размеркаванні належны час, затрачаных на яго навучанне сродкаў. Пракуратура па выніках праве-дзенай праверкі накіравала ў суд іскавую заяву па спагнанні з гэтага выпускніка ЛДАКа 137 мільёнаў рублёў.

Звароты грамадзян у асноў-ным датычылі пытанняў захавання адміністрацыйнага заканадаўства і заканадаўства пры правядзенні праверак і расследаванні крымінальных спраў. У некаторых выпадках скаргі былі прызнаны абгрунтаванымі, што пацягнула меры пракурорскага рэагавання і адмену незаконнага рашэння органа дазнання.

Усе пракурорскія работнікі прыцягваюцца да падтрымання дзяржаўнага абвінавачання ў судзе. Большасць крымінальных спраў, разгледжаных судом, – крадзяжы. Абвінавачанне падтрымлівалася і па справах, звязаных з ухіленнем ад уплаты аліментаў, парушэннем правілаў дарожнага руху, учыненнем хуліганскіх дзеянняў. Не рэдкія для раёна крымінальныя справы, звязаныя з незаконнымі здабычай рыбы ці паляваннем. Напрыклад, у студзені на меліярацыйным канале каля вёскі Кулікі трое грамадзян сеткай злавілі 16 кілаграмаў рыбы, чым нанеслі навакольнаму асяроддзю шкоду больш як на 22 мільёны рублёў. Толькі ў сувязі з тым, што абвінавачваныя добраахвотна кампенсавалі ў поўным аб’ёме шкоду, з улікам іх чыстасардэчнага раскаяння і меркавання дзяржаўнага абвінаваўцы, ім было назначана пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Для найбольшага прафілактычнага эфекту пракуратура ініцыюе правядзенне выязных судовых пасяджэнняў у населеным пункце, дзе адбылося злачынства, ці на прадпрыемстве, дзе працаваў абвінавачваны.

Безумоўна, гэта далёка не ўсе накірункі і задачы, над якімі што-дзень працуе пракуратура. І сёння, напярэдадні прафесійнага свята, хочацца пажадаць усім калегам моцнага здароўя, невычарпальнай жыццёвай энергіі і аптымізму, поспехаў у прафесійнай дзейнасці.

Сяргей ДЗЯЖКО,

пракурор раёна,

саветнік юстыцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *