Прафесіяналізм. Адвага. Гонар

Райаддзел па надзвычайных сітуацыях – гэта складаная сістэма розных служб і падраздзяленняў: аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, ідэалагічнага і кадравага забеспячэння, дзяржпажнагляд, група прапаганды і навучання насельніцтва бяспецы жыццядзейнасці. Усе разам яны функцыянуюць як адно цэлае, накіраванае на эфектыўнае папярэджанне і ліквідацыю надзвычайных сітуацый, выратаванне людзей.

“Цяжка ў вучэнні, лёгка ў баі” – такім дэвізам кіруюцца ў сваёй дзейнасці тыя,  у чые прафесійныя абавязкі ўваходзіць непасрэдна ліквідацыя ўсіх відаў надзвычайных сітуацый. З пачатку года асабовы састаў падраз-дзяленняў РАНС правёў 66 тактыка-спецыяльных заняткаў і 4 вучэнні. Без спецыяльнай падрыхтоўкі выконваць сваю работу пажарным было б цяжка яшчэ і таму, што іх баявое адзенне важыць больш за 8 кілаграмаў, 16 кілаграмаў – апарат на сціснутым паветры, які даводзіцца насіць за спіной. Лепшыя паказчыкі на занятках і вучэннях дэманструе асабовы састаў ПАВЧ г. Ляхавічы: начальнік змены Юрый Таранда, камандзіры аддзяленняў і пажарныя Андрэй Петрушко, Андрэй Крываруцкі, Леанід Зубік, Юрый Смаршчок, вадзіцелі Уладзімір Трызна, Аляксандр Аскерка, Юрый Смаршчок, Віталій Кедзь. Пры тушэнні пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый яны на практыцы пацвярджаюць высокі ўзровень прафесіяналізму. Дарэчы, работнікаў падраздзяленняў жыхары раёна могуць сустрэць не толькі на пажарах, але і ў паўсядзённым жыцці, калі кожны з іх, з’яўляючыся пазаштатным інспектарам, мэтанакіравана ажыццяўляе праверку замацаваных домаўладанняў.

Сапраўдныя прафесіяналы працуюць у цэнтры аператыўнага кіравання РАНС – дыспетчары Вадзім Цімошак, Алег Літвінчук, Сяргей Меліхавец. На базе цэнтра функцыянуе адзіная дзяжурна-дыспетчарская служба раёна, куды сцякаецца і дзе аналізуецца інфармацыя аператыўных службаў (РАУС, хуткай дапамогі, электрасетак, газавай службы). Сёння жыхар раёна, патэлефанаваўшы на нумар 101, можа вырашыць любыя аварыйныя неадкладныя праблемы. Штодзень апрацоўваецца каля 120-150 розных паведамленняў. На жаль, здараюцца сярод іх і непраўдзівыя, за якія да “жартаўнікоў” могуць прымяняцца адміністрацыйныя меры.

Чырвона-белы УАЗ інспекцыі дзяржпажнагляду – часты госць у вёсках і на прадпрыемствах. Інспектары штодзень праводзяць сустрэчы, гутаркі, заняткі, наглядна-прафілактычную работу, дазнанне па здарэннях, сельскія сходы. Акрамя таго, яны праводзяць праверкі прадпрыемстваў і арганізацый па пытаннях захавання пажарнай бяспекі.

Інспектар групы прапаганды і навучання Таццяна Свінабурка – адзіная прадстаўніца прыгожай паловы ў РАНС. Гэтымі днямі загадам МНС ёй прысвоена першае спецыяльнае званне – малодшы лейтэнант унутранай службы. Таццяна адказвае за работу 6 факультатыўных груп у школах раёна па накірунку “Бяспека жыццядзейнасці”, арганізуе сельскія сходы, сустрэчы.

Бяспеку ў сельскай мясцовасці ў першую чаргу забяспеч-ваюць пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты вёсак  Шчэрбава (начальнік ПАВП Вадзім Дыдышка), Ліпск (Генадзій Чаранкевіч), Тальмінавічы (Аляксандр Баўтрукевіч), Падлессе (Дзяніс Пантыкін). Асабовы састаў пастоў не толькі ліквідуе пажары, але і праводзіць пажарна-прафілактычную работу сярод насельніцтва. Даводзіцца не толькі складаць пратаколы, але і рамантаваць печы, устанаўліваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і г.д. Наогул, прафілактычная работа праводзіцца РАНС у цесным узаема-дзеянні з мясцовымі органамі ўлады, РАУС, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзелам адукацыі райвыканкама і іншымі зацікаўленымі службамі.

У выратавальнікаў нямала і іншых клопатаў. Кожны работнік РАНС прымае актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі свайго падраздзялення. Усе нашы супрацоўнікі – актыўныя ўдзельнікі спартыўных мерапрыемстваў – і раённых, і ведамасных. А да прафесійнага свята ў райаддзеле традыцыйна праводзяцца спаборніцтвы па пажарным спорце.

Выратавальнікі заўсёды рады сустрэчы з ветэранамі, чый неацэнны вопыт і мудрасць дапамагаюць нам і сёння. Прыемна працаваць з нашымі памочнікамі – добраахвотнікамі-пажарнымі.

Сёлета святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня пажарнай службы пройдуць 26 ліпеня на плошчы Перамогі ў 16 гадзін. У іх праграме – узнагароджанне лепшых супрацоўнікаў, дэманстрацыя пажарнай тэхнікі і абсталявання, паказальныя выступленні РАНС, канцэрт. Запрашаем усіх раздзяліць з намі свята!

Валерый РАВІНСКІ,   начальнік РАНС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *