Лета на лаўцы. У адну з пятніц карэспандэнт “ЛВ” пацікавіўся, дзе ў Ляхавічах моладзі можна адпачыць і цікава правесці час

Вечар перад суботай, пэўна, самы любімы ў многіх. Наперадзе доўгія      выхадныя, і гэты час хочацца выкарыстаць, што называецца па-максімуму.  У адну з пятніц карэспандэнт “ЛВ” пацікавіўся, дзе ў Ляхавічах моладзі можна адпачыць і цікава правесці час.

Напачатку восьмай гадзіны вечара жыццё ў райцэнтры цячэ размерана і павольна: па вуліцах няспешна прагульваюцца мамы з каляскамі, кампаніі рабят, на лаўках сядзяць пары, некаторыя бавяць час ля фантана, хтосьці крочыць па сваіх справах.
У пошуках месца адпачынку зазірнула  ў  дзіцяча- юнацкую спартыўную  школу. Вечарам яна не пустуе. У зале аматары футболу  рознага ўзросту. Адміністратар ДЮСШ тлумачыць, што яны   заплацілі  за гадзіну арэнды залы  крыху больш за 10 рублёў. Так, дарэчы, робяць нашыя землякі, якія любяць  тут паганяць мяч, пагуляць у валейбол. Папулярныя більярд і тэніс. Назіраю, як майстарскі б’юць кіем па шары ігракі. Аказалася, брастчане, у нашым райцэнтры яны ў камандзіроўцы – будуюць райпоўскі магазін.
Запатрабаваныя і трэнажорныя залы. Штовечар да 21 гадзіны дзверы ДЮСШ адкрыты для ўсіх жадаючых. І, галоўнае, прапанова карыстаецца попытам. У  вызначаныя дні, напрыклад,  група жанчын займаецца фітнесам. У спартшколу прыходзяць і работнікі некаторых  арганізацый.
На стадыёне пустынна, дзе-нідзе на трыбунах сядзяць падлеткі, нешта жыва абмяркоўваюць.
Накіроўваюся ў гарадскі Дом культуры. Цішыня…  На шыльдзе чытаю аб’яву пра гульнявую праграму для дзяцей у парку на вуліцы Дзесюкевіча  ў нядзелю. На гадзінніку – палова  дзявятай гадзіны вечара. Іду ў гэты  парк адпачынку. Раней летам ён заўсёды быў месцам прыцягнення моладзі. Старэйшае пакаленне з настальгіяй узгадвае,  як некалі бегалі сюды на танцы, тут жа некаторыя сустрэлі сваіх палавінак. У гэты пятнічны вечар тут  нікога.
Два тыдні назад па суботах у парку пачалі выступаць самадзейныя  калектывы раёна (такія канцэрты працягнуцца  да 1 верасня), а пасля – бясплатная дыскатэка. Пра платныя, якія калісьці праводзіліся не толькі па выхадных, але і ў пятніцу вечарам, ужо і не прыгадваюць.
Дырэктар ГДК Мікалай Ламака адзначае, што дыскатэкі ў райцэнтры  пачалі знікаць  не сёння. У штаце Дома культуры  нават няма спецыяліста, які б “круціў” музыку. Дадае, што не хоча моладзь наведваць платныя танцы. Ну, гэта вельмі суб’ектыўны погляд. Зацікавіць трэба, няўжо гэта такая складаная задача. Зімою ў ГДК праводзілі розныя мерапрыемствы, а напрыканцы бонусам – бясплатная дыскатэка. Дарэчы, раней дыскатэчны “кантынгент” у асноўным складалі непаўналетнія. Сённяшняе заканадаўства катэгарычнае: пасля 22 гадзін падлеткам на танцпляцоўцы не месца. На Купалле было складзена тры пратаколы за вячэрнія прагулкі  непаўналетніх без суправаджэння дарослых.
Усё так. Калі б не юнакі і дзяўчаты, якія праводзяць лета ў літаральным сэнсе  на… лаўцы.  У  цэнтры горада ў парку яблыку няма дзе ўпасці. Падыходжу да хлопцаў-адзінаццацікласнікаў. На пытанне, як  бы  яны хацелі  праводзіць  вольны  час, адказваюць: хапіла б і дыскатэкі. Сядзяць…  Але добра што  і так, а не шукаюць прыгод. Гэта  рабяты  з уладкаваных сем’яў, дзе за імі пільны кантроль. А  што рабіць тым, хто пакінуты  сам на сябе ? Чула, што цікавыя дыскатэкі ладзяць ў аграгарадках   і вёсках. Напрыклад, у Русінавічах, Жарабковічах, Галаўнінцах і г.д. Гарадскія дабрацца туды могуць толькі на матацыкле ці аўто. Для тых, хто без “жалезнага каня,” – не варыянт.
У любой справе галоўнае – знайсці нераўнадушнага, які зацікавіць і павядзе за сабой і так арганізуе адпачынак, што ў рабят  не будзе жадання без справы бадзяцца   па вуліцах.
Канешне, у райцэнтры многае робіцца, каб арганізаваць вольны час  юнакоў і дзяўчат. Але менавіта зараз, летам, чамусьці ўтварыўся нейкі вакуум.
Сучаснай моладзі патрэбны новыя, крэатыўныя формы адпачынку. Каб ярка, захапляльна, незвычайна. Дарэчы, у апошні дзень ліпеня запланаваны фестываль фарбаў. Магчыма, гэта зацікавіць юных ляхавічан? Многа моладзі тусуецца ля кінатэатра. Дзіцячы кінасеанс  пачынаецца ў 16 гадзін, для  дарослых  – у 19 і 21. Па словах дырэктара кінавідэасеткі раёна Юрыя Александровіча, “Кастрычнік” мае магчымасць  прапанаваць не толькі  фільмы  з афішы.  Але наплыву аматараў кіно не заўважана.
Вечарам на рыначнай плошчы сваё жыццё: аўтамабільныя гонкі, музыка… Часам   па начах тут так сваволяць, што  адгалоскі “шоу” разносяцца  далёка ад крыніцы весялосці.
Пра маладзёжныя тусоўкі ля запраўкі чула даўно. Напачатку адзінаццатай гадзіны ў гэты ж вечар  вырашыла задаволіць цікаўнасць. Рух там і сапраўды  актыўны. Пад’язджаюць маладыя людзі на машынах, сёе-тое купляюць у тутэйшым магазіне, гамоняць  і ад’язджаюць. Хто куды. Побач Баранавічы – маладзёжная  сталіца. А ў нас жыццё цячэ павольна. Разам з тым інспектар па справах непаўналетніх РАУС Сяргей Сокал  пазнаёміў са  статыстыкай падлеткавай злачыннасці. З пачатку года непаўналетнія ўчынілі 3 злачынствы, 60 правапарушэнняў. Частку, дарэчы, – пад уздзеяннем  спіртнога.
На ўдасканаленні арганізацыі вольнага часу   юнакоў і дзяўчат   неаднойчы засяроджваў увагу кіраўнік раёна  Вячаслаў Сельмановіч. Менавіта ў летні час гэтаму пытанню  неабходна надаць самую пільную ўвагу. Пра гэта зноў ішла размова на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак.
У тэму прагучала заўвага  начальніка РАНС Валерыя Равінскага, які пацвердзіў: заняцца 14-16-гадовым  ляхавічанам ды і старэйшым у вольны час, па вялікім рахунку, няма чым. Падмогу ў арганізацыі могуць аказаць нефармальныя лідары, якія дапамогуць згуртаваць менш актыўных  рабят. А сэнсавая напаўняльнасць фестываляў і іншых забаўляльных праграм – за дарослымі.
Прагучалі  меркаванні пра  арганізацыю  адпачынку моладзі. А Вячаслаў Сельмановіч адзначыў: да вырашэння гэтага пытання неабходна падыходзіць з улікам інтарэсаў  і запатрабаванняў  тых, для каго мерапрыемствы праводзяцца. Вольны час у юнакоў і дзяўчат трэба ”забраць” – зрабіць яго максімальна карысным.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *