А да пакупкі – добры настрой

У апошнюю нядзелю ліпеня прафесійнае свята адзначаюць работнікі гандлю. Заўтра віншаванні з гэтай нагоды будуць прымаць прадаўцы, таваразнаўцы, іншыя прадстаўнікі і ветэраны гандлёвай сферы. З работнікамі гандлю мы сустракаемся амаль штодзень – у любімай фірменнай краме ці магазінчыку каля дома, на рынку і ў гандлёвых павільёнах, у кропках грамадскага харчавання, а цяпер і ў інтэрнэт-магазінах.  Іх прафесіяналізм, адказнае стаўленне да справы і жаданне па-максімуму забяспечыць патрэбы кліентаў з самымі рознымі густамі і запытамі – немалаважны элемент нашага зручнага быту і добрага настрою.
Даволі папулярная гандлёвая кропка ў нашым райцэнтры – магазін раённага спажывецкага таварыства “Родны кут. Дыскаўнтар”, які многія па-ранейшаму звыкла называюць “Ветэран”. Маленькая крама, як цяпер прынята гаварыць, крокавай даступнасці, трывала заняла сваю нішу ў мясцовай гандлёвай прасторы і мае нямала пастаянных пакупнікоў.  Канешне, запатрабаванасць у многім тлумачыцца ўдалым маркетынгавым ходам – дыскаўнтар прапануе тавары са скідкамі (гандлёвыя надбаўкі на ўвесь асартымент зніжаны на 15 працэнтаў у параўнанні з іншымі магазінамі сістэмы, а на кандытарскія вырабы – на 35 працэнтаў). Але не толькі. Сярод тутэйшых плюсаў, што паспелі ацаніць многія ляхавічане, –  прыстойны асартымент саладосцяў – ці не лепшы ў горадзе, заўсёды свежая прадукцыя самых вядомых беларускіх кандытарскіх брэндаў і, безумоўна, ветлівыя і зацікаўленыя прадаўцы. Алена Шода (яна загадвае магазінам) і Галіна Андрушкевіч (на здымку) працуюць так, каб кожны пакупнік меў жаданне яшчэ не раз завітаць у іх “Родны кут”.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *