Здаровыя прыярытэты

Мне выпаў гонар  удзельнічаць у пятым Усебеларускім  народным сходзе.  Быць адным  з 2500 дэлегатаў прадстаўнічага форуму – не толькі пачэсна, але і надзвычай адказна.  Дамоў вярталася з мноствам эмоцый. Пачутым і ўбачаным не цярпелася падзяліцца з землякамі. Пра работу сходу, пра два незабыўныя дні ў Мінску,  у  першую чаргу  расказала сваім калегам. У актавай зале райбальніцы сабраліся  ўрачы, сярэдні і малодшы медыцынскі персанал.
Праграма Усебеларускага сходу была вельмі насычанай.  Галоўная падзея – выступленне   Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік краіны  акрэсліў  не толькі  здабыткі і поспехі ў розных  галінах за мінулую пяцігодку, але прыгадаў і тое з  намечанага, што, на жаль, не ўдалося выканаць, над чым яшчэ належыць сур’ёзна працаваць.   Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны  на 2016-2020 гады – арыенцір, мэта, якую неабходна дасягнуць. Шмат увагі ўдзелена  развіццю сацыяльнай сферы: адукацыі, навукі, аховы здароўя, культуры і спорту.
Трэба адзначыць, што і ў сістэме аховы здароўя грандыёзныя планы на заўтрашні дзень.  Надзвычай важна, што медыцына па-ранейшаму застанецца для насельніцтва даступнай – якасную дапамогу можна атрымаць бясплатна.  Разам з тым пашырыцца і пералік платных медпаслуг, якімі пры жаданні  можна скарыстацца. Самыя сучасныя метады лячэння і дыягностыкі павінны стаць  звычайнай практыкай для абласных  і раённых бальніц. У краіне для гэтага ёсць неабходнае медыцынскае абсталяванне, падрыхтаваны высокакласныя кадры.  А яшчэ – будуюцца новыя медыцынскія цэнтры, рэканструююцца бальніцы і амбулаторыі, набываецца сучаснае абсталяванне.. Усё гэта заклікана працаваць на агульную мэту – палепшыць здароўе насельніцтва і, адпаведна,  дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.
Фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы аховы здароўя, у тым ліку ўвядзенне ў практыку электроннай карты пацыента, дасць магчымасць паскорыць і палепшыць медабслугоўванне, дазволіць больш  эфектыўна  праводзіць маніторынг стану  здароўя хворых. Паэтапнае  пашырэнне  ўчастковай службы па прынцыпе ўрача агульнай практыкі – адна з задач для медыцыны. Безумоўна, што аснова асноў здароўя – лад жыцця. Пра гэта таксама гаварыў Кіраўнік дзяржавы. Трэба больш актыўна прывіваць дзецям і дарослым здаровыя звычкі, жаданне зай-мацца фізкультурай. І пачынаць кожнаму трэба з сябе. Гэта, дарэчы, датычыць не толькі згаданых пытанняў і сферы аховы здароўя.
Ала ТУРКІНА,
галоўная медсястра цэнтральнай раённай бальніцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *