На сувязі ўчастковы

Падчас рабочай нарады з калегамі.

У  нашым раёне сярод тых, хто забяспечвае  правапарадак і грамадскую бяспеку, 12 участковых інспектараў міліцыі. Усе яны – своеасаблівая візітоўка райаддзела

У тым, што ў свой час  выбраў прафесію правільна, старшы  ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Ісаханаў цвёрда ўпэўнены і сёння. Яшчэ ў арміі, дзе нёс службу ва ўнутраных войсках, вырашыў  звязаць жыццё з праваахоўнымі органамі і мэтанакіравана ішоў да гэтага – скончыў Баранавіцкую  школу міліцыі.
Аўтарытэтнага чалавека ў пагонах землякі ведаюць, паважаюць,  давяраюць яму, звяртаюцца за дапамогай. На немалым па памеры падведамасным участку, які ўключае вуліцы Будаўнікоў, Южакова і іншыя, яму даводзіцца часам выконваць  ролю  псіхолага, дыпламата і нават  дэтэктыва  з экспертам.  За амаль 14 гадоў участковы Ісаханаў дасканала вывучыў усе нюансы прафесіі, ведае, як паўплываць на парушальніка, спыніць канфлікт ці проста супакоіць чалавека, а яшчэ лепш – не дапусціць такіх праяўленняў.
– Няправільна адразу “навешваць” на чалавека нядобры ярлык, калі ён аступіўся. Асэнсаваў свае паводзіны, стаў на шлях выпраўлення? Можна абмежавацца гутаркай ці пратаколам. Заўсёды важна даць чалавеку шанс, – разважае Сяргей Ісаханаў.
Ён  строгі, уважлівы, прынцыповы, адказны і вельмі абавязковы. Разумее, што любая памылка, недакладнасць у справе могуць паўплываць на агульны вынік сітуацыі, прадвырашыць лёс чалавека.
Да яго прыходзяць з  рознымі  пытаннямі. Сярод найбольш распаўсюджаных – звязаныя з  п’янствам, невяртаннем пазычаных грошай, падзелам  маёмасці. Маёр  Ісаханаў заўсёды на сувязі – яго лад жыцця, у тым ліку адпачынак,  падпарадкаваны службе. Землякі тэлефануюць на мабільны – нумар не сакрэтны, даступны кожнаму.  І ўчастковы накіроўваецца па адрасе sos.
За гады службы, дзеліцца Сяргей Ісаханаў, значна палепшыліся ўмовы і выніковасць працы ўчастковых. Удасканальваюцца  метады і прыёмы работы, узмоцнены кантроль за асобамі, што ўчынілі  злачынствы,  камп’ютар і   сучасныя тэхнічныя сродкі –   добрыя памочнікі ў справе. Але галоўная задача ўчастковага – папярэдзіць парушэнні закона – засталася нязменнай. Без цяжкасцяў не абыходзіцца, канстатуе Сяргей Гамісаравіч. Людзі сталі  больш кантактнымі, але імкнуцца вырашаць канфлікты, супярэчнасці без лішняй агалоскі.  Жонка просіць паўплываць на  мужа-алкаголіка, маці – на  сына-выпівоху, каб ніхто не ведаў пра праблему.  А часта іменна нераўнадушнае насельніцтва дапамагае прадухіліць правапарушэнне ці злачынства. Іх, на жаль, хапае. Ісаханаву давялося ўдзельнічаць у раскрыцці мноства крадзяжоў, неаднойчы сутыкнуцца з самымі страшнымі чалавечымі ўчынкамі, у тым ліку забойствамі.
Ён з цеплынёй узгадвае калег, якія з першых яго крокаў у райаддзеле сталі сапраўднымі настаўнікамі: Васілія Багдановіча, Леаніда Стрыгельскага, Вячаслава Новіка, Уладзіміра  Тадру і многіх іншых. А сёння ўжо ён  вучыць маладых.
Маёр Сяргей Ісаханаў мае ўзнагароды рознай вартасці, неаднойчы паспяхова ўдзельнічаў у конкурсах прафесійнага майстэрства, але галоўная адзнака  для яго –   давер землякоў і  тых, каму не даў спатыкнуцца.
Кіраўніцтва РАУС лічыць Ісаханава прык-ладам для іншых участковых, калегі і сябры – надзейным таварышам.
А сілы і энергію яму надае сям’я. Для міліцыянера надзейны тыл вельмі важны.
Наталля  ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На сваім участку маёр – асоба вядомая.

Сяргей Ісаханаў знаходзіць агульную мову з землякамі рознага ўзросту.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *