103: заўсёды гатовыя прыняць выклік

Нясцерпны боль? Не збіваецца тэмпература? Зашкальвае ціск? Звані на 103 – вядомая прапанова.
Пастаянныя выклікі характэрныя для хуткай дапамогі. Тут заўсёды на варце, гатовыя прыйсці на выратаванне ў любую хвіліну дня і ночы. Па будных днях працуюць 2 брыгады, у выхадныя – 3. Выязныя фельчары  арыентаваны на сур’ёзную работу, і вельмі непрыемна, калі нехта тэлефануе на кароткі нумар па дробязях, у той час як па іншым адрасе дапамога медыкаў сапраўды неабходная тэрмінова.
Званкі з усяго раёна паступаюць да дыспетчара, фіксуюцца, запісваюцца і захоўваюцца доўгі час. Перш, чым адправіць брыгаду на выезд, важна атрымаць  інфармацыю пра стан пацярпелага. Дарэчы, высвятляецца, што часам і не патрэбны ніякія дактары –  дастаткова прафесійных рэкамендацый, атрыманых па тэлефоне. Валянціна Касцюкевіч усё жыццё працуе ў аддзяленні хуткай дапамогі і ўжо нават па голасе, дыханні, скаргах можа вызначыць, што трэба рабіць і як сябе паводзіць хвораму да прыезду медыкаў.
Акрамя Валянціны, старажыламі ў АХМД з’яўляюцца Аляксандр Чайкоўскі, Ала Буйда, Наталля Піскун, Таццяна Стасюк, Таццяна Зубік, Лілія Засухіна і іншыя. Нядаўна на працу сюды прыйшлі Алена Нячай і Таццяна Гоўша. Кожны год у хуткай выбіраецца лепшы фельчар, сёлета ім стала Таццяна Стасюк.
Правільна працаваць, правільна адпачываць, правільна харчавацца. На думку Сяргея Маневіча, такі лад жыцця дапаможа быць здаровым. Выязным фельчарам ён працуе ўжо 22 гады – граматны спецыяліст. Чаго толькі не бачыў за гэты час, можна кнігу напісаць! Вось, напрыклад, два месяцы назад быў выклік: жанчына хацела выпіць валяр’янкі, супакоіцца. Але ў бутэлечцы з-пад настойкі аказаўся ядахімікат. Дзякуючы своечасоваму звароту за медыцынскай дапамогай і хуткаму прамыванню страўніка, пацыентка пазбегнула ўскладненняў і нават самага страшнага. А былі і такія выклікі, калі людзі прасілі палячыць іх хатнюю жывёліну…
Хуткая ніколі не марудзіць з выездам на выклік. Але важна памятаць, што ў непагадзь, туманы і дажджы прыехаць за тры хвіліны не заўсёды атрымліваецца. Для таго, каб паскорыць прыбыццё брыгады ў экстраннай сітуацыі, загадчык АХМД Уладзімір Савасцюк раіць дакладна называць прычыну звароту з апісаннем скаргаў хворага, адрас выкліку, імя, прозвішча, узрост пацыента. А яшчэ забяспечваць брыгадзе хуткай бесперашкодны доступ да хворага, ізаляваць хатніх жывёл, якія могуць ускладняць аказанне дапамогі.
– На жаль, у нашым раёне даволі часта звяртаюцца ў хуткую дапамогу з прычынамі, якія не ўяўляюць у момант выкліку небяспекі. Некаторыя могуць прывесці да пагаршэння здароўя на працягу сутак, гэта неадкладныя выклікі. Наогул жа, трэба своечасова звяртацца ў паліклініку, праходзіць прафілактычнае лячэнне, не ўхіляцца ад дыспансерных назіранняў, выконваць рэкамендацыі медыкаў, – прапануе Уладзімір Савасцюк.
Сачыць за сваім здароўем і здароўем сваіх блізкіх – гэта натуральна і правільна. А калі здарылася непрадбачанае, у любы час сутак хуткая акажа дапамогу. Такая вось важная гарантыя.
Ірына ШЛОЙДА,
студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *