Каб і ў халады было цёпла

Лета гарачае, бурнае, рознае, аднак не бясконцае. Нядоўгі час – і некамфортнае пахаладанне пастукае ў шыбу. Камунальнікі рыхтуюцца сустрэць яго ў поўным узбраенні, спыніць на мяжы гэтай самай шыбы. Для чаго праходзіць прафілактыку ўся цеплавая гаспадарка, што неабходна – рамантуецца, адбываецца замена выпрацаваных цеплаэлементаў, механізмаў, агрэгатаў. Працягваецца акумуляцыя паліва. Пад увагай знаходзіцца кадравы “рэестр”: ісціна ж у тым, што міжсезонны і сезонны штат кацельшчыкаў – дзве вялікія розніцы.

Ход падрыхтоўкі кантралюецца з розных накірункаў. У складзе групы пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама Ірыны Грынялевіч нядаўна на сітуацыю на месцах паглядзеў і карэспандэнт “ЛВ”.

Звяртае на сябе ўвагу рацыянальнасць і гаспадарлівасць падыходаў камунальнікаў. Ці не на кожным з аб’ектаў (а пабываць атрымалася на дзясятку кацельняў у розных месцах раёна) – былы ва ўжытку матэрыял. Старыя (лічы –  бясплатныя) трубы, цэгла, шыфер, бярвенні-плашчакі. Усё гэта дабро знаходзіць другое выкарыстанне, часам дастаткова нетрывіяльнае. Як, напрыклад, трубы, з дапамогай якіх выгароджваюцца засекі для складзіравання торфабрыкету.

Канкрэтным прыкладам падобнай ініцыятывы з’яўляецца кацельня ў аграгарадку Падлессе. Тое ж і многае іншае можна сказаць пра былую ва ўжытку сілікатную цэглу. Цэгла ж керамічная нядрэнна і нямала яшчэ паслужыць у якасці матэрыялу для футроўкі катлоў. Пытанне надзённае – замены абліцоўкі патрабуе не адзін з цеплагенератараў. Стары шыфер – новы дах. У найбольшай ступені тут “пашчасціла” навесам для захоўвання дроў. Ранейшае гнуткае пакрыццё, па словах спецыялістаў, – матэрыял не доўгатэрміновы. Зусім не канкурэнт нават былому ва ўжытку шыферу. Часткова і поўнасцю работы па замене першага на другое выкананы на абсалютнай большасці цвёрдапаліўных кацельняў.

Адкуль трубы, цэгла, шыфер? З першым зразумела, крыніцай жа будматэрыялаў служаць старыя хаты і гаспадарчыя будынкі, законным зносам якіх займаецца ў тым ліку камунгас. Нават, сярод трухлявасці можна знайсці рацыянальнае зерне. Калі не цэгла і не шыфер – хоць бы бярвенне сцен у якасці дроў. Яшчэ адной недарагой крыніцай дроў з’яўляюцца спілаваныя дрэвы. Памятаеце амаль што рэліктавую алею абапал шашы з Русінавіч у Тальмінавічы? Старыя таполі распілаваны і ўжо знаходзяцца пад навесамі некаторых кацельняў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.

Але з дровамі і брыкетам не ўсё цудоўна. Па стане на 5 жніўня прадпрыемства нарыхтавала прыкладна 2500 кубічных метраў дроў. Гэта палавіна аб’ёмаў, што ў адпаведнасці з заданнем павін-ны быць падрыхтаваны да 1 кастрычніка. На шэрагу кацельняў – Куршынавічы, Малое Гарадзішча, Свяціца, Пранчакі – на момант маніторынгу паліва адсутнічала.

Раённы камунальны запас тарфяных брыкетаў яшчэ больш сціплы. У засеках знаходзіцца сотня тон гэтага віду паліва – усяго дзясятая частка ад планавага на  1 кастрычніка задання.

У ліку вострых і тэмы ізаляцыі трубаправодаў на кацельнях, і рамонт мяккіх дахаў іх будынкаў. Пытанні гэтыя маюць агульную –  фінансавую – аснову. Тэрміны і якасць іх вырашэння ў першую чаргу залежаць ад напоўненасці бюджэту прадпрыемства.

Акрамя клопатаў, звязаных з падрыхтоўкай непасрэдна цеплавой гаспадаркі, камунальнікі нямала зрабілі ў плане паляпшэння спажывецкіх і якасных характарыстык балансавага жыллёвага фонду. Рамонт дахаў, напрыклад, выкананы па 52 як гарадскіх, так і сельскіх адрасах. У колькасным выражэнні новы дах “пасцелены” амаль на 2000 квадратных метраў. І гэта толькі 70 працэнтаў запланаваных на бягучы год аб’ёмаў. А вось заданне па рамонце стыкаў сценавых панэляў дамоў перакрыта. Работы вяліся ў вёсках Дарава-Чыж і Свяціца, па вуліцы Будаўнікоў і завулку Южакова ў Ляхавічах. Але пытанне не закрыта: у планах камунальнікаў узяцца за стыкі яшчэ двух дамоў у райцэнтры.

Хоць і паступова, аднак планава ажыццяўляецца вывад з эксплуатацыі “худых” труб цеплавых сетак. Але сёлета ў гэтым напрамку камунгас прасунуўся не надта. З планавых 5000 метраў у аднатрубным вылічэнні пройдзена толькі 250 метраў.

Далёка не ўсе міжсезонныя карты КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” раскрыты ў гэтай публікацыі. Ёсць яшчэ пра што расказаць як пра спраўджанае і пра тое, што чакаць у блізкай перспектыве. Работы працягваюцца, будзе, як паабяцала начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама, працягнуты і маніторынг за іх ходам і якасцю выканання.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *