Шукаюць вадзіцеля, вадзіцель шукае

Часам у жыцці здараецца незапланаванае. Кагосьці скарацілі, іншаму захацелася нешта памяняць у сваім жыцці,  другога не задавальняюць умовы працы ці заработная плата. Некаторыя самі адпраўляюцца на пошукі работы, да дзірак зачытваюць газеты з аб’явамі, хтосьці становіцца кліентам  службы занятасці і цэнтраў перападрыхтоўкі кадраў ці заўсёднікам кірмашоў вакансій. Некаторыя  пасля доўгіх блуканняў і  сумненняў кардынальна мяняюць прафесію.
Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла заўважыла:  паказчык па беспрацоўі ў нашым раёне – 1,1 працэнта ад колькасці  эканамічна актыўнага насельніцтва (ніжэй за агульнаабласны). Па стане на 1 жніўня на ўліку ў службе занятасці    119 чалавек, з іх 69 вяскоўцы. Сярод беспрацоўных – 36 жанчын,  22 прадстаўнікі маладога пакалення, 46 чалавек атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі,  92  зарэгістраваныя ў службе занятасці задзейнічаны на грамадскіх работах па добраўпарадкаванні і азеляненні вёсак, аграгарадкоў, райцэнтра.  Усяго за 7 месяцаў сёлета за дапамогай у пошуку работы, атрыманнем накіравання на вучобу ці перанавучанне сюды звярнуліся   314 жыхароў раёна.
Існуе агульнаабласны банк вакансій, са зместам  якога можна азнаёміцца ў тым ліку і на старонцы Ляхавіцкага райвыканкама на  сайце аблвыканкама. Гэту інфармацыю можна атрымаць і ў службе занятасці. Часцей за ўсё работу шукаюць бухгалтары і юрысты. Сярод самых запатрабаваных прафесій – урачы, медыцынскія сёстры, прадаўцы, спецыялісты сельскай гаспадаркі.  Ёсць і залатая сярэдзіна – вадзіцелі мараць працаўладкавацца, і  вакансій для іх шмат.
У нашым раёне ёсць вакансіі для працаўладкавання ў лясгасе, райпо, райаграсэрвісе, раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і ў некаторых іншых арганізацыях і на прадпрыемствах. Па даных службы занятасці на 1 жніўня налічваецца   43 вакансіі.
Курсы па атрыманні новай прафесіі ці перакваліфікацыя – добры варыянт для тых, хто па розных прычынах застаўся без працы ці жадае знайсці больш высокааплатную. У асноўным гэта магчымасць запатрабавана маладымі людзьмі. Па словах Ірыны Пабягайла, з  пачатку гэтага года на вучобу накіравана   8 чалавек.
Па-ранейшаму існуе    выдатная прапанова для  ініцыятыўных і прадпрымальных. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама  мае магчымасць выдаць субсідыі на развіццё бізнесу. Але сёлета жадаючых заняцца сваёй справай сярод нашых землякоў  пакуль не знайшлося.
Дарэчы, у службу занятасці звяртаюцца з заяўкамі на спецыялістаў арганізацыі не толькі  Ляхавіцкага раёна, але і іншых рэгіёнаў  краіны.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *