Дом з асобным уваходам. На пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама абмеркаваны ход індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, а таксама забеспячэнне яго неабходнай інжынерна-транспартнай інфраструктурай

Мара кожнай сям’і – мець уласнае жыллё, а яшчэ лепш  – быць гаспадарамі сядзібы з садам, соткамі  і  камунальнымі выгодамі. У нашым раёне ў сельвыканкамах адсутнічае  чарга  на  атрыманне  зямельных участкаў (акрамя Конькаўскага, дзе 5 чалавек жадаюць пабудаваць дом у вёсцы Літва, а свабодных участкаў няма). Гэту інфармацыю агучыў галоўны архітэктар раёна Віктар Асташэня на пасяджэнні райвыканкама.
Сёлета атрымалі ўчасткі пад будаўніцтва 3 чалавекі, якія стаялі на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў  (у мінулым годзе – 25).
Землеўпарадкавальная служба райвыканкама трымае на кантролі мэтавае выкарыстанне такой зямлі. У 2015 годзе з-за таго, што ва ўстаноўлены тэрмін грамадзяне так і не прыступілі да будаўніцтва жылля на выдзеленых участках, выдадзена 5 прадпісанняў, 2 прадастаўленыя пад будаўніцтва жылых дамоў участкі і  наогул адабраны.  Сёлета пазбавіліся неасвоеных участкаў яшчэ 2 гаспадары. Па стане на  1 ліпеня  ў райцэнтры свабодныя  46 зямельных  участкаў, у сельсаветах – 23.
У гэтым годзе запланавана ўвесці ў эксплуатацыю 6000 квадратных метраў жылля, у тым ліку 3880 (65 працэнтаў) – за кошт будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў. За першае паўгоддзе  агульная плошча ўведзенага ў эксплуатацыю жылля склала 1477 квадратаў, з іх у горадзе – 1353.  Па  дзяржаўным  заказе  ПМК-13 узводзіць у райцэнтры 40-кватэрны жылы дом, у які ўключаны 2 кватэры сацыяльнага карыстання. Па стане на  1 ліпеня на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у раёне стаіць 1021 сям’я, у тым ліку 119 мнагадзетных.
На будаўніцтва аб’ектаў  інжынернай і транспартнай інфраструктуры з абласнога бюджэту сёлета  выдаткавана 1154 мільёны недэнамінаваных рублёў.  Завершаны работы па добраўпарадкаванні вуліц квартала індывідуальнай жылой забудовы ў межах Радужнай, Дружнай у райцэнтры, на гэты аб’ект было выдзелена  з  абласнога бюджэту больш за  2637 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.  З  раённага бюджэту 300 мільёнаў рублёў  пайшло на  ўладкаванне  сетак вулічнай каналізацыі па Першамайскай, Мінскай у райцэнтры.  У квартале індывідуальнай забудовы “Патапавіцкі” (92 участкі, у тым ліку 22 незанятыя)  у эксплуатацыю ўведзены  сеткі водаправода, электра- і газазабеспячэння, вулічнага асвятлення. Застаецца адкрытым з-за фінансавых цяжкасцяў пытанне  ўладкавання каналізацыйных сетак і пясчана-гравійнага  пакрыцця вуліц. Яно –  на парадку  дня.
Патрабаванне старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча адназначнае:  працягваць уладкаванне існуючай інфраструктуры, сканцэнтраваць на гэтым намаганні адказных службаў і асоб, каб зрабіць жыццё нашых землякоў больш камфортным.
Рашэннем райвыканкама канкрэтныя задачы пастаўлены перад землеўпарадкавальнай службай, аддзелам архітэктуры і будаўніцтва, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», мясцовай структурай УКБ г. Баранавічы. Кантроль за выкананнем ускладзены на намесніка старшыні райвыканкама па накірунку дзейнасці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *