Ад вады да бяды часам адзін крок

На двары спякотна, купальны сезон у самым разгары. Многія нашы землякі аддаюць перавагу адпачынку каля вады. Аднак нельга забываць, што свежае паветра, сонца, купанне не толькі дастаўляюць задавальненне, служаць выдатным сродкам загартоўвання арганізма, але змогуць стаць небяспечнымі пры парушэнні правіл паводзін на вадаёмах і побач з імі.

Статыстыка гібелі людзей на вадзе трывожыць. За 2010 год у вобласці патанула 177 чалавек, з іх 9 дзяцей. 74 працэнты дарослых былі ў стане алкагольнага ап’янення.

На жаль, нягледзячы на меры прафілактычнага характару, колькасць няшчасных выпадкаў на вадзе не змяншаецца. За 6 месяцаў бягучага года на Брэстчыне патанула ўжо ў паўтара раза больш чалавек, чым за гэты перыяд мінулага года. Такія трагедыі не абмінулі і наш раён. 9 сакавіка ў канаве ў вёсцы Каранеўшчына патанула дзіця, якому яшчэ не было і трох гадкоў. 28 сакавіка з дому пайшоў 44-гадовы мужчына з вёскі Мінічы, а дасталі яго з вады толькі 2 мая. 6 чэрвеня ў вадаёме для паення жывёлы каля вёскі Тухавічы патануў  45-гадовы жыхар гэтай жа вёскі. 3 ліпеня ў кар’еры патануў 47-гадовы жыхар вёскі Ціткаўшчына. Ва ўсіх трох выпадках мужчыны былі ў стане  алкагольнага ап’янення, і бяда здарылася ў месцах, не прызначаных для купання. У пятніцу на рацэ Шчара каля в. Мыслабаж патануў жыхар г. Ляхавічы.  У суботу пайшоў з дому, а ў нядзелю знойдзены патануўшым у штучнай сажалцы вёскі Конькі 51-гадовы мясцовы жыхар. Абставіны высвятляюцца.

З 5 ліпеня па мікрабіялагічных паказчыках забаронена купанне  ў зонах адпачынку на  р. Ведзьма ў           г. Ляхавічы і р. Шчара ў  в. Дарава. Адпачываць, загараць можна толькі на беразе.

Наогул, трэба заўжды памятаць, вада можа стаць прычынай трагедыі. Каб пазбегнуць бяды, неабходна захоўваць меры перасцярогі. Перш за ўсё, недапушчальна купацца ў стане нават лёгкага алкагольнага  ап’янення. Выпіўшы чалавек пераацэньвае свае сілы і, апынуўшыся ў небяспецы, не ў стане змагацца за сваё жыццё. Не купайцеся ў адзіночку, падчас моцнага ветру ці ў цёмны час сутак.

Калі вы доўгі час былі на сонцы і вельмі разагрэліся, то перш, чым ісці ў ваду, трэба адпачыць у цяньку. Не заплывайце за папераджальныя знакі і далёка ад берага, разлічвайце свае сілы. Не падавайце лжывых сігналаў трывогі.

Не пакідайце дзяцей  каля вады без нагляду!

Асвод рэкамендуе для адпачынку выбіраць месцы, прызначаныя для гэтых мэт, выконваць усе меры перасцярогі, і тады ваш адпачынак будзе вам толькі ў радасць і на карысць здароўю.

Марыя ЦІТКО,  старшыня раённай   арганізацыі Асвод

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *