Хіба на вечар той можна забыцца…

І праз дзесяцігоддзі для любімай настаўніцы Соф’і Васільеўны Хмарук мы – вучні.

Прыгожа, чулліва, урачыста, жыццесцвярджальна – слоўная палітра багатая, але нават яе багацце цьмянее перад феерверкам эмоцый, што перапаўняюць душу ад сюжэта, назва якога – рэспубліканскі баль выпускнікоў. Усё жыццё наперадзе, усе адкрыцці, спраўджаныя мары, узятыя вяршыні! Яны, абраннікі часу, будуць ужо заўтра ствараць яго аздабленне, яго змест.

Толькі праз дзесяцігоддзі прыйдзе ўсведамленне таго, наколькі важная гэта падзея і незабыўная, сэрцу дарагая – баль, якім завяршаюцца школьныя ці інстытуцкія старонкі жыцця.
Мае аднакласнікі, выпускнікі 1971 года СШ № 1 г. Ляхавічы могуць зацвердзіць гэта праз “круглыя” сорак пяць. Няўжо сорак пяць развітальнаму вальсу і світанку, што сустракалі ўсе разам, і загаданым патаемным жаданням, і марам, пра якія гаварылі ўслых ці трымалі ў сакрэце ў самай надзейнай схованцы – у сэрцы?
Пашанцавала нам на школу і настаўнікаў, пашанцавала на сапраўдных сяброў –  і сапраўднасць гэту пацвердзіў час. Мы і сёння адчуваем не прапісаную ў метрыках роднасць. Сустракаемся, няхай не так часта, як хацелася б, тэлефануем адзін аднаму, радуемся шчаслівым акалічнасцям, суперажываем – калі наадварот.
Бываем і ў школе, напрыклад, віншавалі яе са 140-годдзем,  не раз збіраліся на вечарах сустрэчы. Адчуваем сябе выключна вучнямі, калі бачымся з нашымі любімымі настаўнікамі, найчасцей – з Іванам Фамічом Купрыкам, Соф’яй Васільеўнай Хмарук.   І ці не радасць велізарная – гэта адчуванне праз сорак пяць гадоў пасля выпускнога.
Многае ў жыцці спраўдзілася. З нашага выпуску выйшлі педагогі і будаўнікі, эканамісты і бухгалтары, работнікі гандлю і сельскай гаспадаркі.  Шура Агафонава стала архітэктарам, Валянціна Жарабцова – урачом, Людміла Гардзеева – інжынерам-тэхнолагам лясной гаспадаркі, Людміла    Бацечка і Тадэвуш  Бурвель працавалі ў Белкаапсаюзе. А Леанід Цупрык – намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. І менавіта з ім сёлета ў чэрвені пасля раённага выпускнога балю разам з сённяшнімі выпускнікамі  па знаёмым маршруце накіраваліся ў сваю   СШ № 1, каб сэрцам павітаць: дзень добры, школа, ты па-ранейшаму маладая і мудрая, ня-зменна поўная творчых сіл і мараў, ведаў, адкрыццяў і  натхнення.
Адрас заўсёднай любві – родная школа, адрасаты бязмежнай пашаны – настаўнікі, шчырага ўпадабання – аднакласнікі. Усё разам гэта вялікі кавалак шчасця, без чаго і без каго яно было б няпоўным і прэсным. А тут – у множным ліку, насуперак моўным аксіёмам. І вы, сённяшнія выпускнікі і заўтрашнія-паслязаўтрашнія, гэта абавязкова адчуеце!    І чым далей ад выпускнога, тым больш выразным будзе адчуванне.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота з архіва «ЛВ».

Родную школу, любімых педагогаў, аднакласнікаў на юбілейнай сустрэчы вітаў адзін з выпускнікоў СШ № 1 Леанід Цупрык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *