З улікам міжнародных рэкамендацый

Парламенцкая выбарчая кампанія ў Беларусі набірае абароты. У гэтым годзе правілы яе правядзення адкарэкціраваны з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія місія наглядальнікаў склала па выніках выбараў Прэзідэнта Беларусі ў 2015 годзе. Прапановы міжнародных наглядальнікаў вывучае і прадоўжыць вывучаць пасля парламенцкіх выбараў міжведамасная экспертная група пры ЦВК. У яе склад уваходзіць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Дзмітрый Шаўцоў. У інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА ён расказаў, якія рэкамендацыі ўжо ўкараняюцца, што яшчэ трэба будзе абмеркаваць і якія прапановы, з яго пункту гледжання, немагчыма прымяніць у Беларусі.

–  Дзмітрый Яўгенавіч, Беларусь улічыла рэкамендацыі АБСЕ, якія датычацца павышэння празрыстасці стадый выбарчага працэсу. Якія змяненні ў сувязі з гэтым адбудуцца ў рабоце наглядальнікаў, выбарчых камісій?
– З улікам рэкамендацыі місіі АБСЕ члены камісіі пры падліку галасоў будуць размяшчацца з трох бакоў стала. Адзін бок застанецца адкрытым, каб наглядальнікі маглі бесперашкодна бачыць усю працэдуру. Лічу, што гэта абсалютна правільнае рашэнне. Ні ў каго з наглядальнікаў не павінна быць нават ценю падазрэння, што ад яго спрабуюць штосьці ўтаіць.
Пасяджэнні па фарміраванні выбарчых камісій праходзяць у дыскусійнай і адкрытай форме з абмеркаваннем дзелавых і палітычных якасцей прэтэндэнтаў. У выбарчых камісіях павінны прысутнічаць прадстаўнікі партый, грамадскіх аб’яднанняў. У гэтым пытанні мы займаем прынцыповую пазіцыю.
Іншая справа, што дакументы на ўключэнне ў склад выбаркамаў яны часта падаюць з парушэннямі і памылкамі. А потым, атрымаўшы адмову, пачынаюць абурацца. Але тут трэба разумець, што закон аднолькавы для ўсіх, ігнараваць яго было б няправільна.
– А да ідэі з празрыстымі урнамі для галасавання вы як ставіцеся?
– Мне больш камфортна, калі урна празрыстая. Так, магчыма, гэта даніна модзе. Але затое так спыняюцца домыслы.
У Мінску на прэзідэнцкіх выбарах каля 40 працэнтаў урнаў былі празрыстымі. Лічу, такую практыку трэба пашыраць. Зразумела, што гэта дадатковыя фінансавыя затраты, але тым не менш за некалькі выбарчых кампаній можна амаль усюды ўвесці празрыстыя урны.
– Частка рэкамендацый АБСЕ датычыцца датэрміновага галасавання. Як вы лічыце, ці варта Беларусі пераглядаць гэту сістэму, як прапануюць міжнародныя наглядальнікі?
– Я за тое, каб захаваць у нас датэрміновае галасаванне. Яно неабходна, гэта даказвае само жыццё. Ёсць іншагароднія студэнты, якія ў суботу-нядзелю едуць дадому. Яны не будуць заставацца ў інтэрнаце дзеля выбараў. Але ў той жа час трэба прывучаць моладзь выкарыстоўваць сваё выбарчае права. Малады чалавек павінен разумець, што яго голас важны для развіцця краіны. Не бачу сэнсу ў тым, каб пазбаўляць моладзь магчымасці прагаласаваць у зручны для яе час.
Многія ў дзень выбараў працуюць. Тэрміновая камандзіроўка, водпуск – ды і ці мала прычын, якія могуць перашкодзіць чалавеку прыйсці на ўчастак менавіта  11 верасня.
Калі ў мяне ёсць магчымасць прагаласаваць у дзень выбараў, то я абавязкова ёй карыстаюся. Ідзём на выбарчы ўчастак усёй сям’ёй. Старэйшы сын ужо сам можа галасаваць. Малодшы бачыць, што выбары – урачыстае мерапрыемства. Для яго гэта свята. Але, калі не атрымліваецца, я павінен ведаць, што змагу прагаласаваць датэрмінова.
– У некаторых краінах можна наогул галасаваць дыстанцыйна…
– Гэта добрая магчымасць, улічваючы развіццё ІТ-тэхналогій. Але ёсць рэчы, якія павінны быць кансерватыўнымі. Вядома нямала прыкладаў паспяховых хакерскіх атак на сайты банкаў і нават спецслужбаў. Уяўляеце, што будзе, калі нехта зменіць вынікі галасавання, як будуць абураны людзі. Давядзецца праводзіць выбары нанава, а гэта каласальныя бюджэтныя затраты.
– Справаздача місіі АБСЕ ўключае 30 рэкамендацый. Ці ёсць сярод іх такія, якія, з вашага пункту гледжання, не змогуць знайсці ў нас прымянення?
– Так, ёсць некаторыя прапановы, з якімі я як грамадзянін катэгарычна не згодны. Напрыклад, АБСЕ рэкамендуе перагле-дзець патрабаванне дзесяцігадовага знаходжання ў краіне для асоб, якія маюць права балаціравацца на пасаду Прэзідэнта. Гэта як мінімум абсурдна. Чалавек, які хоча стаць кіраўніком дзяржавы, павінен жыць праблемамі краіны нават не 10, а 15, 20 гадоў і больш. Калі чалавек, будучы за мяжой, хоча адтуль расказаць, як трэба жыць той ці іншай краіне, гэта смешна.
Міжнародныя наглядальнікі прапануюць перагледзець усеагульнае пазбаўленне права голасу грамадзян, якія знаходзяцца ў турмах, а таксама тых, хто прызнаны недзеяздольным. Пачнём з таго, што само паняцце «недзеяздольны» сведчыць аб тым, што чалавек не можа адказваць за свае дзеянні. Ён нават грамадзянска-прававыя здзелкі не можа праводзіць. Як ён можа галасаваць? Ён абмежаваны ў выбарчых правах па аб’ектыўных прычынах. Што датычыцца тых, хто адбывае тэрмін заключэння, то зразумела, што гэта такія ж грамадзяне, але ў чалавека ёсць абмежаванне волі з-за таго ці іншага правапарушэння. Лічу, што на той перыяд, што чалавек знаходзіцца ў турме, ён не можа ні балаціравацца, ні ўдзельнічаць у галасаванні.
Яшчэ адна прапанова ў тым, каб прадаставіць выбаршчыкам права падаваць у суд скаргі на дзеянні або бяздзейнасць выбаркамаў. Мне здаецца, што гэтага рабіць не варта.
Тым больш што ў нас выбудавана дакладная сістэма разгляду скаргаў на выбаркамы. Калі яны ўзнікаюць, то іх разглядае ЦВК. Гэта скрупулёзная і непрадузятая працэдура, калі заслухоўваюцца ўсе бакі. Людзі аператыўна атрымліваюць аргументаваныя адказы на свае скаргі.
Святлана САЎКО,  БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *