Перад стартам

Колас даспявае. Пад подыхам гарачага ветру, пад яркімі сонечнымі промнямі ён наліваецца бурштынам, хіліцца долу. Хутка, ужо вельмі хутка сельгаспрадпрыемствы раёна распачнуць масавае жніво. А пакуль, перад стартам, у большасці гаспадарак ідуць апошнія прыгатаванні да адказнейшых работ. Некаторым яшчэ трэба паспяшацца, каб своечасова ўключыцца ва ўборачную кампанію, не прамаргаць спрыяльны час і не страціць вырашчанае.
На мехдварах і ў майстэрнях, у кабінетах кіраўнікоў і спецыялістаў удакладняюцца шматлікія пытанні ўборачнай, у тым ліку саставы экіпажаў. Сёлета ў раёне іх будзе працаваць больш за 7 дзясяткаў, а на адвозцы збожжа мяркуецца задзейнічаць больш як 100 грузавікоў. Уся тэхніка прайшла тэхагляд і тэхнічнае абслугоўванне: гэтае абавязковае мерапрыемства матэрыяльна падтрымана райбюджэтам.

У некаторых гаспадарках з задавальненнем прымаюць прапановы аб дапамозе ад прыватнікаў, якія маюць свой транспарт, прадпрыемстваў і арганізацый. Напрыклад, у “Ліпнянцы” ўжо  зацверджаны 3 кандыдатуры камбайнераў і памочнікаў “з боку”, ёсць яшчэ вакансіі. І ў “Востраве” прынялі на час уборачнай кампаніі двух працаўнікоў. Ва ўсіх без выключэння сельгаспрадпрыемствах створаны мабільныя рамонтныя брыгады, у складзе якіх у абавязковым парадку зваршчык, токар, слесар. Вялікае значэнне надаецца прафілактыцы траўматызму і пажараў на жніве. Загадам райсельгасхарчу назначаны адказныя асобы з ліку кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў, якія будуць кантраляваць захаванне правіл аховы працы і пажарнай бяспекі на працоўных месцах. Закуплена спецадзенне, праведзены інструктажы і заняткі па спецпадрыхтоўцы з вадзіцелямі, трактарыстамі, камбайнерамі, аператарамі КЗСаў. Што датычыць падрыхтоўкі да работы камбайнаў, то кожны агрэгат забяспечаны ахоўнымі прыладамі і сродкамі пажаратушэння. Да таго ж, на кожным жніўным полі ў пастаянным рэжыме гатоўнасці будзе знаходзіцца спецтэхніка: у СВК “Жарабковічы”, “Востраў”, “Тальмінавічы” – пажарныя машыны, у астатніх –прыстасаваныя. На час уборачнай кампаніі РАНС прапануе спецмашыны ў арэнду. Здаецца, улічаны ўсе моманты, якія могуць уплываць на паспяховае правядзенне работ: прадуманы маршруты руху тэхнікі, вызначаны месцы для кароткага адпачынку на абед. Сёлета амаль усе сельгаспрадпрыемствы маюць намер гатаваць абеды ўласнымі сіламі. На спецыяльна абсталяваным транспарце повары іх будуць дастаўляць у поле. Прычым, гаспадаркі бяруць на сябе асноўныя затраты на харчаванне: усяго толькі 10-15 працэнтаў ад кошту абедаў заплацяць работнікі.Асобны і вельмі адказны ўчастак – збожжасушыльныя комплексы. Сёлета ў раёне будуць працаваць 24 стацыянарныя сушылкі, з якіх 7 – на мясцовых відах паліва, 6 мабільных установак, у большасці сельгаспрадпрыемстваў ужо вызначаны і зацверджаны работнікі.Як заўсёды, пад пільнай увагай адказных асоб будуць тэмпы і якасць работ, а важкім стымулам для ўдзельнікаў жніва стане  спаборніцтва.  …Даспявае колас, а хлебароб у хваляванні і апошніх прыгатаван-нях да пачатку галоўнай кампаніі года, якая ўвянчае яго працу новым караваем. Хочацца спадзявацца – важкім.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *