У жніўным ліпені. СВК «Ляхавіцкі» лідзіруе ў раёне і па тэмпах уборкі, і па ўраджайнасці

Перадавы збожжаўборачны экіпаж СВК "Ляхавіцкі": дэлегат пятага Усебеларускага народнага сходу старшы камбайнер Віктар Кардаш і камбайнер Сцяпан Вітко.

У падарожжы па палетках СВК “Ляхавіцкі” даехалі аж да Цыгані. Гадоў 10 гаспадарка арандуе тутэйшыя землі паміж лясоў і пералескаў: кожнае поле па 40-80 гектараў. Некалі лічылася, што нявартая там глеба – пясок, а сёння меркаванні супраць-леглыя, бо там гаспадараць Вітко  і яго каманда – і гэтым усё сказана.

Вадзіцель Сяргей Кабушка ў чаканні чарговага намалочанага бункера зерня зазначае, што тут не засядзішся, бо прайшоў камбайн загонку і трэба хутчэй падганяць свой МАЗ.
– Вы толькі паглядзіце, якія важкія каласы! – хлебароб вылушчыў на далонь некалькі зярнят. – Нібы налітыя сонцам, поўныя і важкія.
На другім канцы жніўнага поля падаў сігнал на разгрузку камбайн Віктара Кардаша і Сцяпана Вітко, і тут жа МАЗ з прычэпам Аляксандра Вайцешыка рушыў з месца. Як і летась, гэты экіпаж і гэты вадзіцель на адвозцы зерня ў лідарах: іх жніўны почырк –  працаваць з душой.
Вось ён у справе – дэлегат пятага Усебеларускага народнага сходу, перадавы механізатар СВК “Ляхавіцкі” Віктар Кардаш, які перакананы, што сельскагаспадарчая вытворчасць павінна быць высокаэфектыўнай.
– Я хлебароб, і ганаруся гэтым, а яшчэ тым, што працую ў выдатнай гаспадарцы, згуртаваным калектыве. Лічу правільным і паказальным, што сёння новая тэхніка ў нашым СВК – айчыннай вытворчасці, што аўтаматызуюцца асноўныя тэхналагічныя працэсы. І самае галоўнае, моладзь наша – нераўнадушная і зацікаўленая. Прыклад  побач са мной: Сцяпан Вітко яшчэ студэнт, але ўжо вызначыў свой далейшы жыццёвы шлях – ён хлебароб новага пакалення і прадаўжальнік слаўнай дынастыі.
Невялікія па плошчы палі праглядаюцца ва ўсе бакі. Вось старшы камбайнер Сяргей Алейнікаў у экіпажы зноў з сынам Андрэем, мінулі пералесак, адразу “нырнулі” жаткай у густую збажыну. І нібы паплылі – павольна і ўпэўнена. А яшчэ беражліва: не пакідае камбайн на пожні ніводнага коласа.
Сёлета па колькасці намалочанага збожжа другі вынік у гаспадарцы ў сямейнага экіпажа Асланянаў. Прыемна глядзець, як бацька і сын упраўляюцца з работай: гаспадарскім вокам аглядаюць ніву, ацэньваюць зручнасць пад’ездаў да поля і ўпэўнена рухаюцца з прыпынкамі толькі на разгрузку бункера.
Тут на жніўным полі і галоўны інжынер гаспадаркі Андрэй Новік, які  расказаў, што ў сельгаскааператыве “схоплены” ўсе пытанні, якія датычаць тэхнічнага забеспячэння жніва. Заўсёды гатова выехаць у поле ці аказаць дапамогу па рамонце на базе – у мехмайстэрнях – свая брыгада спецыялістаў, якую ўзначальвае Яўгеній Гаўрыльчык. У больш складаных ці гарантыйных выпадках на выручку прыходзяць афіцыйныя прадстаўнікі вытворцаў тэхнікі. Наогул, такія экстранныя выпадкі бываюць не часта, бо тэхніка старанна падрыхтавана да работы, а кіруюць ёю надзейныя людзі.
Зусім нямнога часу прайшло, а сямейны экіпаж Асланянаў ужо сігналізуе пра поўны бункер. Два МАЗы з прычэпамі Аляксандра Вайцешыка і Сяргея Кабушкі запоўнены пад завязку – па тон 18-19 кожны. Лічы на хаду, каб не траціць часу, бо з Цыгані да Русінавіч шлях не блізкі, вадзіцелі расказалі, што за дзень, які пачынаецца ў іх на досвітку, паспяваюць зрабіць рэйс на хлебапрыёмны пункт (ноччу іх машыны загружаюцца на зернетаку пшаніцай), а пасля па 9-10 рэйсаў ад камбайнаў да сушыльных установак.
СВК “Ляхавіцкі”першым у раёне пачаў жніво і працягвае лідзіраваць. У гаспадарцы з 1230 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, па стане на 29 ліпеня ўбрана больш як 70 працэнтаў хлебных плошчаў, пры сярэдняй ураджайнасці 48,6 цэнтнера з гектара. Сельгаскааператыў першым пачаў і продаж збожжа дзяржаве: выкананне планавага задання падбіраецца пад 90 працэнтаў. Прымай, Радзіма, хлеб з “Ляхавіцкага”!
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сямейны экіпаж Асланянаў.

Бацька і сын Сяргей і Андрэй Алейнікавы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *