На 110 месцаў – 521 кандыдат

Для ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання зарэгістраваны 521 кандыдат. Аб гэтым паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

«Зарэгістраваны 521 кандыдат у дэпутаты, 93 прэтэндэнтам адмоўлена, 16 чалавек самі адмовіліся ад удзелу ў выбарах», – сказала кіраўнік ЦВК. У цэлым яна пазітыўна ацэньвае колькасць канчатковых прэтэндэнтаў на месца ў парламенце, паколькі працэнт адмовы ў рэгістрацыі невысокі. «Працэнтныя адносіны адмоў – 14,8 працэнта, што на 10 працэнтаў менш, чым чатыры гады таму. Для параўнання: на папярэдніх парламенцкіх выбарах было зарэгістравана 363 кандыдаты, адмоў было 122, або 24,7 працэнта», – адзначыла Лідзія Ярмошына.
Усяго ў гэтым годзе кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 630 чалавек, што на 130 больш, чым на выбарах у 2012 годзе. У выбаркамы паступіла 765 камплектаў дакументаў, што сведчыць аб розных спосабах вылучэння.
У цэлым, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, конкурс на дэпутацкае месца даволі высокі. «Ужо цяпер можна гаварыць, што ў горадзе Мінску на адно дэпутацкае месца прэтэндуе амаль 6 грамадзян Беларусі (5,7). Па астатніх рэгіёнах конкурс, як правіла, складае больш за чатыры чалавекі. Менш за ўсё пакуль паказвае кандыдатаў на адно дэпутацкае месца Мінская вобласць, дзе ў сярэднім конкурс складае 3,9. Але гэта больш шырокая альтэрнатыва, чым тая, якая была чатыры гады таму пры правядзенні парламенцкіх выбараў 2012 года», – дадала яна.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасня, кандыдаты будуць змагацца за 110 месцаў у парламенце.
Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *