Крымінальны аўтабізнес

Адрас міліцыі: Дзесюкевіча,43

Попыт на патрыманыя аўтамабілі паменшыўся, а выпадкі махлярскіх дзеянняў пад выглядам набыцця аўтатранспарту ў грамадзян пачасціліся.

Схема ўчынення злачынства  простая: махляр па аб’яве знаходзіць патэнцыяльную ахвяру – прадаўца аўтамабіля, аглядае транспарт-ны сродак, абяцае за яго прымальную цану, але па надуманых прычынах плаціць адразу толькі нязначную частку ад дамоўленай сумы. Абяцаючы разлічыцца з прадаўцом поўнасцю на наступны дзень, пакідае яму распіску аб даўгавым абавязацельстве, забірае аўтамабіль… І прападае. У той час як прадавец беспаспяхова спрабуе дазваніцца да пакупніка і забраць свае грошы, аўтамабіль на працягу некалькіх дзён  перапрадаецца па заніжанай цане.
Менавіта такая гісторыя здарылася з жыхаром Ляхавіцкага раёна, які ў адзін з красавіцкіх дзён даверыўся раней незнаёмаму чалавеку, перадаў яму свайго “жалезнага каня”. Прадаваў яго за суму, эквівалентную 1300 доларам ЗША, а рэальна атрымаў толькі 200. Як высветлілася падчас следства, прадпрымальным пакупніком аказаўся раней неаднаразова судзімы жыхар  г. Слуцка М. Ён праз некалькі дзён перапрадаў указаны аўтамабіль за 20 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, прысвоіўшы грошы сабе. Устаноўлена, што з 1 красавіка па 2 чэрвеня М. аналагічным спосабам завалодаў яшчэ сям’ю аўтамабілямі грамадзян на тэрыторыі Асіповіцкага, Салігорскага, Слуцкага і Клецкага раёнаў. У адносінах М. па ўсіх фактах махлярства ўзбуджаны крымінальныя справы па частцы 2 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса  Рэспублікі Беларусь, ён узяты пад варту. Злачынца панясе заслужанае пакаранне, але ці атрымаюць свае грошы ўсе прадаўцы аўтамабіляў – вялікае пытанне.
Паважаныя землякі, калі хтосьці пацярпеў ад дзеянняў махляроў,  неадкладна паведаміце пра гэта ў міліцыю. Гэтым вы дапаможаце ўстанавіць і затрымаць злачынцаў,  прадухіліць новыя злачынствы ў адносінах да іншых людзей.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, намеснік начальніка Ляхавіцкага РАСК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *