Выратавальнікі пераселі ў камбайны

Летнія месяцы заўсёды гарачыя для сельскіх жыхароў. Асноўная прычына нават не надвор’е, а ўборка зерневых. У жніве штогод прымалі ўдзел і работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сёлета за штурвал камбайна селі камандзір аддзялення ПАВП № 11 аграгарадка Ліпск Генадзій Чаранкевіч і начальнік ПАВП  № 13 аграгарадка Тальмінавічы Аляксандр Аскерка. У час водпуску замест пасіўнага адпачынку яны аддалі перавагу працы на палях. Іх агульны вынік – каля тысячы тон  зерня.
– Радуюся, што ў вялікай агульнай справе ёсць і мой  уклад, – заўважае Генадзій Чаранкевіч.
Калі дазваляла надвор’е, працавалі на працягу ўсяго  светлавога дня, сельскагаспадарчая тэхніка вярталася ў гараж зацемна.
– Дома паспяваў толькі пераначаваць, а зранку зноў у поле, таму што ў гэты час няма больш важнай задачы, чым своечасова і без страт убраць  хлеб, – дадае Аляксандр Аскерка.
Дарэчы, і тыя работнікі РАНС, якія  знаходзіліся на сваіх рабочых месцах, таксама аказвалі пасільную дапамогу працаўнікам вёскі, бо ўраджай трэба не толькі ўбраць, але і захаваць. У полі зроку выратавальнікаў – тэхнічны стан сельскагаспадарчай тэхнікі і яе ўкамплектаванасць першаснымі сродкамі пажаратушэння. Праводзіліся прафілактычныя размовы са спецыялістамі сельгасарганізацый, камбайнерамі, вадзіцелямі, трактарыстамі і работнікамі зернесушыльных комплексаў па патрабаваннях правілаў супрацьпажарнай бяспекі на жніве.
Марына КАСАКОВІЧ,
спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *