Гандаль — справа тонкая

Сёння гандлёвае абслугоўванне насельніцтва раёна ажыццяўляюць 187 гандлёвых аб’ектаў рознай формы ўласнасці і 24 прадпрыемствы грамадскага харчавання. 118 з іх размешчаны ў сельскай мясцовасці. Па звестках аддзела эканомікі райвыканкама, за першае паўгоддзе ў мясцовых магазінах мы купілі тавараў амаль на 58 мільярдаў рублёў, у тым ліку тавараабарот магазінаў райспажыўсаюза дасягнуў каля 21 мільярда.

Прыемна адзначыць той факт, што ўсё часцей нашы пакупнікі аддаюць перавагу таварам айчыннай вытворчасці: больш за 91 працэнт прададзеных харчовых тавараў і больш за 81 працэнт прамысловых былі выраблены на беларускіх прадпрыемствах.

За апошнія гады ў сферы гандлю зроблена нямала для таго, каб прыцягнуць увагу і, канешне, грошы патэнцыяльных кліентаў – ад мадэрнізацыі абсталявання магазінаў да грунтоўнага пашырэння асартыменту. 85 гандлёвых аб’ектаў працуюць па метаду самаабслугоўвання, у многіх магазінах сёння ўстаноўлены тэрміналы для разліку за пакупкі пластыкавымі карткамі. Усё гэта і многае іншае – для паляпшэння ўзроўню абслугоўвання, зручнасці пакупнікоў.

Фірменны магазін “Верас” СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” – адзін з самых папулярных гандлёвых аб’ектаў у ляхавічан і гасцей горада. Кожны дзень тут робяць пакупкі каля 1600 чалавек, яшчэ 300 набываюць ласункі ў фірменным кафэ. Пакупнікоў вабяць сюды не толькі сучасны інтэр’ер, але ў першую чаргу – багаты асартымент (на паліцах магазіна налічваецца больш за 4 тысячы найменняў самай разнастайнай прадукцыі) і культура абслугоўвання (гэтае патрабаванне – адно з асноўных у калектыве “Вераса”, які складаюць 18 прадаўцоў).  Як вынік – штодзённы тавараабарот фірменнага магазіна складае 30 мільёнаў рублёў, што па мерках невялікага райцэнтра вельмі прыстойна.

Дарэчы, сёлета наш “Верас” чарговы раз быў прызнаны пераможцам абласнога агляду-конкурсу на лепшы фірменны магазін сярод прадпрыемстваў канцэрна “Брэстмясамалпрам”. А такі вынік выпадковым не бывае, на яго ўсім трэба добра папрацаваць.

Святлана  БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *