”Правільны” алгарытм другаснай сыравіны

У час знаёмства з мадэрнізаванай вытворчасцю льнозавода.

Не так даўно на вуліцах райцэнтра з’явіліся кантэйнеры для паасобнага збору пластыку, шкла і макулатуры. Аднак у большасці сваёй яны мала запатрабаваны ў насельніцтва. Пра гэта сведчаць лічбы, агучаныя камунальнікамі: з кантэйнераў шклабою сабрана крыху больш за тону , 600 кілаграмаў пластыку, а макулатуры  яшчэ менш –  110 кілаграмаў. Не ўсе разумеюць, што адходы  можна  ўцягваць у  гаспадарчы абарот пасля іх першаснага выкарыстання, пры гэтым вырашаць і пэўныя экалагічныя праблемы.

На пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло ў мінулую пятніцу з  удзелам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэя Каўхуты  і старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Тамары Ялкоўскай, аналізавалася работа прадпрыемстваў і арганізацый раёна па нарыхтоўцы і перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў і выкананні даведзеных заданняў.
Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч адзначыў, што  за  паўгоддзе раён паставіў на перапрацоўку адходаў паперы і кардону  126 тон пры гадавым заданні 400, шклабою – 96,7 пры заданні 100 тон. Падчас месячніка па зборы другаснай сыравіны сабрана больш за 165 тон макулатуры, шкла – амаль 264 і палімераў – 24 тоны. Доля ЖКГ і райпо  ў гэтым  заліку складае па адходах паперы і кардону  каля 28 і 35 тон, шкла – 32 і  26,6, палімераў – 4,3 і 3,6 тоны адпаведна. Сярод 63 арганізацый стопрацэнтна гадавое заданне па макулатуры выканалі  бляшаначны завод “Інтэрлак”, разлікова-касавы цэнтр №35 у г. Ляхавічы філіяла “Белаграпрамбанка”, “Брэствідэапракат”, раённая  арганізацыя  структуры БТПР і некаторыя іншыя. Паўгадавыя заданні па нарыхтоўцы ў поўным аб’ёме выканалі 25 прадпрыемстваў раёна. А некаторыя яшчэ не пачыналі.
Упершыню сёлета даведзены план па зборы зношанай бытавой тэхнікі жылкамунгасу і райпо як галоўным аператарам  па нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Камунальнікі выканалі 5 працэнтаў гадавога задання, спажывецкае таварыства і гэтым пахваліцца не можа.
У ЖКГ ёсць  прыёмны пункт другаснай сыравіны. На балансе прадпрыемства палігон цвёрдых бытавых адходаў і 10 міні- палігонаў, дзе  ажыццяўляецца дадатковая выбарка сыравіны.
З пачатку года за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства пры абыходжанні з адходамі  складзена 25 пратаколаў на агульную суму штрафу больш за 42 мільёны недэнамінаваных рублёў.
4 стацыянарныя нарыхтоўчыя пункты, перасоўны і 13 гандлёвых аб’ектаў ў вёсках – райпоўская нарыхтоўчая другасную сыравіну гаспадарка. Матэрыяльная база створана, справа за тым,  каб спажывецкае  таварыства  ішло насустрач насельніцтву.
На гэта ўказвала і Тамара Ялкоўская. Наведваючы вясковыя гандлёвыя кропкі вобласці, яна сустракалася з фактамі непрыняцця ад мясцовых жыхароў палімераў. Не раз тэлефанавалі ў раёнку і нашы землякі са скаргамі, што не могуць здаць у райпо макулатуру. Не абышла гэта праблема і рэдакцыю:  на дзвярах нарыхтоўчага пункта ў рабочы час вісеў замок. Давялося двойчы тэлефанаваць у райпо.
Сваё бачанне арганізацыі збору другаснай сыравіны выказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Андрэя Каўхуту цікавіў  шлях другаснай сыравіны пасля нарыхтоўкі, умовы яе захоўвання і   рэалізацыі. Закраналася пытанне складзіравання і захоўвання біяадходаў, ачысткі сцёкавых водаў.
Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу на неабходнасці рэканструявання ачышчальных збудаванняў. Гаварыў пра такую арганізацыю справы, якая дазволіць атрымліваць карысць ад палігонаў з добра наладжаным сартаваннем. А гэта энергія, прычым танная. Забяспечыць нават адну кропку электраэнергіяй, цяплом, выпрацаваных на біягазе, максімальна выкарыстаць патэнцыял палігонаў, рэзюмаваў старшыня райвыканкама і даў даручэнне адказным асобам вывучыць існуючы вопыт  у іншых раёнах, як і па ачыстцы сцёкавых водаў.
Тамара Ялкоўская ўказала на  пакуль неэфектыўную работу сартавальнай лініі камунгаса і рэкамендавала больш працаваць з насельніцтвам па нарыхтоўцы сыравіны, выкарыстоўваць па магчымасці меры заахвочвання. Прывяла ў прыклад вопыт індывідуальнага прадпрымальніка Валерыя Пронькі, які паспяхова займаецца нарыхтоўкай шкла.
Андрэй Каўхута адзначыў, што адна з галоўных задач пры абыходжанні з адходамі – іх перапрацоўка і атрыманне ад гэтай дзейнасці  прыбытку. Кожнае пытанне міністра, якое ён адрасаваў выступаючым, падказвала, як і куды рухацца, каб эканоміка збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны была з плюсам.
У прынятым рашэнні райвыканкам адзначыў шляхі актывізацыі работы па зборы другаснай сыравіны. Пастаўлены канкрэтныя задачы перад працоўнымі калектывамі, адказнымі службамі і асобамі.
У гэты ж дзень Андрэй Каўхута пабываў на малочным і кансервавым заводах, азнаёміўся з мадэрнізаванай вытворчасцю льнозавода. У цэнтры ўвагі былі пытанні экалагічнай бяспекі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *