Пра аптымальнае рашэнне, школу «спатыкнення» і не толькі пра гэта. Да губернатара ў час прыёму па асабістых пытаннях звярнуліся 16 нашых землякоў. Канструктыўны дыялог доўжыўся больш за тры гадзіны

Выязны асабісты прыём, які старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс у мінулую сераду правёў у Ляхавічах,  вызначаўся тым, што былі ўзняты некалькі глыбокіх пытанняў, уласцівых менавіта нашаму раёну. Такое меркаванне выказаў кіраўнік вобласці са спасылкай у тым ліку і на калектыўны  зварот групы настаўнікаў Мядзведзіцкай СШ і бацькоў, чые дзеці вучацца ў гэтай школе, з просьбай не закрываць яе. Сутнасць праблемы не новая: дзве школы – Мядзведзіцкая і Тальмінавіцкая – знаходзяцца ў блізкіх вёсках, людзей у якіх пражывае мала, адпаведна, мала і вучняў. У працэсе аптымізацыі ўстаноў адукацыі вырашана закрыць тую, што знаходзіцца ў Ганчарах і называецца Мядзведзіцкая. Заяўнікі пераконвалі, што Тальмінавіцкая СШ, куды збіраюцца перавесці вучняў з іх школы, у горшым тэхнічным стане, прыводзілі іншыя  аргументы.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская аргументавала на карысць правільнасці прынятага рашэння. У 2010 годзе ў Тальмінавіцкай СШ праведзены дарагі капітальны рамонт. Разлічана гэта ўстанова на 200 месцаў, а ў ёй сядуць за парты максімум 80 чалавек. Будзе арганізаваны падвоз рабят. А каб прывесці ў належны стан будынак Мядзведзіцкай школы, патрабуюцца значныя грашовыя ўкладанні. Яшчэ адна акалічнасць: з 20 настаўнікаў Мядзведзіцкай СШ толькі 6 мясцовыя, а 14 прыязджаюць на працу, у Тальмінавіцкай – 16 і 4 адпаведна.

Каб вырашыць гэту ”школьную” праблему, падкрэсліў губернатар, трэба вельмі сур’ёзна і ўзважана падысці да пытання, вывучыць яго з усіх бакоў: “улічваць не толькі матэрыяльную базу школ, але і інтарэсы людзей, і далейшае развіццё гэтых населеных пунктаў”.

Больш за гадзіну вёўся дыялог на гэту тэму, Анатолій Ліс вельмі ўважліва выслухаў довады абодвух бакоў. Закраналіся і эканамічныя аспекты пытання, і мэтазгоднасць, і псіхалагічныя моманты навучання – калі настаўнік выкладае ўсяго двум-тром вучням, якія ў такіх умовах не атрымліваюць навыкаў зносін у калектыве, і інш. Губернатар даручыў мясцовым органам улады правесці сход жыхароў навакольных вёсак, вывучыць меркаванне і тальмінавіцкіх настаўнікаў і бацькоў вучняў, улічыць усё гэта пры канчатковым вырашэнні пытання.

Анатолій Ліс падкрэсліў яшчэ адну важную акалічнасць: трэба паклапаціцца пра лёс будынка школы, якая будзе закрыта. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч патлумачыў сітуацыю з памяшканнем Мядзведзіцкай СШ у выпадку яе закрыцця. З улікам таго, што будынак знаходзіцца ў 300-х метрах ад ажыўленай трасы і ў 400-х – ад заправачнай станцыі, тут дарэчы арганізаваць прыдарожны сэрвіс. І фірма “Біфкам”, якая ўзяла пад сваю апеку сельгаспрадпрыемства “Тальмінавічы”, гатова гэтым заняцца. Да слова, пры такім раскладзе будуць створаны і новыя рабочыя месцы.

А “школьнае” пытанне застаецца на кантролі ў кіраўніка вобласці, як і зварот жыхароў дома № 12 па вул. Южакова, што знаходзіцца на балансе ПМК-17. На працягу чатырох дзесяцігоддзяў у ім не было рамонту. Хутчэй за ўсё гэта праблема з парадку дня здымецца, таму што па выніках тэхнічнага абследавання, якія сталі вядомыя ў канцы чэрвеня, будынак прызнаны непрыгодным для пражывання. Анатолій Ліс даў заданне аблсельгасбуду, камітэту па архітэктуры і будаўніцтву аблвыканкама на працягу тыдня разабрацца з гэтым пытаннем. І калі будынак знаходзіцца ў аварыйным стане, неабходна тэрмінова адсяліць усіх жыльцоў.

На асабісты прыём, які працягваўся больш за 3 гадзіны, да губернатара звярнуліся грамадзяне з пытаннямі, якія датычылі крэдытавання будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў, працаўладкавання ў сельскай мясцовасці, газіфікацыі населеных пунктаў, – усяго 16 чалавек. Па большасці гэтых запытаў былі дадзены грунтоўныя тлумачэнні.

Кіраўнік вобласці, каментуючы вынікі прыёму, закрануў тэму маленькіх вёсак, засяродзіў увагу на сельскіх перспектывах. “На пятым Усебеларускім народным сходзе прынята канцэпцыя развіцця сяла. Акцэнт будзе зроблены на развіццё аграгарадкоў. Астатнія вёскі будуць развівацца ў іх складзе. Але ёсць былыя цэнтральныя сядзібы, дзе захавалася сацыяльная інфраструктура – школы, ФАПы, дамы культуры і г.д. Яе трэба па магчымасці падтрымліваць і зберагаць – за кошт стварэння рабочых месцаў на новых вытворчасцях і прадпрыемствах”, – адзначыў Анатолій Ліс.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта аб ходзе сельгасработ, Анатолій Васільевіч паведаміў, што аграрыі Брэстчыны актыўна займаюцца нарыхтоўкай кармоў: “На сёння ўбрана больш за 50 працэнтаў траў другога ўкосу. Радуе, што прайшлі дажджы. Мяркуем атрымаць паўнавартасны другі ўкос. Спадзяёмся, што і трэці падрасце. Але гэта ўжо будзе пасля ўборкі зерневых”.

Кіраўнік вобласці адзначыў, што для грамадскай жывёлагадоўлі сёлета ўжо нарыхтавана на ўмоўную галаву амаль на 2 цэнтнеры кармавых адзінак больш, чым летась, – 8,95. А да стойлавага ўтрымання жывёлы гэта лічба павінна складаць 25 цэнтнераў кармавых адзінак на карову.

Наконт жніва Анатолій Ліс заўважыў, што яно пачалося ўборкай азімага ячменю, які вырашчаны на плошчы 3500 гектараў, і што азімыя ў гэтым годзе ўрадзілі нядрэнна: “Так, ураджайнасць ячменю, які ўжо фактычна заканчваем ўбіраць, складае каля 40 цэнтнераў з гектара. Яравыя крыху горшыя: негатыўны ўплыў на іх аказала працяглая чэрвеньская засуха”. Губернатар падкрэсліў, што масавае жніво на Брэстчыне пачнецца ў звычайны тэрмін – пасля 15 ліпеня.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *