Рукі мылі? Ваду кіпяцілі?

Кішэчныя інфекцыі, якія сустракаюцца ў любую пару года, свой найбольшы ўсплеск маюць мена-віта тады, калі пачынаецца спякота. Сёлета людзі ў многіх краінах свету на працягу некалькіх месяцаў  сачылі за эпідэміялагічнай сітуацыяй па эшэрыхіёзе ў Еўропе. З-за ўспышак халеры ва Украіне  Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь рэкамендуе сваім грамадзянам пакуль устрымацца  ад паездак для адпачынку на Азоўскае мора. На шчасце, нашу краіну гэтыя небяспечныя інфекцыі не закранулі. Аднак, супакойвацца не варта: лета, а з ім  гарачыня ў самым разгары.

Як паведаміў урач-інфекцыяніст РЦГіЭ Васілій Скараход, з пачатку лета 11 жыхарам раёна спатрэбілася медыцынская дапамога пасля таго, як яны падхапілі кішэчную інфекцыю. Захварэлі ў асноўным дзеці ва ўзросце да 14 гадоў. Усе выпадкі не ўзаемазвязаны, але, нягледзячы на гэта, санэпідэмслужба праверыла  сем’і захварэўшых, а таксама дашкольныя ўстановы, якія наведвалі дзеці.  Прычына інфекцый – незахаванне элементарных правіл гігіены і ўжыванне сапсаваных прадуктаў. Сярод хворых на кішэчную інфекцыю, напрыклад,  жанчына, якая, перш чым з’есці купленую ў магазіне вараную каўбасу, насіла яе амаль цэлы дзень у сумачцы…

Штотыднёва супрацоўнікі райЦГіЭ правяраюць прадпрыемствы гандлю на захаванне тэмпературных рэжымаў у вітрынах, а таксама на правільнае  таварнае суседства. Па словах  Васілія Скарахода, праверана 32 магазіны розных формаў уласнасці, у 10 з іх выяўлены  парушэнні санітарна-гігіенічных правіл. Маніторг будзе працягвацца і далей.

У барацьбе з кішэчнымі інфекцыямі галоўная зброя – прафілактыка. Як нагадаў  Васілій Скараход, неабходна не забываць пра асабістую гігіену, асобна захоўваць сырыя прадукты і прыгатаваную страву, добра праварваць-прасмажваць ежу, прытрымлівацца тэмпературы захавання прадуктаў, ужываць толькі бяспечную ваду (гатаваную ці бутыляваную) і не забывацца пра мыццё рук.

Купацца можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, дзе санэпідэмслужба  дае дазвол на купанне.

Калі ўсё ж заражэння не ўдалося пазбегнуць і з’явіліся першыя сімптомы кішэчнай інфекцыі (ірвота, вадкі стул, павышэнне тэмпературы цела, болі ў жываце), неабходна звяртацца за медыцынскай дапамогай, а не займацца самалячэннем, каб пазбегнуць цяжкіх формаў кішэчных інфекцый.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *