З пажаданнямі дабра

Любіць кветкі і дакладна разлічваць усе артыкулы расходаў; атрымліваць асалоду ад добрай мелодыі, задушэўнай песні і рабіць вычарпальную справа-здачу аб выкананні раённага бюджэту; дзяліцца рэцэптамі фірменных страў і забяспечваць своечасова фінансаванне сацыяльнай сферы… Такое спалучэнне, здавалася б, супрацьлегласцяў – лірыкі і бухгалтэрыі – упаўне магчымае. Ва ўсякім разе менавіта яно ўласціва Ірыне Маляр.

Усё працоўнае жыццё Ірыны Георгіеўны звязана з райфінаддзелам, на працягу многіх гадоў яна ўзначальвала гэта раённае “міністэрства”. Як начальнік паказала сябе пунктуальнай, дакладнай і абавязковай, як чалавек – дружалюбнай і добразычлівай, як гаспадыня – гасціннай і хлебасольнай. А ўсё разам гэта можна абагульніць коратка: паважаная і аўтарытэтная. Да таго ж, у сямейным інтэр’еры яна любімая і любячая мама, дачка, жонка, бабуля, сястра, цётка.

Сёлетні жнівень у Ірыны Маляр юбілейны. Як заўсёды ў яе дзень нараджэння шыкоўна цвітуць гладыёлусы і ружы. Але незалежна ад пары года букеты ад сяброў у гэты дзень былі б у яе абавязкова. Прыгожая дата прывабнай жанчыны і вартыя яе віншаванні і пажаданні, да якіх шчыра далучаецца і “ЛВ”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *