Мужнасць Залужжа

У  двух  кіламетрах ад Крывошына на ўскрайку лесу беражліва ахоўваюць елкі і сосны сціплую  магілу.  Тут свой апошні  прытулак знайшлі  шасцёра мірных жыхароў вёскі Залужжа, расстраляных гітлераўцамі  ў 1942  годзе.

Залужжа – адзін з 9086 населеных пунктаў, якія ў час Вялікай Айчыннай вайны былі спалены фашыстамі. На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна такіх сясцёр Хатыні 13.  У чэрвені 1941 года ў Залужжы было 106 двароў і 689 жыхароў –  малых, дарослых, старых. Хто мог пайшлі на фронт змагацца з ворагам. Вярнуліся не ўсе, 24 вяскоўцы загінулі, прапалі без вестак. Іх прозвішчы сярод іншых прозвішчаў герояў-землякоў змешчаны ў кнізе “Памяць” – гісторыка-дакументальнай хроніцы раёна.

Залужжа і падчас акупацыі прадаўжала жыць, многія вяскоўцы дапамагалі партызанам, дзяліліся з імі апошнім: прадуктамі харчавання, адзеннем, перадавалі па магчымасці медыкаменты, былі сувязнымі.

У краязнаўчым музеі Крывошынскай СШ захоўваюцца занатаваныя ўспаміны сведкаў падзей мая 1942 года, калі фашысты ўварваліся ў вёску, схапілі шасцярых чалавек, якіх абвінавацілі ў сувязі з партызанамі, і павезлі ў Ляхавічы… Жыхары суседніх вёсак чулі стрэлы, бачылі, што з лесу выехала пустая машына. Там і знайшлі расстраляных. На невялікай палянцы пахавалі Васіля Анатольевіча Бацкалевіча, Уладзіміра Паўлавіча Выдрыча, Міхаіла Антонавіча Выдрыча, Андрэя Іосіфавіча Мішкевіча, Мікалая Міхайлавіча Мішкевіча, Канстанціна Антонавіча Новікава. Старэйшаму было 42 гады, малодшаму – усяго 21.

На брацкай магіле ўстанавілі мемарыяльную дошку з надпісам: “Вечная памяць жыхарам вёскі Залужжа, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Май 1942 года”. І далей пералічаны прозвішчы расстраляных. 3 мая 1979 года тут быў адкрыты помнік.

Расстрэл на ўскрайку лесу стаў пачаткам жудаснай расправы над мірнымі жыхарамі Залужжа. Фашысты адну за адной арганізоўвалі аблавы на вяскоўцаў. Не шкадавалі ні старых, ні малых. Сярод расстраляных – 73-гадовыя Ганна і Ефрасіння Бацкалевіч, 83-гадовы Канстанцін Бацкалевіч, 33-гадовы Канстанцін Мішкевіч,16-гадовая Марыя Мішкевіч… 38-гадовую Аляксандру Мішкевіч каты зажыва спалілі на хутары каля Залужжа за сувязь з партызанамі. Вера Навікевіч, Герасім Чаранкевіч былі забіты за тое, што іх сваякі трымалі сувязь з народнымі мсціўцамі. У сакавіку 1943 года гітлераўцы спалілі вёску дашчэнту. У агні згарэлі і людзі – тыя, хто не паспеў уцячы ў лес…

Вучні і настаўнікі Крывошынскай СШ беражліва захоўваюць шматлікія звесткі пра гераізм землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў мясцовым музеі, клапоцяцца пра помнікі не толькі ў сваёй вёсцы, але і пра тую брацкую магілу ў двух кіламетрах ад Крывошына (на здымку).

У аддзеле адукацыі, спорту і  турызму райвыканкама распрацаваны двухдзённы турыстычны маршрут Ляхавічы-Свяціца-Залужжа-Ліпск-Крывошын-Ляхавічы працягласцю 81 кіламетр. І чарговая экскурсійная група збочыць з дарогі ў лес, па невялікай сцяжынцы пройдзе некалькі дзясяткаў метраў, каб хвілінай маўчання ўшанаваць памяць пра шасцярых з мільёнаў ахвяр той шматпакутнай вайны.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *