Прыемнага апетыту!

Ты ёсць тое, што ты ясі – хто не чуў гэтай мудрай фразы. А для захварэўшых меню асабліва важнае: правільнае харчаванне садзейнічае выздараўленню. У цэнтральнай раённай бальніцы ежа смачная і карысная, заўсёды без спазненняў дастаўляецца ў аддзяленні і палаты.

Для таго, каб не спазніцца са сняданкам, повары прыходзяць на працу ў 6 раніцы. Перш чым узяцца за справу, ім неабходна падрыхтавацца ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі. Па меню-раскладцы медсястры-дыетолага (а на харчаблоку гэта Галіна Дабравольская) ідзе закладка прадуктаў. Тэхналагічная карта складаецца на кожную страву.
Дарэчы, прадукты пастаўляюцца на харчаблок не толькі з ляхавіцкіх прадпрыемстваў (кааппрам мясцовага райпо, малочны і кансервавы заводы, СВК “Ляхавіцкі”), але і з іншых гарадоў Беларусі (Нясвіж, Баранавічы, Мінск, Бяроза). Кожны дзень у 7 гадзін раніцы прыязджаюць машыны з хлебам і малочнымі прадуктамі, астатнія пастаўляюцца раз у тыдзень. Улікам прадуктаў і тары займаецца загадчык склада Іна Фірусь.
Перад тым, як стравы з’явяцца на сталах пацыентаў, іх пробу здыме дзяжурны ўрач. Для кантролю за якасцю гатовай ежы вядзецца бракеражны журнал. У склад бракеражнай камісіі ўваходзяць адказны за харчаванне ўрач, дзяжурны ўрач, дыетсястра.
– Харчаванне ў бальніцы павінна быць строга збалансаваным, паўнацэнным, – тлумачыць Галіна Дабравольская. Пры некаторых хваробах  для пацыентаў складаецца асаблівае меню. Лячэбнае харчаванне прызначаецца хворым пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў.
Кожны повар, а іх на харчаблоку тры, стараецца, каб вынік яго працы быў  апетытным, смачным, карысным, каб талеркі пасля яды заставаліся пустымі – такі вось тэст на якасць прыгатавання. Калектыў харчаблоку дружны. Усе адзін аднаму дапамагаюць. І вельмі рады, калі пацыенты гавораць, што харчаванне ў Ляхавіцкай бальніцы не горш за дамашняе.
Ірына ШЛОЙДА, студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *