Шыкоўная прапанова ад «Лянка» /фота/

Прадавец "Лянка" Леакадзія Табала шчыра запрашае пакупнікоў.

Прыемная навіна для жыхароў і гасцей райцэнтра: ільнозаводскі фірменны магазін “Лянок” з Задвор’я пераехаў у Ляхавічы, размясціўся на другім паверсе магазіна ”Родны кут” па вуліцы Леніна. Завітаем?

На некалькіх квадратных метрах сапраўднае льняное царства: сурвэткі, ручнікі, абрусы на любы густ і памер, пасцельная бялізна розных варыянтаў і колераў. Прыгожыя і стыльныя, вытрыманыя ў спакойных танах ільняныя пледы, дзіцячыя – яркія, з вытканымі адпаведнымі ўзорамі. Зачароўваюць прыгажосцю і непаўторнасцю нацыянальныя матывы на ручніках і абрусах – іменна на такіх беларусы падносяць хлеб-соль дарагім гасцям.
– А яшчэ ў асартыменце спецадзенне, якое карыстаецца попытам у работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама гаспадарчыя тавары, – дапамагае зарыентавацца ў ільняным багацці прадавец магазіна Леакадзія Табала. – Калі ласка, паліўныя брыкеты, вырабленыя з дабаўленнем кастрыцы, якія, дарэчы, карыстаюцца вялікім попытам у замежных спажыўцоў. Упаковачная тканіна і вяроўка, ільняная    пража – рэчы часта незаменныя…
Прыгожа аформленая, з яркімі этыкеткамі прадукцыя Аршанскага льнокамбіната – выдатныя падарачныя варыянты на ўсе выпадкі. Такія рэчы заўсёды модныя, зручныя ў карыстанні. Дзве пакупніцы разглядалі пасцельную бялізну і разважалі пра тое, як прыемна летам адпачываць пад ільняным пакрывалам на льняной прасціне – прахалода, пяшчота, не параўнаць з новамоднымі тканінамі. З задавальненнем набылі камплекты.
Асобная вітрына для прадукцыі швейнага цэха льнозавода. З тканін таго ж Аршанскага камбіната заводскія майстрыхі шыюць выдатныя рэчы. Майстар цэха Ніна Баляйчук распрацоўвае і зацвярджае ў цэнтры стандартызацыі і метралогіі мадэлі сталовых і спальных камплектаў, спецадзення і г.д. Швачкі Ларыса Парошына, Святлана Кабяльчук, Ірына Папок, Алена Гатоўчыц і Наталля Новік шчыруюць над іх увасабленнем у тканіне. Вось, напрыклад, шыкоўны белы абрус для абедзеннага стала з кантраснымі рознакаляровымі сурвэткамі  – святочны варыянт і вельмі прыгожы. Пашытыя заводскімі майстрыхамі пасцельныя камплекты, ручнікі, прасціны нічым не адрозніваюцца ад фабрычных, хіба толькі таннейшым коштам.
Адкрыццё фірменнага заводскага магазіна “Лянок” у райцэнтры, на думку дырэктара ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” Дзмітрыя Скакуна, дасць магчымасць не толькі атрымаць дадатковы прыбытак, але і прапагандаваць сваю прадукцыю. Бо, на жаль, лён (ці, як яго яшчэ называюць, паўночны шоўк), у які спрадвеку апраналіся беларусы, часам незаслужана забываюць. Хаця няма больш здаровай і зручнай кашулі, чым ільняная. Да таго ж, свая.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *