Ніва клопатаў нашых

Каласкі – нібы пад лінейку, поле чысцюткае. Плаўна, нібы караблі па моры,  плывуць па хлебнай ніве  магутныя камбайны. На полі каля Мядзведзічаў, дзе каласіцца трыцікале  СВК “Ляхавіцкі”, галоўны аграном гаспадаркі Іван Вітко не хаваў радасці і гонару за вырашчаны ўраджай: “Паглядзіце, якія налітыя каласы, адзін у адзін! Калі  чарговы раз не ўмяшаецца надвор’е, ураджай павінны сабраць выдатны”.

Так сцвярджаць ёсць усе падставы. Пад трыцікале ў сельгаскааператыве сёлета адведзена 353 гектары зямель (усяго зерневыя і зернебабовыя разам з кукурузай пасеяны на плошчы 1370 гектараў, што больш мінулагодняга). Па стану на 26 ліпеня ўраджайнасць гэтай культуры склала 72,6 цэнтнера з гектара. Калі справа пойдзе такім чынам і далей, то нагрузка на зернесушыльную гаспадарку СВК будзе адчувальнай.  У дзяржаўныя засекі неабходна даставіць 400 тон пшаніцы, 300 тон ячменю і 90 тон азімага рапсу.

… На полі шчыруюць тры экіпажы камбайнаў. Упэўнена адчувае сябе за штурвалам  вопытны механізатар старшы камбайнер Віктар Кардаш. Побач з ім у кабіне  напарнік — сын Вадзім (будучы банкаўскі работнік), які падчас канікулаў працуе на ўборцы — і бацьку дапамагчы, і грошай уласных падзарабіць. Па-майстэрску кіруе  адным з двух купленых у гэтым годзе па лізінгу новенькіх камбайнаў “Палессе” Фа-дзей Шпак – вадзіцель аўтобуса аддзела адукацыі райвыканкама. Трэці год запар на гарачую пару ўборачнай ён бярэ водпуск па асноўным месцы работы і адказна працуе на хлебнай ніве, таму па праву лічыцца сваім сярод сваіх у СВК “Ляхавіцкі”. “Людзі ўкладвалі не толькі працу, а і душу, каб вырасціць ураджай.  І сабраць яго неабходна да апошняга коласа, не губляючы ніводнага зярнятка, — разважае  старшы камбайнер і дадае: — Чаго хаваць: і прыробак добры”. Разам з Фадзеем Шпаком працуе яшчэ адзін “шэф” з аддзела адукацыі – таксама правераны ўборачны баец  Мечыслаў Бецька, які летась адвозіў зерне ад камбайна на элеватар.

Акрамя гэтых, на  жніве ў “Ляхавіцкім” задзейнічаны яшчэ 6 міні-брыгад у складзе старшага камбайнера і камбайнера. На рапсавым полі каля Мазурак зноў на перадавых пазіцыях шматразовыя пераможцы спаборніцтва на жніве — зладжаны экіпаж у складзе  Аляксандра Юніка і Сяргея Казакевіча.  Як заўжды, на пасту  нязменныя спадарожнікі камбайнераў – ва-дзіцелі на адвозцы зерня.

Дзённы заробак камбайнераў, як расказалі ў гаспадарцы, можа дасягаць 250 тысяч рублёў.  Да таго ж умовамі спаборніцтва ў сельгаскааператыве прадугледжаны і іншыя бонусы за хуткую, якасную і без парушэнняў тэхнікі бяспекі ўборку. Арганізавана і двухразовае харчаванне ўдзельнікаў жніва.

“Мы захоўваем тэхналогію вырошчвання кожнай культуры, у межах нормаў уносім мінеральныя ўдабрэнні і арганіку, своечасова праводзім падкормкі і апрацоўкі пасеваў ад шкоднікаў і хвароб. Адчувальным аказаўся недахоп вільгаці, асабліва на ячменных  палетках, аднак, спадзяёмся на неблагі ўраджай”, — сказаў на развітанне Іван Вітко. А вопытны аграном-практык  слоў на вецер не кідае.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *