Строга па правілах

Палітычная барацьба на парламенцкіх выбарах будзе даволі вострая. Такое меркаванне 7 ліпеня выказала старшыня   Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў відэазвароце, размешчаным на сайце ЦВК.
Лідзія Ярмошына адзначыла актыўны ўдзел партый, асабліва тых, якія адносяць сябе да апазіцыйнага лагера, у вылучэнні кандыдатаў шляхам збору подпісаў. «Мы можам меркаваць, што палітычная барацьба на маючых адбыцца выбарах будзе даволі вострая і выбаршчыкі з цікавасцю змогуць сачыць за гэтай выбарчай кампаніяй», – лічыць старшыня ЦВК.
7 ліпеня завяршылася падача заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты. «З 396 заявак, пададзеных на рэгістрацыю груп, чатыром патэнцыяльным кандыдатам адмоўлена на той падставе, што былі парушаны ўмовы закона пры стварэнні ініцыятыўнай групы. А два патэнцыяльныя кандыдаты самі адмовіліся ў далейшым збіраць подпісы і ад рэгістрацыі ініцыятыўнай групы», – сказала старшыня ЦВК.
З моманту рэгістрацыі групы могуць займацца зборам подпісаў у грамадзян. Пры гэтым любы падпісант мае права запатрабаваць паказаць яму дакументы, што засведчваюць асобу зборшчыка подпісаў і пацвярджаюць, што той сапраўды ўваходзіць у ініцыятыўную групу.
Сабраныя подпісы павінны быць здадзены ў выбаркам акругі не пазней за 1 жніўня. Пасля гэтага пачнецца праверка падпісных лістоў. У кожным канкрэтным выпадку яна прадоўжыцца да дня рэгістрацыі кандыдата. Часавыя рамкі для рэгістрацыі вызначаны з 2 па 11 жніўня ўключна.

Калі ж кандыдат вылучаецца палітычнай партыяй, то неабходна выканаць некалькі правіл. Партыя павінна быць зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі не пазней чым за шэсць месяцаў да назначэння выбараў. Рашэнне аб вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты прымаецца менавіта вышэйшым органам палітычнай партыі. Зразумела, вылучэнец павінен быць членам гэтай партыі. На кожную з акруг партыя можа вылучаць толькі па аднаму чалавеку.

Калі размова ідзе аб вылучэнні ад працоўнага калектыву, то тут таксама неабходны пэўныя ўмовы. Па-першае, арганізацыя павінна мець правы юрыдычнай асобы, а колькасць працуючых павінна быць не меншая за 300 чалавек. Вылучэнне кандыдата ў дэпутаты ажыццяўляецца на сходзе (канферэнцыі) выбаршчыкаў у працоўным калектыве. Гэты калектыў мае права вылучаць кандыдата па той выбарчай акрузе, на тэрыторыі якой знаходзіцца арганізацыя. Гэта вызначаецца па юрыдычным адрасе. Працоўны калектыў можа вылучыць толькі аднаго кандыдата, але ён не абавязкова павінен быць работнікам гэтай арганізацыі. У выпадку, калі кандыдата вылучаюць калектывы некалькіх арганізацый, працуюць падобныя правілы.

Ва ўсіх выпадках не трэба забываць, што вылучаць кандыдатаў могуць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.

***

8 ліпеня адбылося чарговае пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Баранавіцкай сельскай выбарчай акругі № 7. На парадку дня разглядалася пытанне аб узгадненні ўтварэння ўчасткаў для галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання і ўстанаўленні адзінай нумарацыі ўчасткаў.

Па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе    № 7 утворана 83 участкі для галасавання, у тым ліку 31 – на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна.    Акруговая камісія таксама прыняла рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку асоб, якіх прапануюць для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Як паведаміла намеснік старшыні акруговай выбарчай камісіі Ірына Чура, па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 зарэгістравана адна ініцыятыўная група ў колькасці 79 чалавек у падтрымку Цупрыка Леаніда Аляксандравіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *