Кандыдаты, вылучайцеся!

Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання пройдуць у Беларусі 11 верасня. Працэс вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пачаўся 3 ліпеня і прадоўжыцца па 1 жніўня ўключна. Вылучэнне кандыдатаў магчыма ад палітычных партый, працоўных калектываў, а таксама шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.

«Цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць у асаблівых умовах. Яны звязаны ў першую чаргу з пільнай увагай міжнародных структур і арганізацый, якія імкнуцца наладзіць не толькі эканамічныя, але і палітычныя сувязі з Рэспублікай Беларусь. Наш крок у адказ – паказаць, што выбары і іншыя палітычныя працэсы ў нас праходзяць ліберальна, дэмакратычна, адкрыта і галосна, – лічыць сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. – Мы запрашаем прыняць удзел у назіранні за выбарамі міжнародных наглядальнікаў, прадстаўнікоў нават тых арганізацый, у якіх Беларусь не ўдзельнічае».

Другой асаблівасцю выбарнай кампаніі з’яўляюцца працэдурныя новаўвядзенні, накіраваныя на павышэнне празрыстасці выбарчага працэсу.

У заканадаўства ўнесены змяненні, якія датычацца і арганізацыі выбараў, і іх фінансавання, інфармавання выбаршчыкаў. «Лічу, што цяперашняя выбарчая кампанія будзе інфарматыўна больш насычанай», – адзначыў ён.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына чакае высокі ўзровень палітычнай актыўнасці ў парламенцкую кампанію. Аб гэтым заявіла яна 10 ліпеня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, аб гэтым можна меркаваць ужо па тым, як пачалася выбарчая кампанія і як актыўна заявілі аб сабе партыі, у тым ліку апазіцыйныя (тры з іх суперактыўныя цяпер). Калі яны змогуць сабраць подпісы (калі не змогуць, то ўсё роўна маюць магчымасць вылучыцца з’ездам), зразумела, будуць праводзіць сваю выбарчую кампанію.

«Паводле закона, кандыдат у дэпутаты можа быць вылучаны ад працоўнага калектыву, ад палітычнай партыі і шляхам збору подпісаў. Сур’ёзны палітык, які мае намер змагацца за дэпутацкі мандат, абавязкова скарыстаецца спосабам збору подпісаў. Таму што ў час гэтага працэсу ён сустракаецца з выбаршчыкамі, вывучае іх меркаванні, выслухоўвае наказы і тым самым значна павышае свае шанцы на выбранне. Сур’ёзныя прэтэндэнты будуць актыўна займацца зборам подпісаў і для таго, каб данесці сваю праграму да выбаршчыкаў і атрымаць ад іх зваротную рэакцыю ў выглядзе наказаў», – падкрэсліў Мікалай Лазавік.

Па стане на 11 ліпеня, акруговыя выбарчыя камісіі Беларусі зарэгістравалі 428 ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання, гаворыцца на сайце ЦВК.

Усяго ў акруговыя камісіі было пададзена 479 заяў аб рэгістрацыі такіх груп. Прыём заявак завяршыўся 7 ліпеня, але разгляд заявак прадаўжаецца яшчэ на працягу пяці дзён пасля гэтай даты. Такім чынам, колькасць пададзеных заявак ужо канчатковая, а колькасць зарэгістраваных груп можа змяніцца.

Больш за ўсё груп, паводле апошніх даных, зарэгістравана ў Мінску – 106, а менш за ўсё ў Віцебскай вобласці – 48. Сярод вылучэнцаў, групы якіх зарэгістраваны, 274 беспартыйныя і 154 члены палітычных партый. Больш за ўсё вылучаецца прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі (39 чалавек). Далей ідуць Партыя БНФ – 27, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» – 23, Камуністычная партыя Беларусі – 19, Ліберальна-дэмакратычная партыя – 16, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) – 14, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці – 9, Беларуская партыя «Зялёныя» – 3, Бела-руская патрыятычная партыя – 3, Партыя «Беларуская сацыял- дэмакратычная Грамада» – 1.

Зараз ідзе фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій – яшчэ адзін важны этап выбарчай кампаніі. Старшыня Цэнтр-выбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што пры гэтым недапушчальны фармальны падыход. Усе кандыдатуры, якія вылучаюцца ў склады ўчастковых выбарчых камісій, павінны абмяркоўвацца. Паводле яе слоў, там, дзе няма конкурсу на ўключэнне ў склад участковай выбарчай камісіі, неабходна сцісла ахарактарызаваць кожную кандыдатуру, пасля чаго можна правесці галасаванне спісам. Пры наяўнасці конкурсу неабходна прадстаўляць не толькі кароткія характарыстыкі, але таксама праводзіць галасаванне па кожнай кандыдатуры асобна, каб было зразумела, за каго прагаласавалі.

Лідзія Ярмошына нагадала аб абяцанні, дадзеным міжнародным наглядальным структурам, перш за ўсё АБСЕ, па выніках назірання за выбарамі Прэзідэнта. «Зразумейце, калі штосьці будзе праведзена не так, гэта потым абавязкова трапіць у падагульняючае заключэнне наглядальнікаў. Нічога не застаецца без увагі», – асабліва падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркама.

Меркаванні

Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі:
«Стабільная сітуацыя ў дзяржаве дасць магчымасць правесці выбарчую кампанію на высокім прафесійным арганізацыйным узроўні, у строгай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і ў інтарэсах грамадзян нашай краіны».
«Дзяржава зацікаўлена ў шырокім удзеле грамадства ў выбарчай кампаніі. Грамадства зацікаўлена, каб у склад парламента ўвайшлі падрыхтаваныя людзі – у прававой, палітычнай, эканамічнай і іншых галінах. Высокі прафесіяналізм патрабуецца і ад тых, хто будзе працаваць у выбарчых камісіях, хто стане наглядальнікамі».
Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі:
«Выбарчая кампанія стартавала. Яна будзе праходзіць адкрыта, дэмакратычна, у поўнай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Такая мая выснова заснавана на тым, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для сумленных, дастойных і дэмакратычных выбараў».
Сяргей Лебедзеў, кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД:
«Дэмакратычныя тэндэнцыі, правілы ў Беларусі ўмацаваліся і з’яўляюцца асноватворнымі ў ходзе выбарчага працэсу. Гэта вельмі важна».

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *