Праўда. Толькі праўда. Нічога акрамя праўды

Старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Іван Наскевіч уручыў начальніку РАСК Віталію Лабанаву медаль “За бездакорную службу” II ступені за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў.

Паляпшэнне якасці, аператыўнасці   і эфектыўнасці папярэдняга следства – задачы, якія пастаўлены перад Следчым камітэтам. Забеспячэнне бяспекі асобы, грамадства,  дзяржавы, выяўленне парушэнняў закона, прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў, прыняцце мер па іх ухіленні і  г.д. – яго кампетэнцыя.  Пра будні райаддзела   карэспандэнту  “ЛВ”   расказаў  начальнік Ляхавіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Віталій  Лабанаў.

Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, рэдакцыі стала вядома, што Віталій Аляксандравіч узнагароджаны медалём   “За бездакорную службу”  II ступені.
– Пяць гадоў Ляхавіцкі  РАСК  працуе як  асобная структура. Наколькі   вынікова?
– Галоўны наш вынік у тым, што  за час існавання РАСК не было ніводнага факта незаконнага затрымання грамадзян, незаконнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці,  вынясення судом  апраўдальных прыгавораў  па ўзбуджаных крымінальных справах.  А гэта яскравы паказчык забеспячэння законнасці і высокай  якасці папярэдняга следства.
Нашы супрацоўнікі выдатна разумеюць: за кожнай справай – лёс чалавека. Важна вызначыць  ісціну: вінаваты ці не вінаваты,  забяспечыць аб’ектыўнае, усебаковае, поўнае і аператыўнае расследаванне,  каб выпадкова не зламаць  чыёсьці  жыццё.
Дарэчы, у   Следчым камітэце 2016 год  абвешчаны годам кампенсацыі матэрыяльных страт, нанесеных у выніку ўчынення злачынстваў. Больш за 195 мільёнаў рублёў (недэнамінаваных) – такая   сума страт вернута  грамадзянам і арганізацыям ў працэсе расследавання. Накладзены арышт на маёмасць абвінавачаных больш чым на   1 мільярд 781  мільён рублёў (недэнамінаваных).
– Якія злачынствы найчасцей трапляюць у поле зроку Следчага камітэта?
– Па-ранейшаму лідзіруюць крадзяжы   маёмасці. За паўгоддзе зафіксавана 65 такіх фактаў. Прыняць элементарныя меры па захаванні матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцей павінны на прадпрыемствах, у гаспадарках, на аб’ектах гандлю і г.д. Землякам, каб не стаць ахвярамі, неабходна выконваць элементарныя правілы  бяспекі: не пускаць у дом незнаёмцаў, зачыняць фортачкі, дзверы, не пакідаць свае рэчы без нагляду. Наогул, абачлівасць і асцярожнасць могуць прадухіліць многія непрыемныя сітуацыі.
З   зарэгістраваных на тэрыторыі раёна з пачатку года злачынстваў 71 працэнт  –  менш цяжкія,  21 працэнт – якія не ўяўляюць грамадскай небяспекі.  Дзякуючы прафілактычнай рабоце праваахоўных органаў, у тым ліку і следства , за паўгоддзе не было дапушчана росту  цяжкіх злачынстваў – забойстваў. Раскрывальнасць злачынстваў у  раёне самая высокая ў вобласці. З пачатку года гэты паказчык склаў 86,3 працэнта пры сярэдне-абласным 72,5. Гэта, безумоўна,  агульная заслуга супрацоўнікаў РАУС і СК.
– Віталій Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, пра самыя рэзанансныя злачынствы і тыя, якія ўяўлялі  найбольшую складанасць пры расследаванні.
– Год назад  у Крывошыне вясковец памёр ад траўматычнага шоку.  А было ўсё так: ён прыйшоў да суседкі паглядзець тэлевізар, калі паміж той і сужыцелем  успыхнуў канфлікт. Госць уступіўся за жанчыну, за што раз’юшаны сужыцель забіў яго да смерці. Забойца і гэта жанчына  закруцілі  цела ў дыван і аднеслі  ў дом загінуўшага…
Разглядаліся розныя версіі смерці чалавека,  і толькі  дзякуючы   прафесійным дзеянням следчых устаноўлена вінаватая асоба і ўзбуджана крымінальная справа.
У тым ліку і ў раёнцы згадваўся крымінальны сюжэт з удзелам так званых  Боні і Клайда. Тады жыхары Ганцавічаў –  мужчына  і непаўналетняя – учынілі  разбойны напад  на прадаўшчыцу вясковага магазіна ў нашым раёне. Следчыя змаглі разблытаць і гэты складаны клубок.
З апошніх здарэнняў на слыху  справы пра  фальшывыя  купюры  і  пра  махлярства, калі  ляхавічанка пазычыла грошы  ў банкаў і землякоў больш як на  500 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Дарэчы, па ўзбуджанай у мінулым годзе крымінальнай справе следства працягваецца і сёння.
– Як   змяняюцца з цягам часу метады работы следчых?
– Час не стаіць на месцы. У Крымінальны кодэкс уносяцца новыя артыкулы, змяненні.  Распрацоўваюцца новыя методыкі расследавання  злачынстваў.  Сёння на ўзбраенні следчых –  сучасная крыміналістычная тэхніка.   Напрыклад, Брэсцкая крыміналістычная лабараторыя   дапамагала ўдакладніць карціну ДТЗ,  калі недалёка ад  Ганчароў фура збіла пешахода. Вадзіцель вялікагруза не прызнаваўся ва ўчыненні  здарэння. Маўляў, ехаў, убачыў жанчыну, якая ляжала на дарозе, і вырашыў спыніцца. Менавіта эксперты-прафесіяналы крыміналістычнай лабараторыі па варсінках, якія засталіся на машыне, слядах крыві, мікрачасцінках змаглі даказаць яго віну.
–  Спецыфіка работы следчага патрабуе не толькі прафесійнай  падрыхтоўкі, але і асаблівых якасцяў і ведаў.
– Работа следчага грунтуецца на  веданні  крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, крыміналістыкі, псіхалогіі людзей і ўменні   аналізаваць і рабіць высновы, супастаўляць, устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, слухаць людзей, успрымаць інфармацыю.
Сярод абавязковых якасцяў –  шчырае жаданне знайсці  ісціну.  А яшчэ –  сумленнасць, прыстойнасць, гуманнасць, настойлівасць і прынцыповасць.
Усе супрацоўнікі  РАСК – сапраўдныя прафесіяналы. Яны справядліва,  добрасумленна і дастойна выконваюць свой службовы абавязак. А сведчанне павагі да іх – прызнанне сёлета “Чалавекам года” нашага калегі, майго намесніка Аляксандра Траяноўскага.
Гутарыла Наталля  ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *