Прыняць ці адмовіцца?

Пытанні атрымання  спадчыны актуальныя заўсёды, таму пералічым адказы  на тыя з іх, якія ўзнікаюць найбольш часта.

Як прыняць спадчыну

Закон прадугледжвае два спосабы прыняцця спадчыны: шляхам падачы пісьмовай заявы ў натарыяльную кантору аб прыняцці спадчыны па месцы яе адкрыцця або шляхам фактычнага ўступлення ва ўладанне спадчыннай маёмасцю. Часам адкрыцця спадчыны з’яўляецца дзень смерці спадчынадаўцы, месцам адкрыцця – апошняе месца жыхарства спадчынадаўцы. Калі яно невядома, спадчына адкрываецца па месцы размяшчэння нерухомай маёмасці або асноўнай яго часткі, а пры адсутнасці нерухомай маёмасці – па месцы знаходжання асноўнай часткі рухомай маёмасці.

Заява падаецца ў натарыяльную кантору ў абавязковым парадку на працягу 6-месячнага тэрміну з дня смерці спадчынадаўцы. Інакш будзе прызнана, што спадчыннік не прыняў спадчыну. Заява аб прыняцці спадчыны ці выдачы пасведчання аб праве на спадчыну падаецца ў выпадках, калі спадчыннік прымае спадчыну як па завяшчанні, так і па законе. Натарыус не мае права адмовіць у прыняцці заявы, якая прыйшла да яго па пошце. У гэтым выпадку заява аб прыняцці спадчыны складаецца ў любога натарыуса, які засведчвае подпіс заяўніка, і адпраўляецца па пошце. Прыняцце спадчыны ажыццяўляецца роднымі спадчынадаўцы ў парадку чарговасці, прадугледжанай артыкуламі 1057-1063 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Ці можна атрымаць  пасведчанне раней

Нягледзячы на тое, што Грамадзянскі кодэкс дазваляе выдаваць пасведчанне аб праве на спадчыну раней ўстаноўленага 6-месячнага тэрміну пры ўмове, што натарыусу дакладна вядома кола спадчыннікаў, на практыцы такая працэдура прымяняецца вельмі рэдка. Звязана гэта з тым, што натарыусу цяжка ўстанавіць, ці з’яўляюцца звесткі аб спадчынніках, якія ёсць у спадчыннай справе, вычарпальнымі.

Што азначае фактычнае  прыняцце спадчыны

Фактычнае прыняцце спадчыны азначае, што спадчыннік ажыццяўляў якія-небудзь дзеянні па кіраванні спадчыннай маёмасцю. Перш за ўсё, гэта сумеснае пражыванне са спадчынадаўцам на момант смерці апошняга. Акрамя таго, уступіць у фактычнае прыняцце спадчыны спадчыннік можа, калі ён, напрыклад, аплачваў расходы па ўтрыманні кватэры (напрыклад, квартплату) або рабіў бягучы рамонт ці апрацоўваў зямельны ўчастак і г.д. Аднак, усе гэтыя дзеянні павінны быць таксама зроблены на працягу 6-месячнага тэрміну з дня смерці спадчынадаўцы і пацверджаны дакументальна.

Абавязковыя спадчыннікі

Згодна арт. 1064 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь непаўналетнія або непрацаздольныя дзеці спадчынадаўцы, а таксама яго непрацаздольныя муж (жонка) і бацькі маюць права на абавязковую долю ў спадчыне незалежна ад зместу завяшчання. Іх доля складае не менш паловы долі, якая належала б кожнаму з іх пры атрыманні ў спадчыну па законе (абавязковая доля). Як правіла, гэтыя спадчыннікі, не ведаючы сваіх правоў, прапускаюць тэрмін для прыняцця спадчыны. І ім даводзіцца звяртацца ў суд. Каб пазбегнуць судовых спраў, на працягу 6-месячнага тэрміну спадчыннікі павінны абавязкова падаць заяву аб прыняцці спадчыны. Усе астатнія дакументы могуць быць сабраны і пазней, таму што тэрміну для выдачы пасведчання аб праве на спадчыну няма.

Як адмовіцца  ад спадчыны

Ад спадчыны можна і адмовіцца. Для гэтага неабходна на працягу 6-месячнага тэрміну напісаць і падаць заяву ў натарыяльную кантору. Але трэба памятаць, што калі спадчыннік на працягу 6-месячнага тэрміну пісьмова адмовіўся ад спадчыны, то забраць сваю заяву ён ужо не зможа. У гэтым выпадку яму давядзецца даказваць свае правы ў судзе. Акрамя таго, спадчыннікі пісьмова могуць адмовіцца ад сваёй долі на карысць іншых спадчыннікаў па законе і па завяшчанні. Можна адмовіцца ад сваёй долі безумоўна.

Адмовіцца ад спадчыны без указання іншай асобы можна ў наступных выпадках:

ад маёмасці, якая атрымліваецца ў спадчыну па завяшчанні, калі ўся маёмасць спадчынадаўцы завешчана назначаным ім спадчыннікам. Напрыклад, калі ўся маёмасць завешчана тром спадчыннікам, то адзін з іх можа адмовіцца, але толькі не на карысць другога спадчынніка. Тады спадчыннікамі ўсёй маёмасці застаюцца два спадчыннікі ў роўных долях;

ад абавязковай долі ў спадчыне, але толькі не на карысць другой асобы;

калі спадчынніку падназначаны спадчыннік. Магчыма складанне завяшчання, у якім спадчынадаўца завяшчае сваю маёмасць канкрэтнай асобе, а ў выпадку непрыняцця гэтай асобай спадчыны (з прычыны смерці, адмовы або непрыняцця спадчыны, адхілення ад атрымання спадчыны) маёмасць можа быць завешчана падназначанаму спадчынніку.

Калі ад спадчыны жадаюць адмовіцца непаўналетнія, недзеяздольныя і абмежавана дзеяздольныя грамадзяне, неабходна рашэнне органаў апекі і папячыцельства, таму што ў даным выпадку адмова цягне змяншэнне маёмасці падапечнага.

Калі няма спадчыннікаў па законе і па завяшчанні або ніхто са спадчыннікаў не мае права наследаваць ці ўсе адмовіліся ад спадчыны, спадчына прызнаецца вымарачнай і пераходзіць ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі па месцы знаходжання адпаведнай маёмасці, якая ўваходзіць у склад спадчыны.

Як раздзяліць спадчыну

Калі спадчына знаходзіцца ў агульнай уласнасці, паміж спадчыннікамі часам узнікае спрэчка, як правільна і справядліва раздзяліць маёмасць.

Па пагадненні паміж усімі спадчыннікамі маёмасць можа быць раздзелена, калі яна ўваходзіць у склад спадчыны і знаходзіцца ў долевай уласнасці спадчыннікаў. Такі раздзел магчымы як пры наследаванні па законе, так і пры наследаванні па завяшчанні.

Пагадненне з’яўляецца падставай для выдачы спадчыннікам пасведчання аб праве на спадчыну з указаннем у ёй канкрэтных рэчаў.

Аднак, пры наяўнасці завяшчання, у адпаведнасці з якім спадчынадаўца завяшчаў спадчыннікам канкрэтныя рэчы, пагадненне аб раздзеле спадчыны не можа быць заключана.

Пры наяўнасці сярод спадчыннікаў непаўналетніх, недзеяздольных або абмежавана дзеяздольных грамадзян раздзел спадчыны ажыццяўляецца з удзелам органаў апекі і папячыцельства. Таксама пры раздзеле спадчыны ўлічваецца пераважнае права спадчыннікаў на пэўныя аб’екты спадчыннай маёмасці (арт. 1082 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Даны парадак раздзела спадчыны магчымы толькі па пагадненні паміж спадчыннікамі, у супрацьлеглым выпадку раздзел ажыццяўляецца ў судовым парадку.

Іна ШАБАЦЬКО,

натарыус Брэсцкай  натарыяльнай акругі.

Выкарыстана фота з сайта http://jurist-gp.ru/?attachment_id=128

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *