Хуткая – не таксі

У “ЛВ” № 54 ад 20 ліпеня была змешчана публікацыя пад загалоўкам “103: заўсёды гатовыя прыняць выклік”, у  якой расказвалася  пра работу хуткай дапамогі. Аўтарскі матэрыял знайшоў водгук: сваё  глыбокае бачанне работы калег, спецыфікі службы, яе праблем акрэсліў загадчык аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Савасцюк.

Вельмі запатрабаваная, аператыўная, высокакваліфікаваная служба хуткай дапамогі ў дачыненне да ляхавіцкай у лічбах і фактах гучыць так: у суткі тут фіксуецца 27 выклікаў (за год у сярэднім 9 000), і толькі трэцяя частка з іх з’яўляюцца сапраўды экстраннымі і тэрміновымі. У многіх выпадках стан пацыента не патрабуе якога-небудзь сур’ёзнага медыцынскага ўмяшальніцтва. Бывае, у чалавека павысілася тэмпература ці нязначна падскочыў артэрыяльны ціск, а ў паліклініку ісці не хочацца. Вось і атрымліваецца, што хуткая дапамога “вязе” дзясяткі кіламетраў таблетку ад ціску ці ад тэмпературы. Іншы раз пацыент заяўляе: магу выклікаць брыгаду хуткай столькі, колькі захочацца. Пры гэтым ігнаруе ўрачэбныя рэкамендацыі аб самастойным рэгулярным прыёме лекавага сродку. Асобная тэма – выклікі па прычыне алкагольнага ап’янення.

Паказчык колькасці выездаў у разліку на тысячу жыхароў у нашым раёне значна большы сярэднеабласнога і адзін з самых высокіх па колькасці зваротаў на нумар 103.  Нагадаю, што бясплатны для пацыентаў выклік брыгады хуткай дапамогі бюджэту абыходзіцца ў сярэднім у 37,9 рублёў (379000 недэнамінаваных рублёў).

У першым паўгоддзі жыхары Ляхавічаў і раёна часцей за ўсё выклікалі хуткую з-за захворванняў сістэмы крывазвароту (34,9 працэнта, з іх 19,4 – артэрыяльная гіпертэнзія), органаў дыхання (12,3), транспартыроўкі хворых (7,9), траўмаў (6,6).

Перш, чым набраць 103, трэба падумаць пра абгрунтаванасць выкліку. Без ваганняў званіць неабходна, калі стан здароўя чалавека ў гэты момант уяўляе небяспеку для жыцця ці такую небяспеку ўяўляе неаказанне медыцынскай дапамогі на працягу гадзіны.

Усе выклікі хуткай падзяляюцца па тэрміновасці. На экстранны брыгады выязджаюць на працягу 4 хвілін, на тэрміновы – на працягу 15 хвілін, на неадкладны – на працягу гадзіны. Да экстраннай меддапамогі адносяцца няшчасныя выпадкі (транспартныя і бытавыя траўмы з глыбокімі і вялікімі ранамі, паражэнне электратокам, вострыя атручванні нехарчовага характару, утапленне), а таксама страта прытомнасці, сутаргі, вострыя парушэнні дыхання, сып з высокай тэмпературай у дзяцей.

Тэрміновымі лічацца выклікі па прычыне парушэння рытму сэрца, прыступаў сардэчных і бранхіяльнай астмы, крывацёку, родаў, адмарожванняў, раптоўных парушэнняў рухальнай актыўнасці.

Неадкладную дапамогу выклікаюць пры атручванні ежай, галаўным болі, галавакружэнні, павышэнні артэрыяльнага ціску і тэмпературы (калі тэмпература не зніжаецца гарачкапаніжальнымі сродкамі), болях у жываце, спіне, грудной клетцы (пры адсутнасці траўмы), затрымцы мачы, невялікіх абмежаваных апёках, ныркавых коліках, ірвоце, неадэкватных паводзінах і ў некаторых іншых сітуацыях. Пералічаныя выпадкі экстраннымі не лічацца, і выклік можа быць перададзены сфарміраванай у паліклініцы брыгадзе неадкладнай дапамогі ў складзе 2 памочнікаў урача, якая будзе працаваць у будныя дні з 8 да 19 гадзін.

Што паведаміць пры званку на 103. Рэдка людзі тэлефануюць у хуткую, знаходзячыся ў спакойным стане. Тым не менш, неабходна ўзяць сябе ў рукі, таму што хуткасць і эфектыўнасць аказання дапамогі ў многім залежыць ад таго, наколькі правільна зроблены выклік.

Будзьце тактоўнымі. Майце на ўвазе, што размова запісваецца, і ў выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі запіс можна будзе праслухаць.

Пры тэлефанаванні трэба паведаміць дыспетчару прычыну выкліку, прозвішча, імя, імя па бацьку і ўзрост хворага, дакладны адрас, нумар дамашняга тэлефона, код дзвярэй пад’езда. Неабходна назваць скаргі хворага, наяўнасць хранічных захворванняў. Важна ў чаканні хуткай забяспечыць бесперашкодны доступ медыкаў у кватэру ці прыватны дом (па магчымасці сустрэць брыгаду на вуліцы, каля пад’езда, калі ў доме ёсць сабака, закрыць яго). Нялішнім будзе дапамагчы ў пераносцы медапаратуры ад аўтамабіля да месца аказання дапамогі. Варта напомніць пра ветлівасць і разуменне: не заўсёды час прыбыцця залежыць ад работнікаў брыгады хуткай медыцынскай дапамогі.

У некаторых выпадках па тэлефоне 103 можна атрымаць адмову ў выкліку, калі прычына яго не знаходзіцца ў кампетэнцыі брыгады. Дзяжурны фельчар па прыёме і перадачы выклікаў, у залежнасці ад прычыны звароту, мае права даваць кансультацыі па тэлефоне без накіравання да пацыента хуткай, а таксама рэкамендаваць, у якую арганізацыю аховы здароўя можна звярнуцца за меддапамогай.

Іншы раз дастаткова пракансультавацца з фельчарам па прыёме і перадачы выклікаў: калі павысіліся тэмпература ці артэрыяльны ціск, баляць суставы, спіна, канечнасці, галава, пры ўдарах мяккіх тканак ці невялікіх абмежаваных апёках, наконт таго, да якога ўрача пацыенту трэба звярнуцца.

Напомню: медперсанал аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі не праводзіць сістэматычнага лячэння хворых, не выдае бальнічных лістоў, судова-медыцынскіх і экспертных заключэнняў, пісьмовых даведак, не выпісвае рэцэпты. Хуткая не прыедзе рабіць працэдуры, назначаныя ўчастковым урачом, не павязе хворага на прыём у паліклініку ці дадому з бальніцы.

Пра неабгрунтаваныя выклікі. Да іх і да несапраўдных адносяцца наступныя: паведамленні заведама непраўдзівай інфармацыі пра адрас выкліку ці пацыента, адмова ад медыцынскай дапамогі, самастойная дастаўка ў медустанову без адмены выкліку, паўторны – для шпіталізацыі пасля папярэдняй адмовы ад дастаўкі ў бальніцу, выклік да жывёл і некаторыя іншыя. За паведамленне несапраўдных, ілжывых даных, а таксама за супрацьпраўныя ўчынкі ў адносінах да персаналу хуткай, прадугледжаны адміністрацыйная і (ці) крымінальная адказнасць. А вось адказнасці за неабгрунтаваны выклік пакуль не прадугледжана, хаця пытанне ўжо разглядаецца. Дарэчы, брыгада можа пакінуць выклік без абслугоўвання ў выпадку, калі існуе пагроза жыццю і здароўю персаналу. У некаторых выпадках работнікі могуць звяртацца за дапамогай у праваахоўныя органы (прысутнасць у памяшканні жывёлы, агрэсіўна настроеных асоб, ці тых, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення).

На думку спецыялістаў, служба 103 павінна працаваць у рэжыме чакання. Тады не будзе сітуацыі, калі нехта мае патрэбу ў экстранным лячэнні, а машына хуткай у гэты момант занята тым, што абслугоўвае нетэрміновы выклік.

Уладзімір САВАСЦЮК, загадчык аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ЦРБ.

One thought on “Хуткая – не таксі

  • 10/08/2016 в 12:56
    Permalink

    Согласна с автором. Из-за чьего-то желания пообщаться, помощь может не приехать к тому,кому она жизненно нужна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *