Зерне на далоні. Першымі ў Ляхавіцкім раёне распачалі жніво хлебаробы ЗАТ “Белпрампрыбор”

Вось і дачакаліся новага хлеба. На далонях намесніка дырэктара ЗАТ “Белпрампрыбор” Андрэя Вараб’ёва зярняты азімага ячменю – цвёрдыя, добра выспеўшыя, налітыя сонцам:

– Не прагадалі, што пасеялі восенню 90 гектараў гэтай культуры. Нягледзячы на засуху, ячмень паспеў набраць патрэбную колькасць вільгаці для паўнацэннага развіцця зерня – колас важкі.

Першыя намалоты пацвердзілі словы Андрэя Ціханавіча: з кожнага гектара – 50 цэнтнераў збожжа. Аднак наконт астатняй хлебнай нівы, якая сёлета займае ў сельгаспрадпрыемстве 950 гектараў, меркаванні больш асцярожныя. Агранамічная служба гаспадаркі заклапочана тым, што засушлівае надвор’е можа адмоўна адбіцца на развіцці і выспяванні іншых збожжавых культур. Дождж патрэбен.

Збожжаўборачны агрэгат, на якім старшым камбайнерам Вадзім Зубік, камбайнерам Віталій Івашка (на здымку), робіць круг за кругам па ячменным полі, пакідаючы за сабой роўна высланы шлейф абмалочанай саломы. Сухую, залацістую, яе тут жа прасуюць у вялізарныя цюкі два прэспадборшчыкі. На вачах мяняецца наваколле: цяпер ля Галаўнінцаў тыповы летні збожжаўборачны пейзаж: залацістая пожня з рассыпанымі рулонамі саломы. Пакуль такога больш не ўбачыш нідзе ў раёне. Ад гэтай хлебнай прыгажосці радасна, асабліва, калі глядзіш на паток зерня, што сыплецца ў кузаў аўтамабіля Пятра Слабкевіча, які сёлета таксама першым сярод калег адкрыў уборачны сезон. Летась гэты вадзіцель дабіўся лепшых вынікаў у абласным спаборніцтве на адвозцы зерня. Сёння ў яго таксама адпаведны настрой і намер: на рахунку першыя дзясяткі тон перавезенага збожжа з поля да сушыльнай устаноўкі. Дарэчы, такіх у “Белпрампрыборы” дзве. Абедзве падрыхтаваны да работы.

Як расказаў Андрэй Вараб’ёў, сельгаспрадпрыемства гатова распачаць масавую ўборку. У наяўнасці 3 спраўныя збожжаўборачныя камбайны, аўтамабілі, на якіх будуць працаваць лепшыя механізатары і вадзіцелі, створаны брыгады для кругласутачнай работы на збожжатаку. Усе астатнія нюансы таксама ўлічаны. Напрыклад, абеды для ўдзельнікаў жніва гатуюць повары-прафесіяналы ў мясцовай сталоўцы, наладжана медыцынскае і бытавое абслугоўванне. Зразумела, будуць рэгулярна падводзіцца вынікі спаборніцтва.

…Сёлета ў раёне на жніве плануецца задзейнічаць 73 збожжаўборачныя камбайны, якім належыць убраць каля 16 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур, будзе працаваць 30 збожжасушыльных комплексаў.

Вось-вось збожжаўборачная кампанія стане ўладарыць у поўную сілу.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *