Турызм на экспарт. І не толькі

Развіццё турызму на Ляхавіччыне, распрацоўка адпаведных маршрутаў і стварэнне належнай  інфраструктуры – тэма чарговай апаратнай нарады, якая ў  мінулы панядзелак  праходзіла  пад кіраўніцтвам  намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Вашчука.
Асаблівая ўвага – комплексам  “Грушаўка”, “Нача”, “Савейкі”. Вядуцца работы па афармленні комплексу былой сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы ва ўласнасць аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Па стане на 1 жніўня на тэрыторыі  раёна  зарэгістравана 10 аграсядзіб. І толькі 3 з іх (“Медуніца”, “Чыжы”, “Андрэеўка”) запатрабаваны ў жадаючых адпачыць.  Прадпрымальнікі з Баранавічаў купілі комплекс будынкаў вучэбнага палігона ў Конькаўскім сельсавеце і плануюць адкрыць тут  аграсядзібу.
Аказаннем турыстычных паслуг займаюцца і 3 дзяржаўныя арганізацыі, якія  знаходзяцца ў падпарадкаванні аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама: цэнтр турызму і краязнаўства, фізкультурна-спартыўны клуб, ДЮСШ. Распрацавана  14 маршрутаў  для індывідуальных турыстаў і для груп (дарэчы, для школьнікаў яны бясплатныя). Сёлета за першае паўгоддзе ЦТіК правёў па іх 49 экскурсій і 24 паходы для дзяцей і падлеткаў.  Ёсць і новыя напрамкі: экалагічны (пешаходны “Дарогамі вайны”), камбінаваны (“Рака Шчара і яе наваколле”), зялёны маршрут “Сцяжынка сінявокая” па тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва, спартыўна-аздараўленчы на веласіпедах (Рэха стагоддзяў).
А вось прапановы  ФАСК распаўсюджваюцца і на  дарослых: 820 жыхароў раёна пабывалі на  32 экскурсіях, арганізаваных клубам.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Уладзімір Погас адзначыў, што, на жаль, пакуль малапрывабныя для наведвання турыстычныя  аб’екты нашага раёна, патлумачыў гэта   слабым развіццём інфраструктуры.
Дзеля справядлівасці, трэба заўважыць, што запланаваны на 2016 год аб’ём экспарту турыстычных паслуг  (5 тысяч долараў) ужо выкананы больш як  на 85 працэнтаў.  Ляхавіцкі  ўваходзіць у пяцёрку  раёнаў Брэстчыны, якія прымаюць удзел у конкурсе мясцовых ініцыятыў пад   патранажам  ААН.
Аляксандр Вашчук падкрэсліў, што Ляхавіччына  ўнікальная сваёй багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, і зрабіць яе цікавай не толькі для айчынных, але і замежных турыстаў – справа гонару.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *