“Экспедытары стыхіі” на спатканні з “Чайкай” /фота/

Тайнікі адкрываліся самым уважлівым.

Жытнёвае поле, хваёвы лес з чарнічнымі палянамі – і прасёлачная дарога прыводзіць у казку, назва якой “Чайка”. У спякотны чэрвеньскі дзень дзіцячы аздараўленчы лагер сустрэў карэспандэнтаў раёнкі дзелавой мітуснёй. Насустрач бегла чымсьці ўзрушаная чарада хлопчыкаў і дзяўчынак з картай у руках. Такі ж гурт, але ўжо малодшых дзяцей, спяшаўся з іншага боку. Аказалася, у летніку праходзіць гульня на мясцовасці “Буккросінг”: за адведзены час неабходна было знайсці ў тайніках і сабраць вядомыя выказванні з кніг. Дзействам заняты ўсе – выхавальнікі, важатыя і рабяты. Пра выкананне задання дакладвалі старшаму выхавальніку Аляксандру Стэцко.
Аздараўленчая змена для 90 хлопчыкаў і дзяўчынак (сярод якіх рабяты з мнагадзетных, неўладкаваных, прыёмных сем’яў) пачалася 15 чэрвеня. А колькі ўсяго тут ужо адбылося!

Перабіваючы адна адну, дзяўчынкі з атраду “Марскія зоркі” расказвалі, як апоўначы ўсіх разбудзіў моцны гук сірэны. Сігнал паклікаў на “Зарніцу”.
– Мы вельмі хутка выканалі заданне і злавілі “дыверсанта”. Ім аказалася наш акампаніятар Валянціна Анатольеўна, – са смехам расказвае 12-гадовая Насця Ісакава.
– Я ў “Чайцы” пяты раз, а ў такой цікавай начной “Зарніцы” ўдзельнічаю ўпершыню, – дапаўняе сяброўку Аня Рахлей з Крывошына.
Дзяўчынкі пабеглі рыхтавацца да конкурсу Міс ”Чайка” – без яго, як і без “Містара”, у кожнай змене летніка ніяк нельга.
Атрады “Дынаміт”, “Тарнада” , “Марскія зоркі”, “Іскраты”, “ Землетрасенне” аб’яднаны ў “Экспедытараў стыхіі”. Аляксандр Стэцко тлумачыць: “Назва змены невыпадковая. Мы імкнёмся ў гульнёвай форме замацаваць у дзяцей правілы паводзін ва ўмовах разнастайнай стыхіі, навучыць арыентавацца ў незнаёмым месцы, калі, напрыклад, заблудзілі”.
Змена профільная, такія ж і госці-дарадчыкі. Калі яшчэ ўдасца прымераць абмундзіраванне выратавальнікаў, паглядзець на пажарную спецтэхніку і паўдзельнічаць у воднай феерыі. А “чайкаўцам” пашчасціла: да іх прыязджалі супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС разам з калегамі з Ляхавіцкага РАНС.
Запомнілася і сустрэча з дзяржаўта-інспектарамі: нагадаць правілы дарожнага руху лішнім не будзе. З нецярпеннем рабяты чакалі пазнавальнай экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчы музей Крывошынскай СШ. Любяць тут і танцы – на штодзённай дыскатэцы яблыку няма дзе ўпасці. А як зайздросна акунаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі ў водную прахалоду! Купанне строга па правілах, адно з якіх – за буйкі не заплываць. І, безумоўна, пад пільным кантролем дарослых.
– А наш трэці атрад нядаўна ў пятага выйграў у футбол з лікам 7:1. Я забіў 3 галы, – расказвае 13-гадовы бамбардзір Ілья Галаўко. Ён заўсёды побач з сябрамі Кірылам і Уладам Арбоня, Уладам Сердзюковым, Алёшай Півашам.
Увогуле, у летніку сумаваць няма калі. Абавязковае пытанне, якое задаюць бацькі, калі прыязджаюць адведаць: як вас тут кормяць? Адказ ва ўсіх адзін: выдатна.
Начальнік лагера Людміла Лешык не хавае задавальнення:
– Повары стараюцца, гатуюць смачна. Меню разнастайнае, хапае садавіны, агародніны. Спачатку працавала брыгада повараў з Тальмінавіцкай СШ, цяпер – з Ліпскай СШ. Рабятам падабаецца – і гэта галоўнае.
На варце здароўя летнікаўцаў стаяць урач Дзяніс Лапацін і медсястра Крысціна Лойка.
У суботу 2 ліпеня “Экспедытары стыхіі” завяршаюць свой сезон. Але толькі сёлетні. Многія з іх ужо збіраюцца на спатканне з “Чайкай“ у наступным годзе.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

А потым - футбол!

Настрой у лагеры – толькі выдатны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *