Начаўскі хлеб

Бацька і сын Шклянікі.

Уладзімір Шклянік, які сёлета шчыруе разам з сынам Віталіем, настроены на мажорны лад. Усё ладзіцца: і камбайн працуе без збояў, і намалоты ёсць. Каб толькі надвор’е спрыяла. Сярод чатырох збожжаўборачных экіпажаў, якія сёлета выйшлі на начаўскую хлебную ніву, Шклянікі ў лідарах. Амаль упоравень ідуць Аляксандр Пятроўскі і Эдуард Чалядка, вельмі стараюцца браты Віталій і Сяргей Васюкевічы і экіпаж Івана Чушаля і Сяргея Жалнярэвіча. Кожная спрыяльная гадзіна для жняцоў – магчымасць прайсці лішнюю загонку, каб паспець схапіць колас, пакуль ён не стаў губляць спелыя зярняты. З 748 гектараў (столькі тут пасеяна збожжавых і зернебабовых) па стане на мінулы панядзелак было ўбрана   17 працэнтаў.

Да пачатку масавай уборкі зжалі  30 гектараў азімага ячменю, які даў на круг па  32,4 цэнтнера.     З 203 гектараў сабрана 213 тон насення рапсу.  Валерый Вайцешык і Яўгеній Генеральскі перасушылі яго на КЗС-10, і гаспадарка адправіла рапс на перапрацоўку. А цяпер вось азімае трыцікале:   з кожнага гектара намалочваюць па 42,8 цэнтнера. Півавараны ячмень крыху недацягвае да 40.
Вадзіцелі на адвозцы збожжа імкнуцца не дапусціць ні хвіліны прастою. Тут як тут ля поўнага бункера Уладзімір Падгурскі на сваім новенькім МАЗе: паспеў перавезці ўжо 420 тон збожжа. Стараецца і Дзмітрый Шастак.
Хлебны груз чакаюць на зернетаку: сёлетняе жніво пад акампанемент дажджу вымусіла задзейнічаць усе 3 сушыльныя ўстаноўкі гаспадаркі. Акрамя згаданай КЗС -10, якая працуе на мясцовых відах паліва, запрацавала новая – ТКМ-25. Тут гаспадараць Ігар Дараневіч і Сяргей Ясько. А на праверанай часам    КЗС-8 шчыруюць Уладзімір Купрыш і Сяргей Рабчынскі.
– Кожны дзень пачынаецца з таго, што ўсе ўдзельнікі жніва абавязкова збіраюцца ля інфармацыйнага стэнда, – расказвае намеснік дырэктара ДП “Нача” Галіна Рамейка. – Цікавяцца і сваімі вынікамі, і вынікамі калег. Ёсць і матэрыяльны стымул: пры падвядзенні вынікаў жніва будуць вызначаны два лепшыя камбайнеры і два вадзіцелі, якія атрымаюць грашовыя прэміі. Той, хто намалоціць тысячу тон зерня, таксама будзе ўзнагароджаны каштоўным падарункам.
На 26 ліпеня гаспадаркі раёна ўбралі 2858 гектараў збожжавых пры ўраджайнасці 41 цэнтнер з гектара.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Браты Васюкевічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *