У каледж — па конкурсу

Каму цяпер не пазайздросціш, дык гэта сёлетнім выпускнікам школ і іх бацькам, якія стараюцца, каб абітурыенты трапілі ў студэнцкае асяроддзе. Для іх лета – сапраўдны час выпрабаванняў і старт у самастойнае дарослае жыццё: выпускныя экзамены ў школе, тэсціраванне, падача дакументаў у ССНУ ці ВНУ, залічэнне на бюджэтную ці платную форму… З сярэдзіны ліпеня да сярэдзіны жніўня адказная пара і для членаў прыёмных камісій ВНУ і ССНУ.

Па традыцыі з 15 ліпеня пачалася  ўступная кампанія і ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы.

— На 2011-2012  навучальны год на дзённую форму навучання на 3 аддзяленні  (агранамія, заатэхнія і ветэрынарная медыцына)  плануецца набраць 195 навучэнцаў на бюджэтную форму і 45 – на ўмовах аплаты, — расказвае старшыня прыёмнай камісіі ЛДАКа Мікалай Краўчук.

Па стану на канец ліпеня жаданне стаць каляджанамі выказалі больш за 100 юнакоў і дзяўчат, якія падалі дакументы ў прыёмную камісію (яна, дарэчы, працуе штодзённа, акрамя нядзелі, з 9 да 18 гадзін). Аднак, па словах Мікалая  Краўчука, найбольшы  наплыў абітурыентаў чакаецца    пасля таго, як адбудзецца залічэнне ў ВНУ. Менавіта тады ў каледж панясуць дакументы тыя, хто не прайшоў па конкурсу ў інстытуты і ўніверсітэты. Геаграфія паступаючых даволі шырокая, хаця пераважная большасць абітурыентаў — выпускнікі школ Клецкага, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.

ЛДАК па-ранейшаму — установа папулярная.  Гэтаму  спрыяе  выдатная тэарэтычная і практычная падрыхтоўка будучых спецыялістаў сельскай гаспадаркі, добрая матэрыяльная база каледжа і выдатныя ўмовы для вучобы і адпачынку. На ўсе спецыяльнасці  залічэнне праводзіцца па конкурсу сярэдняга бала дакумента аб адукацыі,  у якім адзнакі  павінны быць не ніжэй “тройкі”. Сярод тых, хто падаў дакументы  сёлета, самы высокі бал пасведчання  аб адукацыі за курс базавай школы – 8,5.

У рамках праграмы прафарыентацыі  (дні адкрытых дзвярэй, выезд спецыялізаваных брыгад  па месцы размеркавання сваіх выпускнікоў, аб’явы аб чарговым наборы ў СМІ, свая старонка ў інтэрнэце) мабільныя групы выкладчыкаў ЛДАКа выязджалі ў розныя раёны Беларусі, дзе праводзілі агітацыйную работу сярод выпускнікоў школ. Некаторыя з патэнцыяльных абітурыентаў прама  на месцы пісалі заявы аб прыняцці на вучобу.  Ім заставалася толькі падаць дакументы. Карэспандэнт “ЛВ” стаў сведкам, як падчас гэтай працэдуры адна з мам па-цікавілася ўмовамі вучобы, пражывання, харчавання і адпачынку. І, між іншым, была відавочна задаволена адказам намесніка дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Святланы Тарасевіч, якая  паведаміла, што ў інтэрнатах ЛДАКа (месца ў іх атрымліваюць усе жадаючыя іншагароднія навучэнцы) заўжды дысцыпліна, чысціня і парадак. Іх наво-дзяць і падтрым-ліваюць  самі рабяты. Што датычыцца харчавання, то да паслуг каляджан сталовая, прычым недарагая, буфет у інтэрнаце №4, а яшчэ — побач універсам, што таксама зручна.

— Паспяхова вучыцца – выгадна, так гавару нашым студэнтам.  Пры добрых адзнаках і паводзінах, а таксама актыўным   удзеле у жыцці каледжа можна атрымаць стыпендыю да 250 тысяч рублёў. Да таго ж ёсць шанц стаць уладальнікамі і разнастайных імянных стыпендый, галоўнае, каб было жаданне вучыцца, — расказвае Святлана Тарасевіч.

— Будучых  навучэнцаў і іх бацькоў хвалююць пытанні забяспечанасці інтэрнатам, памеру стыпендый, умоў навучання і будучае размеркаванне. Некаторыя на ўласныя вочы жадаюць праверыць сказанае і, напрыклад, наведваюць інтэрнат ці  аўдыторыі, дзе праводзяцца заняткі. На ўсе запыты яны атрымліваюць  дасканалыя адказы членаў прыёмнай камісіі, — гаворыць Мікалай Краўчук.

Прыём дакументаў у ЛДАКу ад абітурыентаў, хто скончыў базавую школу, завяршыўся 29 ліпеня, а ад маючых сярэдняю адукацыю  прадоўжыцца да  8 жніўня.  Залічэнне  адпаведна адбудзецца 2 і 11жніўня, на аснове аплаты – 16 жніўня.

Дарэчы, у рэшце рэшт, пачынаючы з 2011-2012 навучальнага года,  у Баранавіцкім  дзяржаўным універсітэце можна атрымаць вышэйшую адукацыю ў галіне сельскай гаспадаркі па сістэме  бесперапыннай адукацыі. Усе заняткі будуць праводзіцца на базе Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа – структурнага параздзялення БарДУ.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *