Мірна-хлебны пейзаж

Бацька і сын - Віктар і Сяргей Гачко.

Блакітна-глыбокае неба. Роўнядзь залатога поля, па якім велічна  плывуць збожжаўборачныя камбайны. Побач,  бы кантралёры на жніве,  важна крочаць буслы. Мірна-хлебны  пейзаж  намаляваны ў  полі  КСУП “Ліпнянка”. Камбайны тым часам перастройваюцца: зжата  трыцікале, на чарзе ячмень. Ён за дзень падсох, абветрыў – можна пачынаць.

Нябесная канцылярыя хоць сёлета і трымае аграрыяў у напружанні, дырэктар прадпрыемства Станіслаў Берташ і галоўны аграном Яўгеній Праневіч упэўнены: «Ліпнянка» справіцца са жнівом у тэрмін. З амаль 600 гектараў (столькі тут пасеяна збожжавых і зернебабовых) убрана палова.

Ураджайнасць 27,3 цэнтнера з гектара пры бальнасці глебы 25 хоць і не выглядае на фоне іншых гаспадарак унушальна, але ўсё ж радуе і надае аптымізму – плюсуе на 5 цэнтнераў у параўнанні з мінулым годам. Да таго ж, на «дэсерт» застаюцца ўчасткі з азімымі, дзе колас больш важкі.

Людзі стараюцца, працуюць з веданнем справы. Усе пяць задзейнічаных на жніве экіпажаў не навічкі, адзначае дырэктар. А аграном падхоплівае: падрыхтавалі тэхніку самі, без дадатковых укладанняў.

На КЗС-12 шчыруе сямейны экіпаж сына і бацькі Аляксандра і Івана Салодкіх, дзе сын – за старшага. Аляксандр жыве ў сталіцы, але спецыяльна на ўборку бярэ водпуск і адпраўляецца ў родныя мясціны. Яго жніўны стаж –  больш за 20 сезонаў. Саша ў свой час скончыў агра-механічны факультэт БДАТУ. З тэхнікай на ты і любую паломку ўстараніць, калі спатрэбіцца, з лёгкасцю і хутка. Рукі сапраўды залатыя. Як і ў бацькі. Той працуе загадчыкам мехмайстэрні, а на камбайн перасаджваецца дзеля сына.

Водпуск не на моры, а на жніве праводзіць і Сяргей Гачко. З бацькам у іх зладжаны прафесійны тандэм – не адзін жніўны сезон яны шчыруюць разам. Віктар Аляксандравіч за штурвалам больш за 35 гадоў, навучыў усім тонкасцям і сына, які штогод пакідае Мінск дзеля “Ліпнянкі”. Сяргей адзначае, што сям’я яго ўсяляк падтрымлівае. Ды і заробленыя на жніве грошы –  важкі ўзнос у іх бюджэт.

…Камбайнеры не звяртаюць увагі на спякоту, спяшаюцца напоўніць збожжам бункеры. Вадзіцель Алег Крэйдзіч імчыць да іх на МАЗ-555. У гаспадарцы ён нядаўна, але паспеў выдатна сябе зарэкамендаваць.

Дырэктар адзначае, што зараз кожная мінута важная: адначасова жнуць, аруць, сеюць, прасуюць салому. Абеды ўдзельнікам жніва дастаўляюць сытныя і смачныя прама ў поле.

Тактыка працаваць па-гаспадарску дае першыя сціплыя вынікі: плюсуе малако, ствараецца кармавая база, выконваецца дзяржаўны заказ па збожжы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галоўны аграном Яўгеній Праневіч (другі справа) і старшы камбайнер Аляксандр Салодкі.

Вадзіцель Алег Крэйдзіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *