Жыве ў гэтым доме Галіна. Сярод землякоў, чые партрэты сёлета занесены на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна, – намеснік дырэктара ДП «Нача» Галіна Рамейка

Шмат гадоў назад пазнаёмілася з Галінай Рамейка – на падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу насценгазет, які праводзіла рэдакцыя. Маладая, прыгожая дзяўчына прадстаўляла рэдкалегію племзавода “Нача”. Прыемна ўразіла сама Галіна: неардынарная, творчая асоба, якая вылучалася сваімі ідэямі і расказвала пра іх эмацыянальна і захапляюча.

І сёння яна па-ранейшаму – лідар, па-ранейшаму – там, дзе цяжэй, дзе праблемы, якія патрабуюць вырашэння. Толькі цяпер новыя маштабы дзейнасці. Галіна Рамейка – намеснік дырэктара ДП “Нача”, а калектыў гаспадаркі ў дзясяткі разоў большы за колішнюю камсамольскую арганізацыю. Ды і праблемы, што часта паўстаюць перад кіраўніком, “пасталелі”.

Зусім нядаўна бачыла Галіну Мікалаеўну на полі, дзе яна цікавілася якасцю жніва. Напрамкі, з фотаапаратам накіравалася да камбайна, але заўважыла камяні, што стваралі для агрэгатаў яўную небяспеку. Не раздумваючы, пачала выносіць іх на край поля.

Нераўнадушны яна чалавек.  Не можа глядзець спакойна на адмоўнае, асабліва на распаўсюджванне п’янства. Кожнага “аматара”трымае пад кантролем: не шкадуе ўласнага часу, ідзе ў сем’і, гутарыць, пераконвае. Некаторых сама асабіста дастаўляла на лячэнне. Але ж пасля прыемна, што захоўваюцца сем’і, людзі застаюцца ўдзячнымі.

Галіна Мікалаеўна ўпэўнена: ва ўсе часы нязменнымі павінны заставацца такія паняцці, як сумленне, адказнасць, гонар і годнасць. Яна пераканана, што яе землякі, шчырыя, працавітыя, дружалюбныя.

Такою яна была тады: і як вучылася ў Маладзечанскім політэхнічным тэхнікуме, пасля ва Усесаюзным інстытуце харчовай прамысловасці ў Маскве, і калі прыйшла працаваць мікрабіёлагам на першае працоўнае месца – на адно з прадпрыемстваў на Гомельшчыне. І пасля, калі лёс закінуў на Ляхавіччыну, і цяпер. У былым племзаводзе “Нача” адкрыўся цэх па вытворчасці, яблычнага воцату, на той час адзіны ў рэспубліцы. Але перш, чым адкрыўся, давялося Галіне як тэхнолагу, а пасля загадчыцы вытворчасці аб’ездзіць Прыбалтыку і Расію ў пошуках тэхналагічных умоў па выпуску гэтай прадукцыі.

Актыўнасці ёй не займаць. У школе была актывісткай, спартсменкай, пісала сачыненні ў вершаванай форме, але вельмі любіла хімію, што і вызначыла яе жыццёвы выбар.

Яна вельмі даражыць сваёй сям’ёй. Муж Іван, дарэчы, таксама з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, з уласным меркаваннем і светапоглядам. Галіна цалкам аддадзена сваёй рабоце ў ДП “Нача”, Іван – гаспадар уласнай справы, рэалізуе веды, вопыт і натхненне ў раслінаводчай галіне – фермер.

А вось дом – іх агульны клопат, і ён выдзяляецца ў Начы дагледжанасцю, патанае ў кветкавым моры. Тут добра адпачываецца, будуюцца новыя планы, з радасцю сустракаюцца сябры і самыя дарагія людзі – сям’я дачушкі, якая сёння жыве ў сталіцы.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *