Не ўсякі пластык – для кантэйнера

У рэдакцыю патэлефанавала нераўнадушная ляхавічанка – жыхарка вуліцы Заходняй. Расказала, што яе сям’я з гатоўнасцю далучылася да карыснай экалагічнай ініцыятывы і старанна сартуе смецце, збірае яго паасобна. Вось толькі калі сабраліся выкінуць у спецыялізаваны кантэйнер сабраны пластык – сутыкнуліся з праблемай. “Мы збіралі ўсё – баначкі з-пад ёгурта, упакоўку ад тартоў, каністры ад мыйных сродкаў. А аказалася, што выкінуць у кантэйнер многае з сабранага не атрымліваецца: верх у ім зачынены, а круглыя адтуліны прызначаны выключна для ПЭТ-бутэлек, іншае туды проста не прасоўваецца”, – падзялілася жанчына. І пацікавілася, што рабіць у такім выпадку, ці можна смецце паставіць проста ў мяшку каля кантэйнера.
Пытанне, якое, магчыма, хвалюе і іншых нашых землякоў, рэдакцыя адрасавала спецыялістам КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. Сітуацыю пракаменціравала майстар участка “Саначыстка” Святлана Курловіч: “Сапраўды, кантэйнеры для паасобнага збору смецця зверху зачынены на замок – гэта патрабаванне санітарнай службы. Ды і, на жаль, не ўсе такія свядомыя, як гэта сям’я. Некаторыя па-ранейшаму выносяць да кантэйнераў бытавое смецце. Таму калі нехта паставіць мяшок ці пакет з пластыкам, шклом ці паперай на пляцоўцы для паасобнага збору, вельмі верагодна, што ён хутка “абрасце” і іншым смеццем. Як варыянт – выкінуць пластык у кантэйнер для паперы, у якім адтуліны большыя. Яго будзе нескладана адсартаваць на нашым сартавальным пункце. Калі пластыку, шкла ці паперы назбіралася многа, можна завезці яго на прыёмны пункт другаснай сыравіны на вуліцы Чкалава ў будынку рытуальнага магазіна. Там за другасную сыравіну плацяць грошы.”
Святлана Курловіч нагадала, што не ўвесь пластык прыдатны для перапрацоўкі: “Напрыклад, упакоўку ад тартоў, ёгуртаў, маянэзу, кетчупу, кавы, чыпсаў, а таксама тубы з-пад зубной пасты, канцылярскія вырабы нельга кідаць у кантэйнеры. Яны прызначаны для збору ПЭТ-бутэлек, тары з-пад бытавой хіміі, пакетаў і мяшкоў, а таксама дамашніх рэчаў: пластыкавых тазоў, вёдраў, вешалак і г.д. Інфармацыя пра гэта размешчана на саміх кантэйнерах.”
На іх жа, дарэчы, ёсць напамін пра тое, што можна і нельга выкідаць у кантэйнеры для збору паперы. Можна – скрынкі, сшыткі, газеты і часопісы, папяровыя пакеты. Нельга – упакоўку ад соку і малака, фотаздымкі, выкарыстаныя шпалеры, забруджаную ўпакоўку ад ежы (напрыклад, піцы).
Са шклом усё зразумела: у спецыялізаваныя кантэйнеры для яго збору дазваляецца грузіць бутэлькі, слоікі, шкляны посуд, шклабой.
А вы ўжо збіраеце смецце паасобна? Гэта нескладаная звычка здольна сэканоміць дзяржаве немалыя сродкі.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *