Паспелі суніцы. Кропка на карце Ляхавіччыны: Мінічы

Што гэта прыгожы край – вядома даўно. Як і тое, што тут жывуць шчырыя людзі, слаўныя працай, самабытнымі талентамі. Спрадвеку ў Мінічах хлеб вырошчвалі, рыбу лавілі, плялі кошыкі, нехта майстраваў вазы, рабіў вупраж для коней, быў тут нават свой каваль. Жанчыны ткалі посцілкі, “перабіраныя, у 150 ніткоў” – з рознакаляровымі кветкамі і ўзорамі. Берагі Шчары іншы раз здаваліся паласатымі ад саматканага зрэбнага палатна, якое кабеты вымочвалі ў ранішніх росах і рачной вадзе, білі яго “пранікамі”, а пасля сушылі на зялёнай траве-мураве. І, дзіва, яно нейкім цудам ператваралася ў белае. З яго рабілі ручнікі, абрусы, а пасля вышывалі.

Тыя ўзоры можна параўнаць хіба з фарбамі, што ліпеньскім ранкам іншы раз пашчасціць угледзець на ўсходнім краі неба, якое дакранаецца да рачной гладзі…Старэйшыя вяскоўкі ўспамінаюць, што незвычайным яно было і раніцай 22 чэрвеня 1941 года… Вёска трапіла пад фашысцкія кулі ў першыя дні вайны, калі ішлі баі на Шчары, якая стала сур’ёзнай перашкодай на шляху варожых войскаў. Цяжкія гады акупацыі, а пасля – доўгачаканае вызваленне, якое жыхары Мінічаў сустракалі па-асабліваму. У кожным двары гаспадары вывешвалі хоць кавалачак, хоць стужачку чырвонай тканіны – сімвал пераможнага сцяга. Шчаслівыя тыя, хто дачакаўся з вайны сваіх сыноў, мужоў, братоў. А многія атрымалі жалобныя трохкутнікі. Гаравалі, памяталі і жылі, гадавалі дзяцей, радаваліся, што на свабоднай зямлі.

А малеча мініцкая, тая, пра якую гавораць “дзеці вайны”, прагнула навукі. Пасля заканчэння пачатковай школы бегалі за 8 кіламетраў у суседнюю Мядзведзіцкую. З першых пасляваенных тутэйшых выпускаў 32 юнакі і дзяўчыны паступілі вучыцца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сталі знакамітымі вучонымі прафесар, Заслужаны работнік адукацыі Мікалай Плескацэвіч, доктар гістарычных навук Анатолій Жытко, дацэнт, кандыдат эканамічных навук Іван Бычкоўскі.

Раслі тут хлеб і лён, і жывёлагадоўля давала неблагі прыбытак мясцоваму племзаводу “Ганчароўскі”. А вёска ўсё больш разбудоўвалася, прырастала насельніцтвам. Як прыгадвае былая свінарка мясцовай гаспадаркі Марыя Юруць, асаблівы росквіт Мінічаў прыпадае на час, калі сельгаспрадпрыемства ўзначальваў Іван Русенчык.

– Кіраўніком быў адукаваным, строгім, патрабавальным. І вельмі клапаціўся пра людзей, – успамінае Марыя Пятроўна. – Малочнатаварная, свінафермы, адкормачнік, канюшня – работы хапала ўсім, і заробкі былі добрыя. Людзі будавалі новыя дамы, вучылі дзяцей, спраўлялі вяселлі, народзіны.

– Ды і весела было ў нас, – падключаецца да размовы Пелагея Карпук. – Працавалі клуб, пошта, ФАП, школа, бібліятэка. Усе вяскоўцы трымалі па 2-3 каровы ў двары, свінні, розную птушку. Як выганім на пашу – 3 чаргі рагуль налічвалі. А яшчэ маёўкі ладзілі, спявалі. Надвячоркам плыла над Шчарай песня, а на гармоніку граў мой муж – патомны музыка, бо і дзед яго граў, і брат…

Сёння ў Мінічах самае папулярнае месца – магазін. Тут, дарэчы, можна купіць усё неабходнае: прадукты харчавання, ёсць секцыя гаспадарчых тавараў. Загадчыца гандлёвай кропкі Алена Васільева якраз абслугоўвала пакупніцу Валянціну Прыхач.

– Усё ў нас ёсць, а калі чаго не хапае, заўсёды можам заказаць – прывязуць, – адзначыла вяскоўка. – Наогул, лічу, што сёння пенсіянерам жывецца добра: пенсію атрымліваем рэгулярна, у магазінах усё, што пажадаеш. Па панядзелках прыязджаюць у вёску ўрач, медсястра. Зручна вяскоўцам дабірацца да райцэнтра: у сераду заязджае аўтобус, і ў 9 гадзін, калі трэба, ты ўжо ў горадзе, а ў 16 – дома. Каб яшчэ можна было некалькі дзясяткаў гадоў скінуць з плячэй, а то ўсе навокал пажылыя, – жартуе жанчына і дадае: – А якія прыгожыя мясціны ў нас, жывём, можна сказаць, на курорце.

Завіталі мы і да тутэйшай майстрыхі- вышывальніцы Марыі Папчэня. Яна сама малюе ўзоры, на кветкі глядзіць, нібы зачараваная. А пасля пад рукамі Марыі Канстанцінаўны ажываюць яны на ручніках, сурвэтках, абрусах, занавесках і прасцінах. Сабе, дзецям, унукам і праўнукам, суседзям і добрым людзям вышывала, і сёння яе хата ззяе ўсімі колерамі вясёлкі.

Муж у Марыі Канстанцінаўны добры гаспадар, каня трымае. Яшчэ адна конская сіла ёсць на падворку старасты вёскі Леаніда Кузняцова. Па сутнасці, яны ўдвох і дапамагаюць вяскоўцам (асабліва вясной), за што маюць асаблівую пашану.

…Пакуль спякота не даймала, пажылыя кабеты на лавачках ля плота з цікавасцю назіралі за вясковым жыццём. Ніна Каваленка накіравалася да суседкі Дануты Кальчанка. Нагода прыемная: сусед, які хадзіў у лясок нарэзаць венікаў, паведаміў, што паспелі суніцы і чарніцы. У Дануты Паўлаўны якраз сын прыехаў з Мінска, паабяцаў падвезці ягадніц да лесу. Хоць і спяшаліся сяброўкі, прыпыніліся, разгаварыліся пра жыццё-быццё. Нягледзячы на ўзрост, маюць агароды, адной бульбы 10 сотак пасадзіла Ніна Піліпаўна, памідоры добра растуць, агуркі. Муж Яўгеній Мікалаевіч яшчэ і кошык спляце, і дрэўка паставіць у матыку. Некалі абедзве жанчыны працавалі на ферме, а ў вольны час ткалі кросны, вышывалі. А калі ў вёсцы ладзілася вяселле, пяклі караваі. У Дануты Паўлаўны і сёння стаіць печ (адна такая на ўсю вёску), у якой змяшчаецца вялізарная бляха з караваем.

–Дзякуй Богу, заўсёды ўдавалася печыва: цеста добра падыходзіла, выразнымі атрымліваліся ўпрыгажэнні – кветкі, пташкі, бочачкі “з віном” – усё, што сімвалізавала шчаслівае жыццё маладых, – разважае жанчына.

Данута Паўлаўна лічыць: іменна таму, што ўсім жадала добрага жыцця, шчаслівым яно склалася і ў яе. Мае сям’ю 26 чалавек: дзеці, унукі, праўнукі. Клічуць да сябе бабулю ў горад, але не хоча яна пакідаць родную хату, у якой і радавалася, і гаравала, а цяпер заўсёды ў чаканні дарагіх гасцей.

Пакідалі мы вёску, поўныя ўражанняў. На вуліцы Цэнтральнай не змаглі не прытармазіць ля прыгожага дагледжанага доміка, двор якога патанае ў чырвоных ружах. Аказалася, што гэта дачнікі: у мінулым лётчык Юрый Сяргеевіч “прызямліўся” тут з сям’ёй ужо каля 3 дзясяткаў гадоў назад. У Мінічах выраслі дзеці, унукі, растуць праўнукі. Сам пасадзіў сад, дагледжаны агарод. Але галоўнае, лічыць ён і аўтарытэтна заяўляе ўнучка, якая працуе ў Мінску эколагам: самае чыстае паветра – у Мінічах, самыя прыгожыя краявіды – таксама тут, у вёсцы над Шчарай-ракой. А ў лесе і маладым хвойніку, што за вёскай, растуць баравікі – хоць касой касі.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Марыя Папчэня.

Па-суседску мы жывём: Ніна Каваленка, Яўгеній Лісок, Данута Кальчанка.

Пелагея Карпук і Марыя Юруць.

Дачнікі Юрый Сяргеевіч і Галіна Леанідаўна.

Прафесар Мікалай Плескацэвіч рыхтуе дровы летам.

Мікалай Юруць – рыбак са стажам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *