А свае слівы ешце самі…

“Паехала на нарыхтоўку” – такая аб’ява як мінімум з 19 жніўня па апоўдні 23 жніўня вісела на дзвярах райпоўскага прыёмна-нарыхтоўчага пункта. Непрыемны сюрпрыз чакаў усіх, хто збіраўся ў гэтыя дні здаць у райпо частку ўраджаю , вырашчанага на дачы-агародзе ці сабранага ў лесе. Зразумелыя роспач і абурэнне нешчасліўчыкаў з запоўненымі пад завязку каляскамі, вёдрамі і мяхамі, якія прыехалі сюды і… “пацалавалі” замок.

У мінулы панядзелак на пачатку адзінаццатай гадзіны карэспандэнт “ЛВ” каля прыступак прыёмна-нарыхтоўчага пункта сустрэў пажылога мужчыну з двума вёдрамі сліў. Сцяпан Пятровіч (так ён назваўся) жыве ў Ляхавічах, мае ўласны дом з вялікім садам. На выхадныя прыязджалі дзеці – абабралі слівы, сабе ўзялі на перапрацоўку, бацькам наварылі варэння-кампотаў. Некалькі вёдраў засталося. Суседка параіла здаць у райпо. Спачатку паехалі па ранейшым адрасе на рынак, аднак там нарыхтоўчага пункта не знайшлі. Падказалі новы адрас.

– Добра, што сын прывёз на машыне, з поўнымі вёдрамі не находзішся. Сюды прыехалі… І на табе – зачынена. Вось дачакаюся сына і завязу назад дамоў. Хай жонка што хоча, тое з гэтымі слівамі і робіць, – разгаварыўся Сцяпан Пятровіч.

На колькі дзён, па якой прычыне і чаму менавіта ў самы разгар нарыхтовак зачынены літаральна адзіны ў горадзе нарыхтоўчы пункт? Пункт па Савецкай спецыялізуецца на прыёмцы другаснай сыравіны, толькі летам-восенню сюды можна здаваць яшчэ і яблыкі. Нават калі прыёмшчыца і выязджае на нарыхтоўку, то тэкст аб’явы павінен быць канкрэтным, з указаннем тэрміну адсутнасці нарыхтоўшчыка і адрасоў, куды і калі здаваць тавар тым, хто прывёз яго ў такі “непрыёмны” час. А калі б у райспажыўтаварыстве паклапаціліся пра патэнцыяльных здатчыкаў, напэўна, арганізавалі б замену на час адсутнасці асноўнага работніка.

Аб’яўленая выхадным днём нядзеля таксама не лепшы варыянт. Менавіта субота і нядзеля – два выхадныя пасля рабочага тыдня – выдатная магчымасць раза-брацца з ураджаем і адразу здаць лішкі. Чамусьці такую элементарную акалічнасць не ўлічыла райпо, распрацоўваючы графік работы пункта.

Нельга не згадаць яшчэ адзін не вельмі прывабны момант. Прыступкі ў будынак пункта па Цітовіча відавочна недагледжаныя, параслі пустазеллем.

У адзін з дзён, калі прыёмна-нарыхтоўчы пункт па вуліцы Цітовіча быў адчынены, у ім стаяла па некалькі скрынь памідораў і сліў, мёд – даволі сціпла для прасторнага памяшкання. На той час слівы прымалі па 20 капеек за кілаграм, памідоры – па 30. Для параўнання, на ляхавіцкім рынку гаспадары прадавалі памідоры з прысядзібных ці дачных участкаў па 70 капеек, фермеры – ад 50 да 80.

Закупачная цана – велічыня не пастаянная: сёння адна, заўтра другая. А якая, вядома толькі самім нарыхтоўшчыкам ці ў райпо, паколькі ні на дзвярах пункта, ні ў самім памяшканні прэйскурант хранічна не вывешваецца.

Яшчэ тыдзень назад ляхавіцкія нарыхтоўшчыкі прымалі яблыкі (апад) па 3 капейкі за кілаграм. Аднак, здаваць землякі не спяшаліся, чакалі больш выгаднай прапановы. І яна паступіла, праўда, ад заезджых купцоў з іншых раёнаў, пераважна з суседніх Баранавіцкага, Клецкага.

За адзін з мінулых дзён у пункт па Цітовіча здалі 50 кілаграмаў часнаку, які адразу ж перададзены для далейшай перапрацоўкі і захоўвання ў рэстаран “Ластаўка”. А вось закупленыя ў насельніцтва слівы ў большасці сваёй прадаюцца ў вулічным гандлі, у тым ліку і на рыначнай плошчы. Там прадавалі і чарніцы. Нарыхтавалі 60 кілаграмаў буякоў.

У райпо ёсць свая лабараторыя. Спецыяліст па якасці абавязкова правярае кожную партыю садавіны-агародніны і дароў лесу на ўтрыманне шкодных рэчываў. Прыёмна-нарыхтоўчы пункт закупіў усяго 57 кілаграмаў грыбоў, у асноўным баравікоў, цяпер пайшлі лісічкі.

8 нарыхтоўшчыкаў райпо ездзяць па раёне і не толькі. 1,5 тоны клубніцаў закупілі ў Лунінецкім раёне, большасць з 377 нарыхтаваных тон агуркоў таксама прывазныя.

Начальнік аддзела нарыхтовак райпо Віктар Скіндзер удакладняе: па стане на 18 жніўня райпо закупіла 66 тон капусты, 60 – бульбы, 27 – яблыкаў, 20 – памідораў, 10 – чарніцаў, 2 тоны чорных і 200 кілаграмаў чырвоных парэчак, 1,7 тоны мёду, 400 кілаграмаў грыбоў. Частка гэтага застанецца для ўласных патрэб прадпрыемстваў райпо: замарожваецца, марынуецца і потым адпраўляецца для продажу ў магазіны, на перапрацоўку і прыгатаванне страў – на прадпрыемствы грамадскага харчавання, а таксама на захоўванне. А, напрыклад, чорныя парэчкі пайшлі на экспарт у Расію.

А куды вяскоўцы вязуць лішкі сабранага з прысядзібных участкаў ураджаю ці лясных дароў? Віктар Скіндзер патлумачыў, што па вёсках… развешаны аб’явы з нумарамі тэлефонаў райпо і нарыхтоўшчыкаў, любы жадаючы можа пазваніць і пакінуць заяўку на здачу ўласнай прадукцыі. Пытаннем ці можна здаць ягады-грыбы, карэспандэнт раёнкі пацікавіўся па тэлефоне ў магазінах харчовых тавараў вёскі Крывошын, аграгарадкоў Нача, Жарабковічы, Востраў. Адказ быў прыкладна аднолькавым: “Магазіны такую прадукцыю не прымаюць, званіце нарыхтоўшчыкам”. Патэлефанавала па названым нумары (2-13-42) і пачула кароткае: “Не прымаем”. Такі стан у населеных пунктах, дзе ёсць магазіны. А што рабіць жыхарам маланаселеных вёсак?

Калі рыхтаваўся матэрыял, карэспандэнт раёнкі ў час выязнога дня Саветаў пачуў ад жыхароў вёскі Жарабковічы скаргу: няма куды здаць яблыкі, якія сёлета надзвычай добра ўрадзілі. Былі нарыхтоўшчыкі з іншых раёнаў, а ляхавіцкія так ні разу і не заехалі…

Галіна КАНЬКО.

Выкарыстана фота з сайта http://kustroz.ru/derevya/vyrashhivanie-slivy.html

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *