Прафесіянальны падыход. 10 ліпеня — Дзень работнікаў падатковых органаў Беларусі

У другую нядзелю ліпеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі падатковай службы. Разам з калегамі віншаванні гэтымі днямі прымаюць супрацоўнікі інспекцыі МПЗ па Ляхавіцкім раёне.

Зона адказнасці падаткавікоў – даходная частка бюджэту. А гэта –  утрыманне і абнаўленне медыцынскіх устаноў і ўстаноў адукацыі (у тым ліку школьнае харчаванне), сацыяльная абарона грамадзян, фінансаванне культуры, фізкультуры і спорту, своечасовыя зарплаты бюджэтнікаў, добраўпарадкаванне і многае іншае. Па інфармацыі падатковай службы, за першае паўгоддзе 2016 года ў мясцовы бюджэт паступіла 83 мільярды рублёў падатковых і непадатковых плацяжоў.
Асноўная частка даходаў бюджэту сфарміравана за кошт паступленняў падаходнага падатку, падаткаў на дабаўленую вартасць, на нерухомасць, зямельнага, на прыбытак, – адзначае начальнік інспекцыі МПЗ Анатолій Жабік. – Найбольшая ўдзельная вага паступленняў у бюджэт – ад арганізацый дзяржаўнага сектара эканомікі, доля арганізацый недзяржаўнага сектара і індывідуальных прадпрымальнікаў таксама важкая – больш за 30 працэнтаў. Свой уклад у фарміраванне бюджэту ўносяць і фізічныя асобы.
Кантрольна-рэйдавая работа – адзін з накірункаў дзейнасці службы. За першае паўгоддзе па выніках 68 праверак даналічана ў бюджэт 379 мільёнаў рублёў, арыштавана і звернута ў даход дзяржавы таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на суму каля 100 мільёнаў рублёў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 21 грамадзянін, сума штрафаў перавысіла 43 мільёны рублёў.
Безумоўна, толькі гэтымі функцыямі клопат падатковай службы не абмяжоўваецца. Немалы ўчастак адказнасці – налічэнне розных відаў падаткаў і іншых плацяжоў фізічным асобам. Тутэйшыя спецыялісты праводзяць вялікую кансультацыйна-растлумачальную работу, працуюць са зваротамі грамадзян.
Да прафесійнага свята лепшыя работнікі інспекцыі адзначаны ўзнагародамі. Сярод іх – абодва намеснікі кіраўніка ІМПЗ: Таццяна Шадура, якая ўзначальвае  аддзел уліку падаткаў, справаздачнасці і эканамічнага аналізу, удастоена  знака “Выдатнік падатковай службы”, а начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Алена Палуянчык – граматы інспекцыі МПЗ па Брэсцкай вобласці.
– У інспекцыі працуе ўсяго 15 чалавек. Калектыў хоць і невялікі, але зладжаны, высокапрафесійны, і гэта дазваляе паспяхова выконваць пастаўленыя перад службай задачы, – падкрэслівае Анатолій Жабік (дарэчы, яго актыўная жыццёвая пазіцыя літаральна днямі была адзначана ганаровай граматай рэспубліканскага камітэта прафсаюза “Адзінства”). – Усіх сваіх калег і нашых шаноўных ветэранаў ад душы віншую з Днём работнікаў падатковых органаў і жадаю моцнага здароўя, поспехаў, добрага настрою. Ну і, канешне, добрасумленных плацельшчыкаў – у нашай рабоце без разумення з іх боку нельга.
Святлана СТЫКУЦЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *