Ніно на ўсе сто! Выпускніца Ляхавіцкай гімназіі на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове набрала 100 балаў.

Дзве навіны: выдатная і… выдатная. Першая: разумніца Ніно Квернадзэ не перастае пацвярджаць свае грунтоўныя веды. На цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове выпускніца Ляхавіцкай гімназіі набрала 100 балаў. Абсалютны максімум, і што тут можна дадаць?! Хіба толькі вынікі ЦТ па двух іншых прадметах: па грамадазнаўстве – 99 балаў, па англійскай мове – 89. На пытанне, ці цяжка было здаваць тэсты, Ніно адказвае з уласцівай ёй непасрэднасцю:
– Думаю, калі сур’ёзна вучыцца ў школе, умець сканцэнтравацца, то нядрэнны вынік не такі ўжо недасягальны.  І дадае, што вельмі ўдзячна сваім настаўнікам: іх урокі не прайшлі дарма. З улікам сярэдняга бала атэстата – 99 – у Ніно атрымліваецца ў суме з вынікамі ЦТ лічба вельмі блізкая да 400. Няхай гэтага хопіць для таго, каб абітурыентка Ніно Квернадзэ стала студэнткай факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Другая выдатная навіна ўражвае не менш: першая прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў прысуджана пераможцам  рэспубліканскіх конкурсаў работ даследчага характару па вучэбных прадметах 2016 года, і сярод іх зноў наша Ніно. Напомнім, што на раённым выпускным балі дзяўчына атрымала пасведчанне аб узнагароджанні такой прэміяй па выніках удзелу ў навукова-практычнай канферэнцыі ў 2015 годзе.

Стараннае і цікаўнае дзяўчо вырасла ў эрудыраваную, мэтанакіраваную, працавітую, надзвычай дружалюбную дзяўчыну, якая вельмі любіць вучыцца, імкнецца спасцігаць новае і марыць пра прафесію, дзе праявіць свае веды сённяшнія і тыя, што атрымае ва ўніверсітэце. У нашай юнай зямлячкі абавязкова ўсё атрымаецца: яна ніколі не спыняецца на паўшляху.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “Ніно на ўсе сто! Выпускніца Ляхавіцкай гімназіі на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове набрала 100 балаў.

  • 13/07/2016 в 19:29
    Permalink

    Чаму Гімназія дзяўчыне Ніно не далі залаты медаль!? Хочу паглядзець спіс тых хто атрымаў медалі у 16 годзе. І надрукуйце калі ласка сярэдні бал іх атэстата!? Мабыць німа спрэчак і яны усё маюць 100.

  • 17/07/2016 в 14:06
    Permalink

    Шчыра рада за Ніно. Уважліва сачыла за яе дасягненнямі і поспехамі, шчыра радавалася і здзіўлялася яе працаздольнасці. Неяк нават сумна ад таго, што яна вырасла і ў таленавітай выпускніцы гімназіі пачынаецца дарослае жыццё па-за межамі Ляхавіччыны. Удачы табе, Ніно Квернадзэ!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *