Добрае слова пра добрых людзей

Прысмакі ад гаспадыні Таццяны Макоўскай.

Свята аграгарадка Навасёлкі па традыцыі праводзіцца 7 ліпеня: у гэты дзень у 1944 годзе населены пункт быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў. Сёлета пачалося яно з богаслужэння ў храме Іаана Прадцечы, а потым ля помніка загінуўшым героям адслужылі малебен.
Затым святкаванне перамясцілася ў культурны цэнтр аграгарадка, на пляцоўку каля аздараўленчага комплексу, дзе разгарнуліся галоўныя падзеі. Працавалі гандлёвыя рады, атракцыёны, экспанаваліся выставы “Творчы палёт душы”, гаспадыні завіхаліся  ля святочных сталоў, каб прыняць удзел у конкурсе “Прысмакі на любы густ”. З усіх канцоў аграгарадка збіраліся госці свята. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах частавалі прысутных. Госцем быў намеснік старшыні райвыканкама
Аляксандр Вашчук, які шчыра, ад душы павіншаваў вяскоўцаў. Добрае слова добрым людзям сказаў і старшыня СВК «Шлях новы» Сяргей  Кашча. Пачаўся гумарыстычны рэпартаж з месца падзей. Тэлеканал “Сарафаннае радыё” называў жыхароў Навасёлак, якія сталі героямі вядомых тэлеперадач. Першай была праграма “Незвычайныя лёсы”, а яе гераіняй –  Вольга Галавіна – кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Мацярынская слава”, “Ветэран працы”. Больш за 30 гадоў працавала Вольга Сцяпанаўна даяркай  у сваёй гаспадарцы.
У каханні і згодзе з мужам гадавалі васьмярых дзяцей. А зараз мае 20 унукаў і 17 праўнукаў. Сёлета Вольга Сцяпанаўна святкуе свой 80-гадовы юбілей.
У перадачы “Пакуль усе дома” расказалі пра дзве сям’і, якія адзначылі сёлета 25-гадовы юбілей сумеснага жыцця: Сяргей і Таццяна Камінскія і Вячаслаў і Ірына Тукай. Гучала горка, было шампанскае і, канешне, вясельны вальс.
Значнае мінулае Навасёлак, важны іх сённяшні дзень, не менш важная і будучыня. І пішуць яе сваімі лёсамі цяперашнія жыхары Навасёлак, будуць пісаць і іх дзеці, і ўнукі. У праграме “Давай пажэнімся” ўшаноўвалі самую маладую сям’ю аграгарадка –  Васілія і Алену Сцябловых з дачушкай Сашкаю.
Перадача “Вуснамі немаўлят” ці не самая галоўная ў сцэнарыі, бо яна пра юных жыхароў Навасёлак. У сям’і Аляксандра і Дар’і Мурочак гадуецца дачушка Уладзіслава. Гэта галоўная тэма размоў для бацькоў, надзвычай цікавая – для ўсіх аднавяскоўцаў.
У эфіры праграмы “Своечасова” танцавалі вальс выпускнікі,  а ў «Першаклашка-першакласнік” – тыя, у гонар каго прагучала назва.
“Навіны культуры” распачалі гаворку пра цудоўны калектыў, які нядаўна адзначыў свой 25-гадовы юбілей. Пабываў у сталіцы на Дні беларускай вышыванкі, які праходзіў упершыню ў нашай рэспубліцы. Першы сакратар  райкама БРСМ Тамара Пракап’юк падзякавала “Вечарніцы” за актыўнасць і ўручыла грамату за ўдзел у новым агульнарэспубліканскім праекце.
Быць сапраўдным гас-падаром у вёсцы – вялікі гонар. Калі праходзіш ля дагледжанага падворка, міжволі сцішаеш крок і любуешся. З такіх гаспадароў хочацца браць прыклад. А іх у аграгарадку шмат. У эфіры перадачы “Фазэнда” самымі лепшымі былі вызначаны пяць падворкаў: сядзіба Валянціны і Аляксандра Кур’янаў, Таццяны і Івана Пішчоў, Ганны і Міхаіла Манцэвічаў, Марыі Камінскай, Жанны Кумейша.
Праграма “Кухня” – пра нашых гаспадынь, асабліва пра Таццяну Макоўскую і Анастасію Вітко. “Творчы палёт душы” – пра умельцаў, чые рукі называем залатымі, што і прадэманстравалі не толькі майстры са стажам, а і наша моладзь. Аднавяскоўцы віталі Алену Камінскую, Аляксандра Панфілу і Людмілу Баранчык.
Лаўрэаты конкурсаў атрымалі падарункі, у іх гонар гучалі музычныя нумары. Весяліў навасёлкаўцаў народны клуб аматараў песні, гульні і гумару “Вечарніца”. Гасцямі свята былі суседзі – ансамбль песні “Берагіня” Дараўскага СДК. Пасля канцэрта разыгрывалася бяспройгрышная латарэя. Уладальнікам галоўнага прыза – электрапараваркі –  стаў Рэнат Арлоўскі.
Усіх чакала вячэрняя танцавальная праграма “Зорны міраж”.
Шчырыя словы ўдзячнасці спонсарам нашага свята.
Таццяна ПІШЧ,
стараста аграгарадка Навасёлкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *